Чаго варты сказ у святочна-важным запрашальным білеце: «Просьба не мець пры сабе сумак, пакункаў i іншых рэчаў». Пакуль дайшоў да акадэміі з тралейбуснага прыпынку... тройчы папрасілі паказаць гэты білет у спалучэнні з пашпартам, а потым яшчэ раз пры ўваходзе ў вестыбюль, i пяты раз — У залу...
Сябру, які дагнаў мяне потым, пасля гістарычнай сустрэчы, на вуліцы i спытаўся: «Ну, як?», я адказаў: «Шоу прымітыўнае i трывожнае...»
* * *
Днямі — жудасная тэлекарціна «Его зарыли в шар земной»: пошукі салдацкіх чарапоў у балоцістай «даліне смерці» на Наўгародчыне.
Стары ўжо, заплаканы сын, бацька якога загінуў недзе тут, калі сам ён быў дзіцем. Страшнае недзе!..
Успомнілася, як у семдзесят трэцім годзе на Вэстэрплятэ, дзе пачалася наша марская дарога па Скандынавіі (савецка-польска-нямецкі рэйс міру), Сярожа Круцілін... ну, не скажаш «здзіўляўся», лепш — недаўмяваў, колькі гістарычна-патрыятычна-музейнага шыку на месцы няпоўных сямі дзён супраціўлення, з пятнаццаццю ахвярамі. I расказаў мне пра тую «даліну смерці», дзе на балоце спынілі меліярацыйныя работы з-за жахлівага мноства чалавечых касцей. З балота наступалі на немцаў, якія заселі ў надзейнай абароне на вышынях...
* * *
Бібліятэкарачка, якой туга жывецца, як маці-адзіночцы, неяк вельмі ж па-сучаснаму, па-выжывальнаму страшна сваёю тупасцю ці «практычнасцю» з бяды i ледзь не з адчаю, расказвала, што муж яе сяброўкі вярнуўся з Каўказа i расказваў пра нашу снайперку ў Чачні, што яна там... «вельмі добра зарабляе»...
Тут пераходжу думкай да такіх страшных... таксама ж людзей, розных грачовых, ельцыных i ім падобных, «явно и тайно образующе», якія таксама «добра зарабляюць»...
* * *
Сабралася ў мяне з падарункаў ажно чатыры польскія таміны пра нашы гдыньскія дні i ночы ў верасні трыццаць дзевягага года. Гартаючы адзін з тых тамоў, найпазнейшы па часу выдання, яшчэ раз спыніўся на тым, што там, на ўзбярэжжы, за дзевятнаццаць дзён яго абароны з пятнаццаці тысяч абаронцаў, улічваючы i апалчэнне, загінула больш як трэцяя частка. Як мне пашчасціла выжыць!.. Вось пішу, i ўспомніўся наш вясковы дэтэктарны прыёмнічак, з якога Коля, як ён мне потым расказваў, чуў i ўсім у хаце перадаваў, што «Westerplatte wciąż się bohatersko broni» [17]. I яны гэта звязвалі ca мною. А пра Мішу хоць бы такога нечага не было.
Ці не зацерлася ў эпілогу да «Птушак i гнёздаў» тое, як наша маці выходзіла, цяжка кульгаючы, на гасцінец i выстойвала там, i пыталася — то ў польскіх салдатаў, палонных, якіх гналі на ўсход, то ў савецкіх, якія ішлі на захад:
— Хлопчыкі, ці не бачылі, ці не чулі вы пра маіх?..
* * *
Захацелася чамусьці перачытаць Сянкевічаў «Potop», які сяк-так памятаю ca школьных гадоў.
Што ж, займальна, але не глыбока, абмежавана ў шляхецкім ды каталіцкім патрыятызме.
Кміціц нагадаў Дырлевангера, асабліва там, дзе ён, уварваўшыся ў нейтральную Прусію, распраўляецца з мірным насельніцтвам — з імем боскае матKi i караля на вуснах.
* * *
З прыемнасцю пазнаёміўгя з Каратынскім у нашым акуратным (Федзева!) выданні, усё ж шкадуючы, што знаёмлюся не ў арыгінале. Ажно запісаць такое хочацца:
У карчме,— відаць жа, у нас, на Наваградчыне,— прыгожая маладая жыдовачка раскатвала на стале цеста на локшыну, а ён, барадач, любаваўся i ёю, i яе спраўнай работай, i падумаў тады пра свой намер пісаць пра родныя мясціны. Цытую:
«Калі я пачаў разважаць, што цеста пад качалкаю ўсё распаўзаецца, займаючы ўсё большую ды большую плошчу стала, але затое становіцца танчэйшае i яго маса не павялічваецца, мне здалося, што тое ж самае адбываецца i з многімі ідэямі, раскатанымі на некалькі кніг».
I вырашыў ён напісаць сваё не ў пяці кнігах, а карацей.
Можна дадаць: а мы, некаторыя з нас, усё-такі раскатваем сваё цеста, i намі не палюбуешся, як тою карчмароваю дачкой.
* * *
«Блажен муж да не йдет на совет нечестивых». Здаецца, так у Давіда. А муж учора пайшоў, запрошаны тэлефонным званком, на сход ветэранаў пры нашым домакіраўніцтве. Сумная публіка, ды не выглядам płci obojga [18], a запыленымі гарладзёрамі ў старым, яшчэ не зусім саржавелым бальшавіцкім узбраенні, якія з «вертыкальным» нахабствам агітуюць за прэзідэнта i яго рэферэндум... Толькі потым, дома, калі пазваніў А. Р., стала вядома, у якім «прэстыжным» кодле ветэранаў арміі ды партыі нам пашанцавала апынуцца: больш пяцісот пры адным домакіраўніцтве!
Ёсць ад чаго сапсавацца настрою, i ён у мяне быў паганы пасля вяртання...
* * *
Учора быў званок, зноў жа з нейкай «вертыкалі» — запрашэнне на чарговы «бамонд», які прэзідэнт наладжвае «цвету ветэранаў» Вялікай Айчыннай вайны, куды запрошаны i я. Адмовіўся з ходу i проста — тым, што мяне ўжо запрасілі на ўручэнне юбілейнага медаля ў іншым месцы. Сказаў нават, што «зашмат будзе медалёў». А на «бамондзе» тым, як падкрэсліваў у канцы запрашальнік, медалі будзе ўручаць Сам.