Выбрать главу

Як пастскрыптум — з майго пісьма яму ад 28 студзеня 1986 года:

«...Што да нашай з Табой «старэчай» забыўлівасці i памятлівасці — не думаю, што яны «злосныя» ці «зласлівыя». I мяне ў сім-тым памяць падводзіць, i трэба правярацца. Да пэўных промахаў Тваёй памяці я не магу быць абыякавым: нашы сяброўскія адносіны ў літаратурным свеце (дый шырэй) вядомы многім, i тое, што Ты пра мяне скажаш,— будзе лічыцца самым дакладным.

Так што, дружа, не злуйся i не «казнись».

Ну, а далейшы лёс манаграфіі быў нялёгкі. Аўтару ўсё-такі прыйшлося скарачацца да абавязковага серыйнага памеру, а гэта прывяло да балючых страт...

Мне асабіста з таго, што не ўвайшло ў кнігу, было найбольш шкада Валодзевых разваг пра маё любімае — мініяцюры. Праўда, гэта ён выкарыстаў пазней у грунтоўным артыкуле, змешчаным у яго апошняй прыжыццёвай кнізе «Усё чалавечае».

Усё пра мяне ды пра мяне... А ён жа пісаў мне i пра іншых.

«...З прыемнасцю прачытаў Тваё слова пра Адамовіча, кранае яно гуманістычнай азоранасцю, пераканальна-шчымлівым выяўленнем каштоўнасці жыцця i балючай дыялектыкі, што існуе паміж дружбай, найбольшай блізкасцю i адзінотай, непазбежнасцю адзіноты. Да гэтага далучаецца высокае адчуванне маштабнасці справы, якой мы служым. Апошняе адчуванне дазволіла Табе ўзняцца над юбілейным этыкетам (цяпер розныя віды таварыскіх i службовых этыкетаў знаходзяць масу служак) i гаварыць пра юбіляра, як пра слугу справы i праціўніка ўсякіх этыкетаў, свядомага i прынцыповага працаўніка. Гэта ў Сашы ёсць, i гэта бадай што галоўнае сярод многіх рыс яго характару. Трапна i не назойліва прачытаў Ты раман яго цераз жывы светлы вобраз (прататып) Ганны Мітрафанаўны [35], добра, старанна ацэнены i яго літаратурна-крытычны набытак, удала вырашыў сітуацыю досыць клопатную,— што Твая творчасць знаходзіла ў ім прапагандыста i прыхільніка — не абмінуў i не звёў гаворкі ізноў да этыкетнай удзячнасці.

Змог я заўважыць толькі пару драбнічак i азначыў ix на палях рукапісу. Ты ix разбярэш i, калі захочаш, вырашыш, дакладней — улічыш» (26 лютага 1977 года).

Ён любіў моладзь, умеў знаходзіць сярод сваіх студэнтаў дзяўчат i юнакоў з божаю іскрай, шчыра апекаваўся абласным літаратурным аб'яднаннем, па прэсе цікавіўся маладымі талентамі ва ўсіх кутках Беларусі, радуючыся поспехам i смуткуючы ад непажаданага.

У наступным фрагменце з пісьма пра аднаго маладога паэта я, нібыта i ўзгодніўшы гэта з Валодзем, прозвішча маладзена апускаю з педагагічна-прыязных меркаванняў.

«...Хлопец вельмі здольны, начытаны, памятлівы i ахоплены прагай паэтычнай славы, усё гэта было б цалкам добра, калі б захоўвалася нейкая мера суадносін творчасці з жыццём, а ён, як мне думаецца, так напорыста выціскае з сябе ўсю душу, што не застаецца часу, патрэбы, сіл, каб проста жыць, зносіцца з людзьмі. Пару вечароў толькі прагаварылі з ім над лёгкім віном, дык i размовы, i інтарэсы ў яго ўсе ў літаратуры. Я ўжо не ведаю, што думаць. Спрабаваў яму заўважыць, але ён i слухаць не збіраецца. Сам усё ведае ад «а» да «я». А дакладней — гэтае Я з'яўляецца пачаткам i канцом ведаў. Прачытаў яго вершы — ёсць цікавыя, хоць i кніжнасці хапае, між іншым, перайманне ў Караткевіча. Пакуль не магу разабрацца з гэтым хлопцам — i здольны, i па-свойму апантаны паэзіяй, i супярэчлівы, не самакрытычны. Можа, гэта сучасная сталічная норма характару i паводзін творчай адзінкі? Я ўжо толькі назіраю збоку i маўчу» (студзень 1977 года).

Траплялася i радасць, толькі радасць:

«...Двойчы быў у Брэсце Карпюк, адзін раз заехаў пагутарыць з нашымі абкомаўскімі спецыялістамі па сектантах, другі раз Алёша быў з Вольгай Іпатавай, выступал i тыдзень па лініі бюро прапаганды. Волечка зрабіла на мяне ўражанне таленавітага, прагна-дапытлівага дзіцяці, прытым за гэтай дзіцячай свежасцю душы прыхавана разумная дасведчанасць сапраўднага інтэлекту. З'явілася радаснае адчуванне, што яна далека пойдзе ў літаратуры i асабліва, відаць, у прозе. Дарэчы, гаварыла, што закончыла i здала ў друк аповесць пра Ефрасінню Полацкую. Слаўнае дзяўчо!» (18.Х.71 года).

I ўдзячнасць бывала ў радасці:

«...Атрымаў два лісты ад Веры Сямёнаўны i яшчэ раз шчасліва адчуў, якое гэта шчасце для нас, крытыкаў, што над усходамі нашай крытычнай руні стаіць такая звеннявая — добры дух ураджаю. Клапоціцца, дабіваецца i, відаць, даб'ецца, што мой Жылачка выйдзе без купюраў i без асаблівых страт» (студзень 1977 года).

вернуться

35

Ганна Мітрафанаўна (1904-1979) — маці Алеся Адамовіча.