Выбрать главу

Элен таксама не сумнявалася, што гэта спроба Мэры Грант не будзе мець поспеху. Яна з жахам падумала пра безвыходную долю, якая чакае гэтых дзяцей... Але тут яе ахапіла высокая і вялікадушная ідэя.

— Пачакайце, Мэры! — усклікнула яна, спыняючы дзяўчыну, якая хацела ісці. — Выслухайце мяне!

Мэры спынілася.

Элен з поўнымі вачыма слёз падышла да мужа і сказала цвёрдым голасам:

— Эдуард! Вы рашылі зрабіць марскую вясёлую прагулку, каб парадаваць мяне... Але якая радасць можа зраўняцца са шчасцем выратаваць жыццё гаротным людзям, якіх пакінула на волю лёсу ўласная радзіма?

— Элен! — усклікнуў Гленарван.

— Вы зразумелі мяне, Эдуард? «Дункан» — моцнае і трывалае судно! Яно смела можа плаваць у паўднёвых морах. Яно можа зрабіць сусветнае падарожжа і зробіць яго, калі трэба будзе. Едзем, Эдуард! Едзем шукаць капітана Гранта!

Пасля гэтых смелых слоў Эдуард Гленарван моцна абняў маладую жанчыну. Мэры і Роберт цалавалі ёй рукі.

Гэта прачулая сцэна ўсхвалявала нават суровых шатландцаў, слуг Малькольм-Кэстля, і яны гучна закрычалі:

— Няхай жыве наша маладая гаспадыня! Ура! Тройчы ура Эдуарду і Элен Гленарван!

РАЗДЗЕЛ ПЯТЫ

"Дункан" адплывае

Элен Гленарван была вялікадушнай і мужнай жанчынай. Яе прапанова накіравацца на «Дункане» на пошукі капітана Гранта, безумоўна, даказвала гэта. Эдуард Гленарван па праву мог ганарыцца такой жонкай. Трэба сказаць, што гэтая думка — самастойна арганізаваць экспедыцыю для выратавання капітана Гранта — прышла яму ў галаву яшчэ ў Лондане, калі яго просьба была адхілена адміралцействам. Ён не загаварыў аб ёй першым толькі таму, што не мог яшчэ звыкнуцца з думкай пра разлуку з жонкай. Але паколькі Элен сама падала такую прапанову, сумненню ўжо не было месца. Слугі Малькольм-Кэстля ўзрушанымі воклічамі віталі гэту прапанову, бо тут была справа пра выратаванне братоў па крыві, такіх самых шатландцаў, як яны самі! І Эдуард Гленарван далучыў свой голас да ўзрушаных крыкаў «ура» ў гонар маладой гаспадыні Малькольм-Кэстля.

Пасля таго, як пытанне аб выездзе было вырашана, кожная хвіліна была на ўліку.

У той-жа дзень Гленарван па тэлеграфу загадаў Джону Мангльсу прывесці «Дункан» у Глазго і зрабіць усе неабходныя падрыхтаванні для працяглай экспедыцыі ў паўднёвыя моры, якая магла ператварыцца ў кругасветнае плаванне.

Сцвярджаючы, што «Дункан» можа зрабіць кругасветнае падарожжа, Элен Гленарван не пераацэньвала якасцей яхты. Надзвычай трывалае і быстраходнае судно сапраўды было прыстасавана для дальняга плавання

«Дункан» уяўляў сабой паравую яхту самага ўдасканаленага тыпу. Яго водазмяшчэнне раўнялася двумстам дзесяці тонам, гэта значыць намнога больш перавышала водазмяшчэнне першых караблёў, якія дабраліся да Новага Свету,— караблёў Калумба, Веспучы, Магелана[9].

Яхта Гленарвана была двухмачтавым судном. Яна мела фок-мачту з фокам, марселем і брамселем, грот-мачту з касым гротам, вялікі стаксель, малы стаксель, лацінскі фок і штагавыя парусы. Аснашчэнне яхты было дастатковае для таго, каб ёю кіраваць, як звычайным кліперам. Але ўсё-такі галоўнай і асноўнай рухаючай сілай яе было паравая машына. Гэта стошасцідзесяцісільная, пабудаваная па навейшай сістэме машына была забяспечана перагравальнікамі, якія дазвалялі падымаць ціск пары да значна больш высокага ўзроўню, чым у машынах звычайнай канструкцыі. Вінтоў у яхты было два. Давёўшы ціск пары да максімума. «Дункан» развіваў найбольшую з усіх дасягнутых паравымі суднамі шпаркасцей: у часе выпрабаванняў у Клайдскай затоцы яго патэнт-лаг[10] паказаў хуткасць у семнаццаць міль[11] у гадзіну. Такім чынам яхта была зусім надзейным судном, на якім смела можна было пусціцца ў кругасветнае плаванне, і Джону Мангльсу трэба было для гэтага толькі набраць вугалю і харчоў.

Першымі клопатамі маладога капітана было павялічыць ёмістасць вугальных ям; ён хацеў набраць чым больш паліва, запасы якога цяжка папоўніць у дарозе. Тую-ж меру перасцярогі ён прадпрыняў і для забеспячэння камбуза[12]. Джон Мангльс ухітрыўся зрабіць амаль двухгадовы запас прадуктаў. Грошай у яго было ўдосталь, і ён нават купіў невялікую гармату, якую ўмацаваў на носе яхты. Нельга было прадбачыць усіх будучых падзей, а ў такім выпадку ніколі не лішняе мець гармату, з якой можна выстраліць васьміфунтовым ядром далей як на чатыры мілі.

Джон Мангльс, не гледзячы на сваю маладосць, не быў навічком у сваёй справе: ён лічыўся адным з лепшых шкіпераў Глазго. Яму было каля трыццаці гадоў. Рысы яго твара былі крыху суровыя, але, прыгледзеўшыся, можна было заўважыць, што гэты чалавек добры і чулы.

вернуться

9

Сваё падарожжа ў Вест-Індыю Хрыстафор Калумб зрабіў на чатырох караблях. Самы большы з іх меў 70 тон водазмяшчэння, самы меншы — 50 тон.

вернуться

10

Патэнт-лаг — вымяральнік хуткасці руху судна, маючы ў сябе цыферблат і стрэлку, якая паказвае дасягнутую судном хуткасць.

вернуться

11

Адна марская міля роўна 1852 метрам.

вернуться

12

Камбуз — кухня на судне.