Твар у патагонца быў прыгожы, не гледзячы на размалёўку, і выяўляў вялікі розум. Ён спакойна чакаў прыняўшы позу чалавека, які адносіцца да сябе з павагай. Яго нерухомая і велічная фігура, якая стаяла на каменным п’едэстале, здавалася высечанай з каменя.
Заўважыўшы патагонца, маёр паказаў на яго Гленарвану. Той пабег к выратавальніку Роберта. Патагонец ступіў два крокі наперад. Гленарван схапіў яго руку і моцна сціснуў абодвума рукамі.
У позірку Гленарвана, ва ўсмешцы на ўвесь твар было столькі падзякі, што патагонец не мог не зразумець такіх гарачых пачуццяў. Ён павольна схіліў галаву і сказаў некалькі слоў на невядомай ні маёру, ні Гленарвану мове.
Разгледзеўшы ўважліва чужаземцаў, патагонец загаварыў на іншай мове. Але новы яго сказ быў такі-ж незразумелы, як і першы. Аднак Гленарвану здалося, што ў яго вымаўленні ёсць нешта, падобнае на іспанскую мову, на якой ён ведаў некалькі агульнавядомых слоў.
— Іспанскі? — запытаў ён.
Патагонец некалькі разоў кіўнуў галавой.— Жэст, які аднолькава азначае згоду ва ўсіх народаў.
— Добра,— сказаў маёр,—гэта датычыцца нашага сябра Паганеля. Якое шчасце, што ён уздумаў вывучаць іспанскую мову!
Паклікалі Паганеля. Ён умомант прыбег і вітаў патагонца з чыста французскай грацыяй, якую патагонец наўрад ці ацаніў. Вучонаму-географу расказалі ўсё па парадку.
— Надзвычайна,— сказаў ён.
І, шырока раскрыўшы рот, каб выразней вымаўляць словы, ён сказаў:
— Vos sois um homem de bem[29].
Тубылец уважліва слухаў, але нічога не адказаў.
— Ён не разумее,— сказаў географ.
— Можа вы няправільна ставіце націск? — выказаў сваё меркаванне маёр.
— Гэта магчыма. Пракляты акцэнт.
І Паганель зноў пачаў выказваць свае любезнасці. Яны мелі такі-ж самы поспех.
— Пераменім сказ,— сказаў ён і павольна, настаўніцкім тонам, сказаў наступныя словы:
— Sem duvida, um Patagâo?[30]
Патагонец быў нямы, як рыба.
— Dizeime[31] — дадаў Паганель.
Тубылец маўчаў.
— Vos compriendeis?[32] — закрычаў Паганель так голасна, што ў яго ледзь не лопнулі галасавыя звязкі.
Было добра відаць, што індзеец нічога не разумее, бо ён адказаў урэшце па-іспанску.
— No comprendo[33].
Надышла чарга Паганелю здзіўляцца. Ён з абурэннем пачаў перасоўваць акуляры з вачэй на лоб і назад.
— Хай мяне павесяць,— сказаў ён,— калі я разумею хоць адно слова з гэтай праклятай гаворкі. Гэта арауканская мова, я ўпэўнены!
І ён павярнуўся да патагонца.
— Іспанскі? — паўтарыў ён.
— Si, si,[34]— адказаў патагонец.
Здзіўленне Паганеля было бязмежным.
Маёр і Гленарван скоса паглядалі на яго.
— Я баюся, мой вучоны сябра,— сказаў маёр, і ўхмылка прабегла па яго губах,— што вы зноў сталі афярай сваёй разгубленасці.
— Што? — здзіўлена запытаў географ.
— Так, зусім відавочна, што патагонец гаворыць па-іспанску.
— Ён?
— Ён! І калі вы з-за сваёй разгубленасці вывучылі іншую моцу...
Мак-Набс не скончыў. Абуранае «О!» вучонага і суровае пацісканне плеч, прымусіла яго змаўчаць.
— Маёр, вы занадта далёка заходзіце са сваімі жартамі,— суха сказаў Паганель.
— Але-ж ён не разумее вас! — адказаў Мак-Набс.
— Напэўна, гэты тубылец сам дрэнна гаворыць па-іспанску,— нецярпліва запярэчыў географ.
— Вы не разумееце яго, і таму вам здаецца, што ён дрэнна гаворыць,— спакойна запярэчыў маёр.
— Мак-Набс,— пачаў з імі гутарку Гленарван,— ваша меркаванне неабгрунтаванае. Які-б не быў разгублены наш сябра Паганель, не можа быць, каб ён вывучыў адну мову замест другой.
— Тады, мілы Эдуард, ці лепш вы, Паганель, растлумачце мне, што тут робіцца?
— Я нічога не збіраюся растлумачваць,— адказаў Паганель.— Зараз я вам пакажу кнігу, па якой я штодзённа вывучаў іспанскую мову. Паглядзіце на яе, і вы ўбачыце, ці памыліўся я!
Сказаўшы гэта, Паганель пачаў шукаць у сваіх шматлікіх кішэнях. Пасля некалькіх хвілін маўчання, ён дастаў з кішэні парваны том і з выглядам поўнага пераканання падаў яго маёру.
Маёр узяў кнігу і пачаў разглядаць яе.
— Што гэта за твор? — запытаў ён.
— Гэта «Лузіяда»,— адказаў Паганель,— славутая эпапея, якая...
— «Лузіяда»?! — крыкнуў Гленарван.