* * *
Ад культурна-прыгожай прозы Галсуорсі — думкі пра дзве такія вялікія i ўпэўненыя ў сваёй несмяротнасці мовы, як англійская i руская, на якой чытаю.
Адзін з маіх сяброў шкадаваў, што не пайшоў у польскую літаратуру, другі пайшоў у рускую. Аднак раздвоенасць у ix засталася — паміж родным i чужым, да свайго ўсё-такі цягнула. A ў мяне падобная раздвоенасць аказвалася час ад часу ў тым, што вельмі зайздроспа бывала да багацця i поўнай бяспекі літаратур мацнейшых, да польскай у меншай меры, больш да рускай, дзе мае куміры, у цэнтры якіх i найвышэй Леў Мікалаевіч.
Думкі, пачуцці такія — не толькі ў нас, беларусаў, але i ў іншых прамежкавых народаў i іхніх літаратараў, па сваёй i не па сваёй віне абдзеленых лесам.
* * *
Мухі дарма намагаюцца вылецець з пакоя на двор, дзе сонечна, лепяцца да непераможнай празрыстасці. A маленькія шэра-зялёныя птушкі з бэзавых кустоў дарма намагаюцца хапаць тых мухаў, толькі дзёўбаюць ды дзёўбаюць у гэтае цвёрда ды гладка празрыстае, у што цюкаюцца іхнія дзюбкі, адкідаючы галоўкі ад такой жа блізкай спажывы.
Прыдумаў жа нехта гэтую таямнічую празрыстасць, для ix безназоўную — шкло.
А я, такі вялізны ды гомасапісты, так i не ведаю, што гэта за птушкі, i няма тут у каго пра ix спытаць [26].
* * *
Пяць гадзін сну ў ніжнім пакоі з прыадчыненым акном, за якім, на ўсім нашым ператомленым спёкамі свеце — свежасць, патоля, дзякуючы двум за двое сутак абложным дажджам. Пасля ўмывання пад ліпай — паход па малако, Дарога без апрыклага гарачага пылу, з лужынамі, з цвёрдай шырокай каляінай, па якой легка ідзецца. I не надыхацца свежасцю, не нацешыцца ўдзячнай за нябесную ваду зелянінай, што так цярпліва i доўга чакала гэтай вады... Потым снеданне з чорствым хлебам, маладою бульбай, сонечнымі памідорамі, не зусім астылым сырадоем. Ну, а тады — трэба ж i працаваць, каб адчуваць сябе нармальна.
Пакуль што ўсё яшчэ не пішацца, што, можа, i нармальна настолькі, каб не панікаваць. Чытаць — спачатку здаецца — зусім ужо няма чаго. Бяруся зноў за «Избранные произведения прогрессивных польских мыслителей».
Пасля «Точинского манифеста» — Сташыц. Пры ім чамусьці амаль заўсёды ўспамінаецца другое вялікае імя — Лелёвель, які тут пойдзе далей. Калі да другога імя я пасля школы вяртаўся неаднойчы, то з Міцкевічам, то з Герцэнам, то з іншымі, дык першае — высакародна мудры, сіва-прыгорблены Станіслаў Сташыц — помніцца з урокаў гісторыі, цьмяна помніцца, бо, відаць, нецікава было нам тое тады i ў памяці захавалася толькі імем вялікага паляка.
Дык вось чытаю. Цікава, карысна. А стома ўсё роўна падкрадаецца спакваля. Праўда, чытаю ўжо блізу чатыры гадзіны. I, можа, не дзіўна, што хочацца i пазяхнуць, i прылегчы, i пасядзець, адклаўшы кнігу з акулярамі на ёй, з надоўга заплюшчанымі вачыма. 1м дастаецца, даўгавата ўжо я папярэджаны пра катаракту ў перспектыве, я забываюся пра гэта, i кропель фінскіх даўно ўжо няма.
Аднак жа цяжка ўявіць, як гэта мне не чытаць.
Хоць яшчэ цяжэй, страшней, прыблізней уяўляецца i такое заканчэнне працоўнага жыцця, у якім пакутуюць, кожны па-свойму, i старэйшы — Мікола Ермаловіч, i маладзейшы — Віктар Карамазаў, слаўныя хлопцы, якім пры сустрэчы можна толькі бездапаможна паспачуваць...
* * *
Ніяк не адвыкну спяшацца жыць, хоць ужо дарэчы як мага больш прытарможвацца, разумна карыстаючыся мудрасцю — даражыць кожным днём. Ну, адбуду кангрэс ПЭН-цэнтра, вярнуся яшчэ на месяц сюды, потым — у Мінск, i што — ужо не трэба, не варта будзе спяшацца?.. Разоў колькі ацверажаў самога сябе: ну, тут табе сумна ці нудна, a калі б ты быў цяпер у горадзе, дык што? Ад самога сябе не ўцячэш, i там будзе агідная злоба дзён, бездапаможная паныласць, самаедства. I будзеш, чаго добрага, як i бывала раней, успамінаць i гэты стол у вялікім спакоі, над якім было шчасце працы, глыбейшага роздуму, удзячнага захаплення жыццём...
* * *
Едучы з Мінска, узяў толькі дзве кнігі — тамы апавяданняў Бядулі i Галсуорсі, не больш, каб не было куды хавацца ад работы.
...Набядуліўся да пачатку пятай гадзіны. Пасля «Абразкоў» — апавяданні пайшлі цікавей. Казалі ці нават пісалі недзе, што ён быў пад уплывам Стэфаніка. Я к быццам яму, па-свойму таленавітаму, не хапала горкіх сюжэтаў у нашым жыцці. Добрая мова, нямала ёмкіх, новых для мяне слоў, пачутых ім у родным наваколлі, i сакавіта-вобразных сказаў: «Вароны пачалі крычаць i крыліцца над зялёнай елкай», «тпрукнуў на каня i затуманіў люльку», «па пяцьдзесят капеек за аблізаны пудзік сена», «разнарослыя дзеці», «пыпкаць люльку», «казеліць вочы»... Нямала адчуваецца i роднага яму яўрэйскага, асабліва ў вершах у прозе, імпрэсіях, абразках, хутчэй узятага з кніг, чым пачутага.
26
Па Энцыклапедыі прыроды Беларусі ўдакладніў, што гэта малінаўкі, або — яшчэ прыгажэй — заранкі.