Выбрать главу

Неўзабаве вялізная рыба была рассечана сякерамі на часткі. Крук прайшоў да самага страўніка; апошні быў зусім пустым. Як відаць, акула доўгі час спраўляла пост. Расчараваныя маракі хацелі ўжо выкінуць у ваду пасечаную тушу, як раптам увагу боцмана прыцягнуў нейкі дзіўны прадмет, які шчыльна загруз у адной са складак нутра драпежніцы.

— Што гэта такое? — усклікнуў ён.

— Гэта кавалак скалы,— пажартаваў адзін з матросаў,— які акула праглынула замест баласта!

— Не,— адказаў яму ў тон другі,— гэта ядро, якім стрэлілі ў бруха гэтай абжоры і якое яна не паспела пераварыць!

— Сціхніце! — сказаў памочнік капітана, Том Аусцін. — Хіба вы не бачыце, што гэтая акула — горкая п’яніца і, каб не страціць ні кроплі напітку, выпіла яго разам з бутэлькай!

— Як? — ускрыкнуў Гленарван. — У гэтай акулы ў жываце аказалася бутэлька?

— Самая звычайная, сэр,— адказаў боцман. — Толькі можна пэўна сказаць, што яна трапіла ў бруха акулы не прама з віннага склепа!

— Том, дастаньце гэтую бутэльку,— сказаў Гленарван. — Толькі асцярожна: у вылаўленых у моры бутэльках часта знаходзяцца важныя дакументы.

— Вы верыце ў гэта? — запытаў Мак-Набс.

— Веру ў тое, што гэта здараецца,— адказаў Гленарван.

— О, я не збіраюся спрачацца з вамі. Зусім магчыма, што бутэлька сапраўды захоўвае якую-небудзь таямніцу.

— Зараз мы даведаемся пра гэта. Ну, як справы, Том?

— Гатова, сэр,— адказаў памочнік, паказваючы нейкую бясформенную глыбу, з цяжкасцю выцягнутую з страўніка акулы.

— Вельмі добра,— сказаў Гленарван. — Загадайце добра вымыць бутэльку і прынясіце яе ў кают-кампанію.

Том Аусцін падпарадкаваўся, і ў хуткім часе знойдзеная пры такіх дзіўных акалічнасцях бутэлька апынулася на стале, вакол якога расселіся Эдуард Гленарван, маёр Мак-Набс, Джон-Мангльс і Элен Гленарван, цікаўная, як і ўсе жанчыны.

У моры ўсякі пусцяк — падзея. Тыя, што сядзелі вакол стала, напружана маўчалі. Усе дапытліва пазіралі на знахадку. Або была ў ёй вестка пра страшную катастрофу ці толькі недарэчная пісаніна якога-небудзь тужлівага марака, кінутая на волю хваль?

Гленарван адразу пачаў агляд бутэлькі. Аднак, ён дзейнічаў з усёй асцярожнасцю, якая адпавядала выпадку. Гледзячы з боку, яго можна было палічыць за следчага, які аглядае каштоўны «рэчавы доказ» у важным судовым працэсе. І Гленарван меў падставу рабіць так, бо часта самы нікчэмны след можа навесці на важнае адкрыццё.

Перш чым адкрыць бутэльку, Гленарван уважліва агледзеў яе звонку. У яе было доўгае горлачка, з якога ўсё яшчэ тырчэў кусок іржавага дроту. Тоўстае шкло бутэлькі, здольнае вытрымаць ціск у многа атмасфер, ясна паказвала, што гэта была бутэлька ад шампанскага. Такімі бутэлькамі вінаробы Эпернея разбіваюць крэслы, прычым на шкле не застаецца нават драпіны. Не дзіва, што гэта бутэлька засталася цэлай, вытрымаўшы ўсе выпадковасці доўгага вандравання.

— Бутэлька кліко[4],— пасведчыў маёр.

І паколькі ён з’яўляўся знаўцам у гэтай галіне, яго сцвярджэнне было прынята без пярэчанняў.

— Дарагі маёр,— сказала Элен,— ці не ўсёроўна, што гэта за бутэлька, калі мы не ведаем, адкуль яна прыплыла?

— Мы даведаемся пра гэта, Элен,— адказаў Гленарван.— Ужо зараз мы можам сцвярджаць, што яна прыплыла здалёк. Паглядзіце на напластаванні на шкле, якія ўтварыліся пад уплывам мінеральных прымешак у марской вадзе. Гэта знаходка прайшла доўгі шлях па акіяну, перш чым трапіла ў жывот акулы.

— Не магу не згадзіцца з вашымі справядлівымі заўвагамі,— сказаў маёр. — Гэта пасудзіна, абароненая сваёй каменнай абалонкай, сапраўды магла зрабіць доўгае падарожжа.

— Але адкуль яна прыплыла? — запытала Элен.

— Пачакайце, Элен, пачакайце,— адказаў Гленарван,— з такімі бутэлькамі трэба перш за ўсё быць цярплівым.

Спадзяюся, што не памыляюся, калі скажу, што яна сама дасць адказ на нашы пытанні.

Сказаўшы гэта, Гленарван пачаў асцярожна ачышчаць ад наростаў горлачка бутэлькі. Неўзабаве паказаўся корак, вельмі сапсуты марской вадой.

— Шкада! — сказаў Гленарван. — Калі ў бутэльцы захоўваюцца дакументы, дык яны, напэўна, будуць падмочанымі!

— Так, гэтага трэба асцерагацца,— згадзіўся маёр.

— Добра яшчэ,— дадаў Гленарван,— што акула своечасова праглынула гэту бутэльку і даставіла яе на борт «Дункана»: корак вельмі дрэнны і бутэлька немінуча павінна была-б затануць.

вернуться

4

Вядомая марка шампанскіх вінаў.