Доўга так стаім. Ужо сонца пачало апускацца, а вол і не думае вылазіць на бераг. Відаць, спадабалася ў вадзе. Калі папраўдзе, то і мне няблага: ні горача, ні холадна, акурат у самы раз. Але, не дай бог, калі хто ўбачыць, засмяюць. Скажуць, Манюкін-меншы з глузду з'ехаў, залез па горла ў ваду ў адзежы і стаіць, не раўнуючы, як таўкач.
Давай я гэта думаць, як выбрацца: не век жа тут кукаваць. I за вяроўку торгаю, і да валовага сумлення звяртаюся — не памагае. Тп-прусенька, тп-прусенька, родненькі, ну не муч ты мяне, колькі сядзець можна. Нуль увагі. Толькі галавой круціць: маўляў, ты як хочаш, а мне і тут добра.
Раптам ля ямы нешта як боўтне, аж вада забурліла. Страшна стала, салдата ўспомніў… Давай лупіць вала канцом вяроўкі… I тут чую, як зямля з-пад ног выслізгвае. Крыкнуць не паспеў, на дно пацягнула. Ухапіўся дзвюма рукамі за вяроўку — не выпускаю. Ды быццам на часткі рвуць: нейкая сіла пад ваду прэ, а другая наверх. Ачнуўся на беразе. Людзі акружылі: нябожчык бацька, нябожчык Барсук, Певень Швэльцаў, а побач сом — разы ў два за мяне большы. Галава, як булава. Вусішчы мо па метру.
— Валу дзякуй скажы, — скрозь слёзы ўсміхаўся бацька. — Каб ён не спудзіўся, з'ела б цябе гэта дзіва… А так мы яго з'ямо.
Колькі жыў, я такіх самоў не бачыў. Адно кішак ночвы было. Пузыр, ці душа, як у нас называюць, мо з вялізны чыгун. Няма, саколікі, цяпер такіх віроў і рыбы такой. Асушылі балоты. Хто ж рэчкі паіць будзе? Можа, і добра гэта. Як з якога боку паглядзець. А я дык чалавек старамодны, сумую па тых вірах бяздонных, па балотах з люцыпарамі. Не дурны нехта сказаў: балоты — маладосць зямлі. Ідзе час. I зямля пастарэла, і я не памаладзеў. Ды што ёй, зямлі, нейкіх паўста гадоў — не ў знак. Мне ж нядоўга засталося вам байкі баяць. Ды не вешайце нос на квінту. Вунь які дзянёк харошы ўдаўся — і сонейка, і ветрык цёплы.
Мюнхгаўзенам дражняць
Пасля вайны, дзеткі, у нашым лесе банда аб'явілася. Днём бандыты хаваліся, а ноччу нападалі на людзей, магазіны рабавалі. Казалі, што бандай той былы паліцай Пятак запраўляе. У вайну ён шчыра немцам служыў, ні старых ні малых не шкадаваў. Даўно вяроўка па ім плакала. Ды толькі няўлоўны ён быў: сёння тут, а заўтра там. Міліцыя з ног збілася, і засады рабіла, і лес прачэсвала. Ды дзе ты знойдзеш некалькі чалавек у лесе? Гэта ўсё роўна што іголку ў стозе сена шукаць.
I тут я на свой страх і рызыку наважыўся бандыцкае логава знайсці. Сказаў бабулі, што ў заробкі пайду: падрадзіўся дом будаваць. Сякеру з сабой узяў, яды на дзён сем. Ужо за вёскай драбавік са стога сена выцягнуў. Я туды яго зараней паклаў, каб бабуля не спытала, чаго гэта я зброю с сабой бяру.
Доўга ішоў я. У самую чашчобу забраўся. Тут і прыпыніцца надумаў. Месца спадабалася. Крынічка побач, ягад і грыбоў, хоць касой касі. Можна і назад не вяртацца, пакуль халады не прыціснуць.
Павесіў, гэта, я стрэльбу на сук, дастаў сякеру з-за пояса і давай будан ладзіць… Чатыры калы забіў, жэрдку зверху прымацаваў, густа галінкамі абклаў, каб дождж за карак не трапіў і камары ноччу не залезлі. Звяр'я я не баяўся, мядзведзі з нашага лесу ў пушчу перакачавалі, а воўк летам не галодны — не нападае на чалавека.
Так ці інакш, будан атрымаўся на славу. Расклаў я касцёр, скварку падсмажыў, ягадамі закусіў, вадой з крыніцы запіў… Сваю партызаншчыну ўспомніў, баявых сяброў-таварышаў. Якія хлопцы!
На ноч кастра не тушыў. Добры пянёк падкінуў — хай тлее, а сам у будан палез. Хоць ні падушкі, ні коўдры — мігам задаў храпака.
Раніцай на паляванне пайшоў. Шоламу нарабіў, кучу патронаў папсаваў, а так нічога і не забіў. Праўду кажуць пра мыслівага: дым густы — абед пусты. Давялося на падножны корм перайсці. Ягады ў шапку сабіраю, песні пяю, рэха падпявае. Нават птушкі прыціхлі, дзіву даюцца, што гэта за такі саліст аб'явіўся: ні слыху, ні голасу, а распінаецца.
Вечарам зноў касцёр расклаў. Ды не такі, як учора, а сапраўднае вогнішча. Скварку ем і скачу вакол вогнішча, як дзікун. Сам увесь у сажы, лыкам падперазаны. Каб хто збоку ўбачыў, дальбог бы, за чорта прыняў. I ведаеце, малышы-спарышы, паскачаш ля кастра і спіш як забіты. А дома на ложку варочаешся з боку на бок, то сяннік мулкі, то падушка перашкаджае. Відаць, не дурні дзікуны і чэрці, ведаюць, дзе і як скакаць трэба.