Выбрать главу

А дахаты ледзьве ішоў.

* * *

«Strou und Holz» [24]. Так гаварылі нам, палонным, з пагардай пра нашы вёскі старэйшыя баўэры, якім у першую сусветную вайну давялося пабываць у Беларусь

Саламяныя стрэхі, сухенькія зрубы вельмі «дружна» гарэлі ў другую сусветную — разам з людзьмі.

Сухое гарохавінне i мноства сухіх галінак, якім быў абтыканы наш гарох, палыхнула так моцна, высока i ў шырыню, што полымя папаўзло па высахлай, даўно без дажджу, траве, а нас, унукаў i дзеда, адагнала ў бакі ад любага відовішча.

I тут я зноў адчуў злавесную сілу таго, ваеннага, генадыднага полымя,— «Strou und Holz»,— i сказаў гэта ўнукам. Im трынаццаць, пятнаццаць, дваццаць пяты,— такія таксама душыліся ў дыме i полымі...

* * *

Засеў у памяці радок Бранеўскага:

Gryzą ziemię moi najmilsi... [25]

Хоць i салдацкае гэта, пра сяброў-аднапалчан, а ўсё ж не толькі суровае, але i больш чым з натурализмам...

* * *

«У беларусаў баяцца залятання птушкі ў дом: гэта ўспрымаецца як прылёт душы продка па яшчэ адну душу. Найбольш з іншасветам у народнай свядомасці была спалучана зязюля».

Зязюля да мяне яшчэ не залятала. А вось пішу i адчуваю ў правай жмені спалохана-трапяткую маленькую душу маладое ластаўкі, відаць, з таго гнязда, што ў вільчыку шчыта над маім акном. Тыдні са два таму назад яна, свавольніца, памылкова ўляцела ў мае акно на гарышчы i пачала адчайна шалпатацца ў верхнюю, папярэчную шыбіну, пакуль не выпырхнула радасна з маёй рукі на сонечную волю.

А Таня Шамякіна, якую працытаваў, разумніца, хораша чытаюцца ў «Родным слове» яе міфалагічныя даследаванні.

* * *

Ганьбіць пацыфізм, пацыфістаў — гэта ў нас яшчэ савецкае, рэцыдыў таго часу, калі ўсё, што не з чатырох барадата-вусатых галоў, асабліва не з апошняй у гэтай профільнай квадрызе, тое варожае, яго трэба бэсціць.

А ён, Алесь Адамовіч, як быццам часамі апраўдваўся, выкручваўся ад гэтага высакароднага звання. Хоць i змагаўся за мір («не забі чалавецтва!»), хоць i мяне папікаў, што ў другім варыянце «Птушак i гнёздаў» я дарма, на шкоду кнізе залішне абтрэсваўся ад свайго юнацкага пацыфізму.

* * *

«Першае саборнае пасланне святога апостала Петры».

Пачынаю чытаць, i вяртаецца мае даўняе недаўменне: як гэта ен мечам адсек вуха нявольніку,— толькі вуха, не зрабіўшы з маху большай шкоды, не крануўшы пляча, ключыцы? Трэба ўмець!

У Мацвея, Марка, Лукі з мечам быў «адзін з тых», што суправаджалі Хрыста, i толькі Ян піша, што гэта быў Петра. Ахова? I хадзіў з мечам, i на тайнай вячэры з мечам сядзеў,— дзіўна гэта, як быццам упершыню пра яго падумаўшы...

I чаму нават у Сёмухі — Лука, а не Лукаш? А Ян што — католік? А Лука — праваслаўны?

* * *

Пра сл i вы, пасаджаныя дванаццаць год таму назад, што ўсё яшчэ, красуні ўпасвеныя, не родзяць, i мы пагаворваем, ці не ссекчы ix, сёння, абтросшы з ix некалькі спелых слівак, механічна сказаў: «А можа, разбўркаюцца i будуць радзіць?»

Так пра малых гавораць, якіх трэба пабудзіць: «Нічога, разбуркаецца i ўстане».

Яшчэ адно слова з маўклівай вясковай памяці.

* * *

Зноў падумалася пра Евангелле ў маёй брызентавай торбе ад «хобатнага» супрацьгаза. Кніжка малафарматная; густа надрукаваная на тонкай, моцнай паперы, i ўсё ў ёй, кожны абзац ды абзацык, так шчодра, акуратна пранумаравана, што мне заўсёды не падабалася, ад чаго хацелася абтрэсціся, каб у цыфіры не хавалася, не прападала тая мудрая паэзія, што ў пэўнай меры была мне знаёмая, што непасрэдна, а што ў падачы Талстога i іншых вялікіх у сусветнай літаратуры. Кнігу гэтую, зручную ў паходным жыцці, падаравалі мне сябры з загорскіх пяцідзесятнікаў. Амерыканскае выданне.

Евангеллем маці блаславіла мяне ў войска, што аказалася блаславеннем i на вайну, i ў палон, i на ўцёкі з яго. Не прыпомню, як ні стараўся падступіцца да гэтага, як i колькі я чытаў яго... Раптам успомнілася, пішучы гэта, як адзін з найбліжэйшых — Валодзя Васілеўскі на арбайтскамандзе ў вёсцы Альтэнведаль захварэў, i я даваў яму сваю кнігу, каб лягчэй было аднаму за кратамі, на саломе. A ўцякаючы ў сорак першым годзе, пакінуў яе другому з найбліжэйшых, паэту Юліку Сяргіевічу.

Не памятаю, ці я, пасля нашай з Юлікам сустрэчы ў ягоных Ленкавічах, ажно ў шэсцьдзесят пятым годзе, спытаўся пра далейшы лес майго блаславёнага амулета. Ці вынес Юлік яго з Нямеччыны, ці быў ён з ім у новай няволі, у савецкім Казахстане?..

вернуться

24

Салома i драўніна (ням.).

вернуться

25

Грызуць зямлю мае наймілейшыя...