Шчырая прыхільнасць да абяздоленых. I столькі надрыву, безвыходнасці!..
...Дзіўная ўсё-такі гэта з'ява — Змітрок Бядуля ў нашай літаратуры. Ажно ў яго Пасадзец захацелася, каб па нейкіх там рэштках мінулага яшчэ раз адчуць дзіўнасць такое з'явы. Ну, i ў той домік, што звязаны з яго сяброўствам з Багдановічам, даўно ўжо трэба было б заглянуць.
Успомніліся над кнігай Танк i Васілёк, Максімаў смех у рэдакцыі «Полымя», пасля сустрэчы дома з Міхасём, які ў яго i начаваў:
— Як расплачацца пра сваю долю — уся «Наша ніва» перад табою!.. Не дзіва, што i ў нашага першага Максіма тады з'явілася:
...На польскай баначцы з pastą do obuwia [27] намалявана была прыгожая цыганачка ў чырвонай блузцы. Гэта мне абудзіў у памяці бядулеўскі Сцяпанка з «Велікодных яек», якому дзядзька салдат падараваў «бляшаную пушачку ад ваксы да ботаў» з дзівосным, як здавалася хлопчыку, малюнкам. Польскае puszka, баначка, у Пасадцы на пачатку севера-западнага стагоддзя. A такія ж скарбы i мяне хвалявалі ў вясковым маленстве.
Столькі часу не ведаць пра такое апавяданне!..
...«Умарыўся», «Чараўнік», «Летапісцы» — таксама сапраўднае. Нездарма ж, відаць, мяне пацягнула да яго «малое прозы» ад недаравальнага верхаглядства.
...Вячэрняе, пры светлай лямпе.
Ужо калісьці, здаецца, запісваў гэта, пачутае ад Таўлая. Як ён, захоплены чытач роднай літаратуры, васемнаццацігадовы паэт-рэвалюцыянер, якога з Заходняй у Мінск «зялёным шляхам» прыслалі падвучыцца, увосені трыццаць другога года, пад вечар сустрэў на свіслацкім мосце Бядулю, з якім быў яшчэ не знаёмы,— проста пазнаў па кніжных ды часопісных партрэтах.
— Згорбіўся ён, браток,— расказваў мне з усмешкай, нават з пахіхіканнем,— паўмеха бульбы за плячыма, a ніжняя губа ад-вісла!..
Чаго добрага, i мы яшчэ так пойдзем,— дапісваю пасля паўзы-чытання.
...Апавяданне «Юлька».
Успомніўся «Пальчык» Крапівы. Як ён нібы збянтэжыўся, галоўны рэдактар перад літработнікам, калі я хваліў яму гэтае апавяданне, сам-насам у рэдакцыйным пакоі, зімой сорак чацвёртага — сорак пятага.
I ў Бядулі хораша пра маленства. Ажно самога мяне пацягнула «на пястоту», малых дзяцей, а потым унукаў успамінаючы.
Зірнуў у каментарый: «1917 г. Пасадзец». Ах, ах, чым займаўся ў такі час! — так усміхнемся. А надрукавана таксама ў нелягчэйшы час, у двадцатым. А мне прачытаць давялося праз семдзесят пяць гадоў.
Шчасліва думаю, што i ў мяне ёсць пра дзяцей такое, ад чаго цяплей на душы самому.
...Як бондар ладзіць свой струмант перад вельмі важным заказам: «Трэба ведаць, як трымаць брусок, колькі разоў i як плюнуць на яго». Творчая кульмінацыя. Бядулева.
Наогул, апавяданне «Бондар» — цуд!
...Заір Азгур, які казаў нам з Танкам (у маскоўскай гасцініцы), што Кузьма Чорны ганарыўся сваім вучнёўствам у Бядулі, крыху, вядома, патрыятычна перабраў, аднак вось думаецца, пасля «Бондара» чытаючы «Дванаццацігоднікаў», што такіх i падобных твораў Чорны не мог ні цаніць, ні браць разумна ў навуку сабе.
...Бядуля мой увайшоў у савецкую рэчаіснасць, i адразу заўважаецца спад у мастацкасці апавяданняў. Што значыць не з душы, не па ўласнаму жаданню, а тое, «што трэба». Ды яшчэ калі страх падганяе...
Успамінаў самога сябе, як я наладжваўся, пачаўшы з лесу, на савецкага пісьменніка, як гэта цяжка было, колькі напісанага асудзіў пасля на адсеў. Добра, што прыйшло яно, тое пасля!
* * *
Учора па радыё выпадкова паслухаў пра Жэню Янішчыц.
I ўспомнілася i такая яшчэ харошая повязь добрага з добрым. Яна — вучаніца Калеснікавага студэнта з дзіўнаватым прозвішчам Цудзіла. Неаднойчы мне Жэня згадвала яго ўдзячным словам. А Валодзя пазнаёміў мяне з тым настаўнікам у Целяханах («Шчодрая Ясельда»).
Са светлым сумам, пад гукі яе вершаў у добрым чытанні Машы Захарэвіч — «нашай любіміцы», як гаварыў я, даючы ёй слова на адным з літаратурных вечароў — успамінаў i адну нашу доўгую гутарку з Жэняй у парку імя Купалы, i нашу паездку ўдваіх у Кіеў у восемдзесят чацвёртым, на гобілей Шаўчэнкі, i прастадушную скрынку яблыкаў, якую гэтае «Палесся мілае дзіця» прыслала мне калісьці са свайго роднага кута.
Здаецца, мы туды з Валодзем не дайшлі ў сваім шэсцьдзесят першым?
* * *
Штосьці рыхтуецца цёмнымі сіламі ў Мінску i ў Маскве, штосьці пляцецца, навісае над лёсам беднай Беларусі... «Северо-Западный край»?..