Выбрать главу

— Так, дружа мой, ні больш, ні менш, як «Лузіяда» вялікага Камаэнса!

— Камаэнса? — паўтарыў Гленарван.— Але, мой небарака сябра, Камаэнс — партугалец, і, значыцца, іменна партугальскую мову вы так старанна вывучалі на працягу шасці тыдняў!

— Камаэнс! «Лузіяда»! Партугалец!

Паганель не мог выгаварыць больш ні аднаго слова. Позіркі яго бегалі па ўсіх кутках. Вакол яго выбухаў вясёлы смех, бо ўсе падарожнікі былі ўжо тут і акружылі географа.

Патагонец за ўвесь гэты час і вокам не міргнуў. Ён спакойна чакаў тлумачэння гэтай зусім незразумелай для яго сцэны.

— Ах, нікчэмны нягоднік! — крыкнуў урэшце Паганель.— Значыцца, гэта, праўда? Гэта не жарты. І гэта зрабіў я! Я! Гэта-ж неяк страшэнна не шанцуе! Ах, сябры мае, сябры мае, паехаць у Індыю і апынуцца ў Чылі, вывучаць іспанскую мову і вывучыць партугальскую!.. Гэта ўжо занадта. І калі так будзе далей, то ў адзін добры дзень я выкінуся праз акно, замест таго, каб кінуць туды сваю сігару!..

Слухаючы, як Паганель зневажае сябе за сваю няўдачу, назіраючы за яго расчараваннем, нельга было заставацца сур’ёзным. Між іншым, ён першы падаў прыклад весялосці.

— Смейцеся, сябры мае, смейцеся ад усяго сэрца,— казаў ён.— Я сам больш за ўсіх смяюся з сябе!

І ён грымнуў гучным рогатам.

— Такім чынам мы ўсё-жа засталіся без перакладчыка,— спыніў урэшце агульны смех маёр.

— Не бядуйце,— адказаў Паганель.— Іспанская і партугальская мовы сапраўды вельмі падобныя адна на адну, калі я мог так памыліцца. Але гэтае-ж падабенства дапаможа нам выправіць маю памылку. І я зараз падзякую гэтаму добраму патагонцу, на той мове, якой ён так добра валодае.

Паганель казаў праўду, бо праз некалькі хвілін ён ужо мог абмяняцца з тубыльцам некалькімі словамі. Ён даведаўся нават, што патагонца звалі Талькаў, што азначае па-арауканску «гром». Імя гэта ён, відавочна, атрымаў за спрытнае валоданне агнястрэльнай зброяй.

Высветлілася, што патагонец быў прафесіянальным правадніком па пампасах, што надзвычай узрадавала Гленарвана. Гэта палічылі за вельмі добрую прымету. Усе вырашылі, што цяпер без сумнення экспедыцыя закончыцца паспяхова. Ніхто болей не сумняваўся ў тым, што капітана Гранта яны знойдуць.

Падарожнікі і патагонец падышлі да Роберта. Хлопчык усміхнуўся тубыльцу, і той палажыў яму руку на галаву. Ён агледзеў дзіця і абмацаў яго канечнасці. Пасля, усміхаючыся, пайшоў к берагу рэчкі, назбіраў там некалькі пучкоў дзікага сельдэрэя і нацёр ім цела хворага. Пасля масажа, зробленага з незвычайным майстэрствам, Роберт адчуў, што сілы варочаюцца к яму. Ясна было, што некалькі гадзін спакою поўнасцю адновяць іх. Таму было вырашана прабыць яшчэ суткі на гэтым месцы. Заставалася яшчэ вырашыць два вельмі важных пытанні: пра яду і пра транспарт. Ні таго, ні другога ў падарожнікаў не было. На шчасце, Талькаў быў з імі. Праваднік узяўся дастаць усё, чаго нехапала, маленькаму атраду. Ён прапанаваў Гленарвану пайсці ў тальдэрыю індзейцаў, за чатыры мілі адсюль, дзе можна будзе знайсці ўсё неабходнае для экспедыцыі. Паганель сяк-так пераклаў гэты сказ патагонца, і ад яго ўсе былі ў захапленні.

Гленарван і географ, развітаўшыся з таварышамі, пайшлі з патагонцам уверх па плыні ракі. Гадзіны паўтары яны ішлі шпарка, ледзь паспяваючы за веліканам Талькавым.

Увесь гэты прадгорны раён быў надзвычай прыгожы і ўраджайны. Скрозь былі багатыя лугі, яны маглі свабодна пракарміць сотні тысяч жвачнай жывёлы. Срабрыстыя сажалкі, злучаныя між сабой ручайкамі, жывілі сакавітую зеляніну раўнін. Лебедзі з чорнымі галовамі весела гулялі на спакойнай паверхні вады. Птушынае царства было цудоўнае і рознастайнае па складу. Ізакі — горліцы з шэравата-белымі пер’ямі, жоўтыя кардыналы пырхалі з галінкі на галінку, як жывыя кветкі. Галубы-падарожнікі праляталі над самай галавой, вераб'і-чынгалосы, хільгеросы, іманхітасы звонка чырыкалі ў паветры.

Паганель не стамляўся ад захаплення ўсім гэтым. Шматлікія пытанні так і сыпаліся з яго вуснаў, на вялікае здзіўленне патагонца, які лічыў усё гэта самым звычайным: і птушак у паветры, і лебедзяў у сажалках, і пышную зеляніну на лугах. Вучоны зусім не шкадаваў, што прыняў удзел у прагулцы, і не скардзіўся, што яна так доўга цягнецца. Яму здавалася, што яны толькі што вышлі, у той час калі паблізу ужо было індзейскае стойбішча.

Тальдэрыя была ў глыбіні даліны, каля Кардыльераў. Там у хацінах, сплеценых з галля, жылі чалавек трыццаць тубыльцаў-вандроўнікаў. Яны пасвілі тут сваіх кароў, бараноў, быкоў і коней.

Яны пераходзілі з пашы на пашу і заўсёды знаходзілі гатовы харч для сваіх чатырохногіх сяброў.