Разважаю так, мех завязваю. Як падняць. Папацець трэба, каб завалачы-такі. Шкада, што санкі не ўзяў. Гора б не знаў. Але што грэх таіць, лепш валачы рыбу, чым улегцы з пустым мяшком ісці.
Узваліў я мех на плечы і пашыбаваў без аглядкі. Лыска дагоніць. Іду, напяваю:
— Патанцуе, Манюкін, — сам сабе кажу, — твая рыбка на скаварадзе, хай без рака і пятрушкі, затое цыбулька знойдзецца да рыбкі: вянкоў з дзесяць вісіць пад бэлькаю…
Так захацелася есці, хоць той мех той развяжы ды сырой рыбы паспытай. Сам бачыў: цыган еў ды нахвальваў. Але ж той цыган босы зімой хадзіў… I тут нешта пад ногі як кінецца, я і паляцеў з капытоў. Глядзь, Лыска пада мною.
— Каб ты здох, — кляну, — так напалохаць. Падняўся. Снег атрасаю. А сабака пішчыць, да ног туліцца.
Нешта не тое, думаю. Падняў галаву. Божа, у трох кроках воўк здаравенны. Канюхамі такіх называюць. Глядзіць, не зміргне. Відаць, мацёры: шэры, з сівымі шарсцінкамі. Такі не толькі што на каня, на чалавека не пабаіцца напасці. Пашкадаваў я, што сякеры не захапіў з сабой. Стары, але дурны. Цягнецца ноччу ў Рысава-Барысава з голымі рукамі. Ці мала што на белым свеце бывае. Ды трэба нешта рабіць. Эх, было не было… I тут я як зароў нечалавечым голасам, аж ёкат па лесе пайшоў. Сам спалохаўся. А воўк стаў на дыбы і давай скакаць пад маю музыку. Раз дзесяць падскочыў, пасля ўпаў на жывот і папоўз. Адпоўз трохі і ногі адкінуў. Вось дык напалохаў…
Узяў я пад паху мяшок з рыбай, на плечы ўзваліў ваўка і панёс дахаты. Добрая шапка атрымалася. Зносу ёй бы не было, каб не згубіў, ад чарцей уцякаючы. Ды гэта ўжо другая гісторыя, а я першай не закончыў. Сарваў-такі голас. Я, не буду хваліцца, калі і цяпер закрычу на ўсе лёгкія, то ліст во з гэтай ігрушыны пасыплецца, але дзе той былы голас. Аслабеў Манюкін, не ем цяпер нямазаных бліноў, ды і гарох чамусьці звёўся. У дзень на чалавека не тое што па рэшату, па паўлітровай конаўцы не выходзіць. Вось і супакоіліся людзі, сапуць у мікрафон, а крыку, хоць вушы затыкай. Вы ўжо даруйце, саколікі, старому, я не супраць тэхнікі, але, як той казаў, а гэны слухаў, лепш сваім голасам верашчаць.
Пражорлівы злодзей
Я люблю рыбачыць, калі ніхто не бачыць. Забяруся ў кусты. Уладкуюся. А там і вуду закіну. Чакаю: клюне — не клюне. Не ведаю, як у каго, а ў мяне клюе. Толькі цягаць паспявай. Можа, таму, што жылкі не прызнаю, на конскі хвост лаўлю. Не лавілі так, жэўжыкі? О, тады вы не рыбакі. Рыба, як і чалавек, любіць усё натуральнае. Вунь былі ў модзе крымплены-мулены, розныя балоневыя плашчы — вецер свішчы. А цяпер за чым ганяюцца?.. За льнянымі кашулямі, за аўчыннымі кажухамі… Паразумнелі нарэшце. А думаюць, рыба дурнейшая за іх: лепш на бляшанку, чым на жыўца, клюне. Што ёй тыя жылкі ці лжэматылі. Куды цікавей конскі хвост і жывы, прама з зямлі, чарвяк. Слухайце, вучыцеся, пакуль дзед Манюкін жывы. Ён, дай ты рады, не салжэ.
Ну, закінуў я гэта. Не клюе. Нібыта і зрабіў усё па-людску: і чарвяка памазаў натуральным самасадам, і папляваў на яго тры разы як маіць. Чакаю. Што яшчэ застаецца? Каб так не сядзець, выкапаў за спінай канаўку, вады шапкай нанасіў. Усё будзе куды рыбу кідаць. Як не кажы, свяжэй у такой ямцы, чым у торбе… Ды, пэўна, стараўся дарма — не бярэ, хоць замовы гавары, як мой дзед:
Чэрці, чэрці!
Памажыце рыбу перці.
Аддам жонку і дзеці,
Каб не было дзе рыбу дзеці.
Думаю, паўтару на ўсякі выпадак раз, другі. I што вы думаеце — памагло. Бачу, паплавок мой загайдаўся. Рыба, значыцца, да чарвяка прынюхваецца ці хвастом яго лякае.
— Не сумлявайся, даражэнькая, — шапчу, — бяры, не пашкадуеш, самы што ні ёсць дажджавы, мо з гадзіну назад адкапаў.
Паверыла-такі. Заскакаў мой паплавок, як п'яны дзяк на радзінах. Гуляй-гуляй, ды сумленне май. Колькі можна вушлага рыбака за нос вадзіць? I тут як папрэ паплавок на дно. Я, вядома, не разгубіўся. Выцягнуў яльца з пальца, акурат на відэлец. Кажаце, ніякага наедку. Яно так і не так: на бязрыб'і і рак рыба.
Але тут пайшло і паехала. Я і пра люльку забыў, і пра дом… Дзіўсцвіцельна, быццам чэрці з усёй ракі ў адну яму рыбу сагналі. I акуні, і язі, і ментузы. Толькі паспяваю кідаць цераз плячо. Стаміўся, паясніца заныла. Пэўна, з пуд налавіў, думаю. Аглянуўся. Свят-свят, ніводнай рыбкі. Кінуўся шукаць было, ды паплавок павяло. Язя выцягнуў. Ужо ў торбу паклаў. Адсюль не ўцячэ, думаю. Зноў закінуў, і зноў язь. Праўду кажуць, калі Саўку шанцуе, то ён і ў лапцях станцуе. Мігам паўторбы напхаў. I толькі, гэта, зняў з кручка добрую плотку, нехта як смальне дубінай па плячы, я і паляцеў вобзем. Не паспеў падняцца, зноў аперазалі. Я страціў раўнавагу і булдых старчма ў яму. Са страху метраў дваццаць нырцом плыў. Вынырнуў, глядзь, а ў маёй торбе мядзведзь корпаецца. Як гаспадар яе патрошыць. «Дык вось хто рыбу змянціў. Стаяў за спінай і цягаў з канаўкі язёў ды плотак».