Выбрать главу

* * *

Уздрыгваю i плачу. Ад прастаты i яснасці? Яшчэ ад нечага другога?..

Не ўпершыню такое ў мяне, чытаючы талстоўскія «Акулу» i «Саскок» — цяпер у добрым Скрыгановым перакладзе, які не перашкаджае мне яшчэ раз адчуць арыгінал.

* * *

Дайшоў аж да юнацкай радасці — пераклаў i, здаецца, удала цудоўны верш Буніна «И цветы, и шмели, и трава, и колосья...». Па тэлефоне прачытаў Сёмуху спачатку арыгінал, а потым пераклад, i Васіль сказаў: «Ну вось, а вы прыбядняліся!» Пра тое, што я хацеў, каб у «Залатой ружы» вершамі заняўся нехта іншы.

* * *

Учора, прыйшоўшы ca школы, Аитось пазваніў мне, каб пагаварыць на роднай мове, якой ён старанна заняўся. Калі я адказаў на яго пытанне, што цяпер раблю, ён сказаў, што («честно говоря») болей любіць чытаць рускае ў арыгінале. Ды ўжо i ўкраінскае таксама, пакуль што толькі «Кабзар». I тут філосаф на трынаццатым годзе здзівіў мяне здаровым разуменнем справы. Добра перакладаць на нашу мову i рускую класіку трэба для будучыні, калі нашы школы падрыхтуюць нацыянальна свядомага чытача. Так i я думаў днямі, гартаючы хораша выдадзены том расійскай дзіцячай літаратуры ў старанных больш i менш удалых перакладах.

* * *

Быў нарэшце ўчора ў Максіма, у бальніцы. Дрэнна ён выглядае i адчуваецца. Тым болей што дома Люба ў яшчэ горшым стане...

A ўсё ж, калі я з ціхага, светлага калідора, праз двое ашклёных дзвярэй, заглянуў у палату — убачыў, што ён, у спартыўным касцюме, сядзіць наўпоперак на пасцелі i нешта піша ў агульным сшытку. Потым, з яго намёкаў, зразумеў,— новыя вершы збірае для «Полымя». «Апошнюю падборку»,— сказаў амаль зусім спакойна, па-свойму зноў жа ў вераснёўскі нумар, як неаднойчы бывала.

Вітка, які быў у Танка на тры дні раней, гаварыў мне, як яны з Максімам «добра пагаварылі пра галоўнае», пра што ніколі не было ўсё часу пагаварыць. У нас з Максімам учора да гэтага не дайшло: такое не «арганізуеш» знарок, а да таго яшчэ вярнуўся з праходкі яго супалатнік.

А чым пацяшаць, апроч стандартнага «папраўляйцеся»?..

Пішу, a ў акно ідзе светлае, цёплае сонейка,— можна сказаць i так, i не здаецца гэта сентыментальнасцю,— i згадалася, як днямі сустрэўся ў Доме літаратара з Навумам Кіслікам i звярнуліся мы да падобнага аптымізму: кожны дзень — падарунак. Бо i ён, ужо неўзабаве сямідзесяцігадовы, у раннім юнацтве цяжка паранены, адзінокі, адчувае сябе, як гаворыцца, не найлепш.

* * *

...Як ішлі мы раннім-раненька берагам Шчары ў свае запаветна-рыбныя мясціны,— міма надрэчных дубоў у спрадвечным спакоі, міма слупочка чорнага бусла воддаль на росным лузе пад лесам, міма павалочыстага туманца, над рачною ціхасцю, дзе ў цёрпка-цёплай i непрыкметна-быстрай вадзе, як у беспамернай ванне, раскашаваліся ў кароткіх перапынках ад свае хітрае працы пашанотныя рабачаі-бабры.

З вамі ішлося ў тым шчасці — Валодзя i Федзя [16] — даўно ўжо, у сямідзесятым, i так неверагодна хораша.

* * *

На Алесевай магіле дзве экзальтаваныя панячкі, журналістка i скульптарка, пакінулі адкаркаваную бутэльку каньяку i чаркі.

На гадавінным вечары пра гэта абурана расказалі ўдовы абодвух братоў Адамовічаў.

I тады, i цяпер вось, пасля Валодзі i Федзі, успомніў i гэта, i магілу Ясеніна, недапітую бутэльку «чарніла» каля помніка i хамскае на пісульцы: «Сережа, тебе!..»

* * *

На сустрэчы з «першацветаўцамі», студэнтамі i вучнямі старэйшых класаў, раіў ім вывучаць замежныя мовы, каб пасля самім несці роднае слова іншым народам.

Бо чакаць, што нашу мову будуць вывучаць, каб знаёміцца з нашай літаратурай, цяжка...

* * *

Назе спатрэбілася гарызанталь з пад'ёмам, бо ўжо i цяжка было хадзіць, i абувацца, дый балела. I вось я, па настаянні жонкі i ўласнага одуму, залёг на тахце, як калісьці выратавальна бывала, нагу прыладзіўшы вышэй. Вось запішу гэта за сталом, як i папярэдняе, урыўкамі, i зноў лягу. Бо i лежачы, можна чытаць i запісваць у блакноце.

Словам, не пусціўшы пагалоску, што «нядуж» (гэта Купалава любіў з усмешкаю закаханасці цытаваць Валя Таўлай), а з прыемнасцю ўвайшоўшы, так скажу, у творчыя дні хваробы.

* * *

Пасля таго як першага прэзідэнта СССР, што ўзняўся быў над усёй імперыяй, я ўпершыню i наогул адзін раз не з тэлеэкрана пабачыў у нашай Акадэміі навук незадоўга да таго, як ён сышоў ca сцэны, учора на сустрэчу з другім прэзідэнтам, які ўжо над імперыяй паменшанай, ішоў ледзь не з усмешкай: ці не першае i апошняе спатканне зноў?..

вернуться

16

Уладзімір Калеснік i Фёдар Янкоўскі.