Награмаджаныя адна на адну скалы, здавалася, вось-вось упадуць, і можна было толькі здзіўляцца, што яны так доўга трымаюцца насуперакі ўсім законам роўнавагі. Можна было не сумнявацца, што пры першым-жа землетрасенні мясцовасць зусім зменіцца. Зірнуўшы на гэтыя пазбаўленыя падпорак пікі, нахіленыя набок верхавіны, недарэчна вытырклыя купалы ясна было відаць, што тут гораўтвараючы працэс яшчэ не закончыўся.
У гэтых умовах нялёгка было знаходзіць дарогу. Частыя землетрасенні заўсёды змяняюць профіль яе, знішчаюць ці перамяшчаюць распазнавальныя вехі. Таму катапац часта хістаўся ў выбары напрамку; ён прыпыняўся, азіраўся навакол, нібы маліўся скалам, шукаючы на камяністай глебе слядоў індзейцаў.
Гленарван ні на крок не адступаў ад правадніка; ён разумеў, што яму надзвычай цяжка арыентавацца ва ўмовах заўсёды зменнага рэльефа. Ён не адважваўся распытваць яго. У душы, напэўна, ён больш разлічваў на інстынкт мулаў, чым на памяць і веды паганятага.
Так блукалі яны, як быццам наўдачу, некалькі гадзін, узбіраючыся аднак усё вышэй і вышэй на гару. Але раптам катапац спыніўся — далей ходу не было. Атрад быў у вузкай цясніне, закрытай з аднаго канца заваленай скалой. Катапац пільна ўглядаўся ў скалы, але, не знайшоўшы выйсця, злез з мула і скрыжаваў рукі на грудзях.
Гленарван пад’ехаў да яго.
— Вы заблудзіліся? — запытаў ён.
— Не, сэр,— адказаў катапац.
— Але-ж мы не дайшлі да перавала Антуко?
— Наадварот, мы на самым перавале.
— Вы не памыляецеся?
— Я не памыляюся. Вось рэшткі вогнішча індзейцаў, а вось сляды праходу гуртоў авечак і коней.
— Значыць, гэты перавал непраходны?
— Быў праходным да апошняга землетрасення, а цяпер зрабіўся непраходным...
— Для мулаў,— запярэчыў маёр,— але не для людзей!
— Гэта ўжо ваша справа,—адказаў катапац.— Я зрабіў усё, што залежала ад мяне. Я гатовы завярнуць мулаў назад і, калі вы згодны вярнуцца, прывесці вас к другому перавалу праз Кардыльеры.
— На колькі дзён гэта затрымае нас!
— Дні на тры, не менш.
Гленарван моўчкі слухаў катапаца. Той трымаўся прыстойна. Было зусім відавочна, што перавал Антуко непраходны для мулаў. Але, калі катапац прапанаваў вярнуцца назад, Гленарван запытаў у сваіх спадарожнікаў:
— Ці згодны вы паспрабаваць асіліць гэты перавал, не гледзячы ні на якія цяжкасці?
— Мы гатовы ісці за вамі,— адказаў за ўсіх Том Аусцін.
— І нават ісці наперадзе вас,— дадаў Паганель.— Пра што, урэшце, ідзе гутарка? Пра тое, каб перабрацца цераз хрыбет, супроцьлеглы спад якога таксама зручны для спуску, як манмартрскі[25] брук. Як толькі мы спусцімся з гор, мы знойдзем бакеано, гатовых служыць нам праваднікамі цераз пампасы, і выдатных аргентынскіх коней, якія прызвычаены да ўмоў мясцовасці. Прапаную, не думаючы, ісці наперад!
— Наперад! — крыкнулі ўсе спадарожнікі Гленарвана.
— Вы пойдзеце з намі? — запытаў Гленарван у катапаца.
— Я паганяты мулаў,— адказаў той.
— Як хочаце!
— Абыйдземся без праваднікоў,— сказаў Паганель.— На тым баку перавала мы знойдзем сцежку, і я бяру на сябе абавязак давесці вас да хрыбта не горш, чым любы праваднік па Кардыльерах!
Гленарван разлічыўся з катапацам і пусціў дадому яго самога, пеонаў і мулаў. Зброю, інструменты і невялікі запас харчоў падзялілі між сабой сем удзельнікаў экспедыцыі. Усе далі згоду адразу пачаць уздым і ўзбірацца, калі трэба будзе, хоць усю ноч.
На ўсходняй сцяне цясніны пакручвалася на гару, як змяя, сцежка, недаступная для мулаў. Як не цяжка было, але пасля двух гадзін уздыму Гленарван і яго спадарожнікі пералезлі цераз скалу, якая перагараджвала ім дарогу.
Насуперакі жаданню Паганеля, ім нідзе не ўдалося знайсці старых сцежак — землетрасенне знішчыла ўсе сляды праходу людзей і ўсё змяніла навакол.
Географ вельмі засмуціўся. Гэта вымушала экспедыцыю перамагаць у лоб цяжкі ўздым к вяршыням Кардыльераў, вышыня якіх хістаецца ад адзінаццаці да дванаццаці тысяч шасцісот футаў. На шчасце, пара года спрыяла гэтаму; неба было празрыстае, і надвор’е стаяла ціхае. Зімой, ад мая да кастрычніка[26], такі ўздым быў-бы зусім немагчымым: халады даканалі-б неасцярожных падарожнікаў, каб нават іх пакінулі жывымі страшныя «тэмпаралес» — ураганныя вятры, уласцівыя для гэтых мясцовасцей.
Падымаліся ўсю ноч. Чапляючыся за ледзь прыкметныя выступы, падарожнікі карабкаліся на стромкія сцены. Яны пераскаквалі цераз расколіны; плечы замянялі ім лесніцы, рукі, злучаныя з рукамі, замянялі вяроўкі. Гэтыя бясстрашныя людзі часамі нагадвалі групу акрабатаў, якія рэпетыруюць галаваломныя трукі перад выступленнем. Тут аказаліся вельмі патрэбнымі і спрытнасць Вільсона і сіла Мюльрэдзі. Гэтыя два бравыя шатландцы паспявалі ўсюды, дапамагалі ўсім; тысячу разоў іх адважнасць і шчырая адданасць выручалі маленькі атрад.