Выбрать главу

I не дробязь тое, як я з ім у дзень юбілею правёў усю раніцу — над зборнікам выбраных перакладаў i адзінаццатай кнігай «Пана Тадэвуша»...

Аляксей Дудараў у сваім выступленні са шчырай пашанай гаварыў, а пазней, дагнаўшы нас з Гілевічам на вуліцы, дадаў, што гэтая пашана — да старэйшых, «старарэжымных», як яны ўмелі i ўмеюць сябраваць, быць паслядоўнымі ў гэтым, «чаго не скажаш пра маладых».

Лявон Баршчэўскі вёў наш вечар, папярэдзіў яго добрым словам. Потым выступіў належна i Алесь Разанаў. А больш маладых не было i ў зале. Зрэшты, як i на іншых вечарах, нават тых папярэдніц, пра каго было столькі нагаворана ў найвышэйшых танах — Геніюш, Арсенневай...

* * *

«Героя навачаркаскай трагедыі праводзілі ў апошні шлях.

Растоў-на-Доне развітва.ўся з Мацвеем Шапашнікавым — чалавекам, які цаною свайго лёсу 32 гады таму назад выратаваў тысячы людзей.

2-га ліпеня 1962 года, калі рабочыя Навачаркаскага электравозабудаўнічага завода выразілі масавы пратэст супраць рэзкага павышэння цэнаў на асноўныя прадукты харчавання, генерал-лейтэнант Мацвей Кузьміч Шапашнікаў адмовіўся выканаць загад страляць у народ.

Герой Савецкага Саюза Мацвей Шапашнікаў, які атрымаў Залатую Зорку за фарсіраванне Дняпра ў 43-м, быў звольнены з арміі ў першы ж пенсійны дзень i нізрынуты ў поўнае палітычнае забыццё. Яго выключылі з партыі, яму забаранілі з чым-небудзь выступаць. Аднак зламаць яго не змаглі».

Гэта — паведамленне «ИТАР — ТАСС», надрукаванае ў «Известиях» за 29 чэрвеня г. г.— 21 радок у тры калонкі на другой старонцы, дзе «События и комментарии».

Нешта ў пачатку ліпеня, у Крынічным [15], у пазычанай у суседа для прагляду кіпе газет я заўважыў гэтую заметку, як належыцца. А потым i раз, i два, i больш прыходзіла думка, што такое толькі «прыняць да ведама» — мала. Знайшоў гэта ў бібліятэчнай падшыўцы ў Доме літаратара, выпісаў, а дома пераклаў i вось...

I вось нічога не хочацца дадаваць.

* * *

Пасля пахавання шаноўнай, мілай i гераічнай Ларысы Іосіфаўны Гарэцкай у мяне была гутарка з выпадковай суседкай у аўтобусе. Пра смерць, пакуты перад ёю. «Калі Бог, як вы кажаце, ёсць, дык як жа гэта жорстка з яго боку — так абыходзіцца з людзьмі! Няхай ужо старэйшыя — яны паспелі награшыць, а завошта xc так сурова, бязлітасна, несправядліва з дзецьмі?..»

А жанчына тая, незнаемая, як пазней, на памінках даведаўся,— дачка «ворага народа», змалку пакутніца, цяпер веру ў Бога, адзінасуцяшальную, сумленна сумяшчае з навуковай працай.

* * *

Пімен прыемна здзівіў званком. Пагаварылі — от сабе, пра нашу беднасць, павіншаваліся з Новым годам. Слабы ён ужо зусім, i па гаворцы бачна...

А праз дзень пазваніў i Максім. Між іншым, пасмяяўся з «прэстыжных» Усходніх могілак, назваўшы тыя помнікі «прэзідыумам». «Справа натхняльнікі, злева апявальнікі. Не, я паеду дахаты!..» Гэта — пра родную Пількаўшчыну, дзе ён увосені быў, выступіўшы ў Мядзелі, потым наведаўшы родную хату, магілы бацькоў...

Калі ўжо i пра гэта думаць, дык мне ні загорскія, пры дзядах, бацьках, браце i пляменніках, ні маласельскія, пры Мішу,— не ўсміхаюцца. Аголенасць, запушчанасць, панылыя, няўтульныя... А што інакш? А можа, i не трэба пакуль што пра гэта? Валодзя Калеснік, калі мы з ім развітваліся, сказаў, што выглядаю я добра, што пажыву яшчэ доўга, а мне i няёмка было пры яго крайней зблажэласці ды нямогласці, i нібы зайздрасць у яго заўважалася, i нібы адчуванне ў мяне віны за тое, што застаюся, столькі ўжо блізкіх перажыўшы...

Сёння збяромся, камісія па ягонай творчай спадчыне, i будзем раіцца, з якім варыянтам звярнуцца да міністра культуры: збор твораў у чатырох тамах ці добры трохтомнік выбранага літаратуразнаўства і, дадаткова, кнігу аўтабіяграфічнай прозы. I ў адным, i ў другім варыянце ёсць свае плюсы i мінусы, i цяжка прадбачыць, які з ix, варыянтаў, лепшы.

Праглядаў яго кнігі, прыкідваў. Нямала зроблена i добра, а што i выдатна, i бачыцца цяпер гэта ўжо як быццам выразней. Так думалася, калі перачытваў «Будзённы дзень з Максімам Танкам», a ў снежаньскім «Полымі», чытаючы артыкул пра Алеся Каско,— першае слова Валодзева пасмяротнае! — яшчэ раз убачыў ягоную глыбіню, шырыню i вобразнасць.

...Позна ўвечары ўчора пазваніў з бальніцы Вітка, упершыню назваўшы мяне Ваня. Як Траяпольскі калісьці, пасля майго слова пра Шырму, адзін толькі раз замест Івана Антонавіча. Ён ужо дзесяць дзён пад кронельніцай, але не званіў «у твой цяжкі час», на ўвазе маючы Валодзю...

* * *

Чачня?..

Як нізка гэта, неразумна, подла!.. Каб жа хоць не ўблыталі i нас, беларусаў, у гэта крывавае беспрасвецце!..

вернуться

15

Пасёлак над Нёманам на Наваградчыне, дзе лецішча Я. Брыля.