Запрог я каня і ходу… Больш я не бачыў таго спекулянта. Людзі перадавалі, што сабакі яго ледзь не загрызлі. Колькі гадоў прайшло, але і цяпер помняць Дзяніса, што прадаў сабак замест ліса.
Свінтус-грандыёзус
Вы не ведаеце, што такое свінтус-грандыёзус? Ай-яяй, як там вас у школе вучаць! Свінтус-грандыёзус ці то па-грэцку, ці то па-турэцку, не памятаю ўжо, азначае: вялікая свіння. Эх, і памяць у мяне была! Каб цяпер тыя гады, як тады. А то забудуся, што на сняданак учора было, а то яшчэ горш: кульгаю на левую нагу ды раптам пачну на правую нагу кульгаць… Дык пра што я сабраўся байку баяць? Ага, свінтус-грандыёзус… То слухайце, верабейчыкі-казельчыкі. Вельмі цяжка пасля вайны жылося, галадалі, макавай расінцы рады былі. Пакуль прычакаеш шчаўя, ледзьве-ледзь ногі перастаўляеш.
Была ў нас з бабай маленькая свінка, купілі на кірмашы. Купіць купілі, добрае свінчо, ешчае, а чым карміць яго… Думалі-гадалі, вырашылі назбіраць жалудоў. Калі ісці Вэньскай дарогай пад Стражніка, а там лесам вёрст пяць, то трапіш у дубовае балотца. Стаяць каля таго балотца векавыя веліканы, шапкамі неба падпіраюць. Кожны ў сем-восем абхватаў. Гамоняць, паміж сабою размаўляюць. То ціха гутараць, то злуюць, махаюць таўшчэзнымі рукамі-галінамі. I кожны з дубоў-асілкаў спрэс усыпаны жалудамі, не тое што цяпер. Асушылі тое балотца, і жалуды прапалі. Дзіва дзіўнае, дзе толькі дзеліся. Вось, дзеткі, да чаго дурасць чалавечая даводзіць, без рэк засталіся, сажалкі капаем, ха-ха, рыба там будзе жыць, чакай Пятра — сыр з'ясі… Хіба паўдохлы карась які… Крыўдна, бо нядаўна хадзіў я да тых дубоў, ужо не гамоняць, стогнуць, пэўна, хочуць, каб пачулі іх. А мы глухія, ды што там глухія, хутка станем без'языкія, мову сваю забываем… Даруйце, пачаў гаманіць пра тое, што баліць.
Ну дык вось. Узялі мы з бабай каляску, некалькі мяшкоў, на гарбе тыя жалуды не прыпрэш, вядома. Доўга ці не, але дабраліся-такі да балотца. Хоць і восень была, лісты на дрэвах пажаўцелі, а жалудоў пад тымі дубамі не так ужо і шмат. Не спяшаюцца расставацца з бацькоўскай кронай. Ясна, трэба карабкацца на дрэвы, трэсці іх. «Малайчына Манюкін, — хвалю сам сябе, — здагадаўся-такі захапіць вяроўку. Без яе не залез бы на дуб, кукаваў бы ўнізе, вунь якія ствалы гладкія, ніводнага сучка…»
Добра, што ёсць вяроўка, але паспрабуй закінь яе, тут снароўка трэба, не кожны сумее. Ну, а мне, Манюкіну, умельства не пазычаць. О-о, адным словам… шпурнуў я вяроўку адзін раз, другі, трэці, не чапляецца, давялося крэсіва прывязаць за канец, баба, дзякуй ёй, параіла. Тут ужо закінуў так-сяк… Трасянуў адну галіну, другую, трэцюю, і тут унізе нешта як завішчыць, зарохкае, баба такі гвалт падняла, што я ледзь з дрэва не зваліўся з перапуду. Вяроўку з рук выпусціў (трымаўся за яе, каб не ўпасці), сам нема закрычаў. А тут голас баба падала: «Дзед, дзед, што я знайшла, злазь хутчэй, паглядзі…»
Лёгка сказаць: злазь, а як злезці? Баба памрэ, а вяроўкі не закіне на дуб. Добра спускацца па тонкім ствале, а па тоўстым не кожны смяляка наважыцца. Ды не той я чалавек, каб збаяўся. Абхапіў дрэва аберуч, нагамі, шчакой да яго прыціснуўся і так-сяк споўз долу. Зірк, а баба ў руках парсючка рабенькага трымае. А праз усю спіну светлыя палоскі. Дзік. Мне аж мову адняло. Во дзе знаходка.
— Ён табе што, з неба на галаву ўпаў? — пытаю нарэшце.
— Мусіць, адбіўся ад гурту, заснуў каля дуба, а калі ты пачаў трэсці, жалуды на яго пасыпаліся, вось і завішчаў, бедненькі, мяне, старую, напалохаў…
— I не ўцякаў?
— Не, прама да мяне падбег!
I смех і грэх. Пакінь дзіка ў лесе — прападзе маленькі. Ці воўк задушыць, ці здабычаю лісы стане, а то і з голаду памрэ, зубы яшчэ толькі праразаюцца, жолуд не разгрызе.
— Ты як хочаш, Манюкін, а я не пакіну парсючка ў лесе, — кажа баба, — прападзе ён, гаротны.
.— Каб не аштрафавалі нас, цяпер законы строгія, за каласкі людзей у Сібір пясцоў пасвіць адпраўляюць. Скажуць, браканьеры мы з табой…
— А мы самі на сябе заявім, — усміхнулася баба, — так і так, знайшлі хворага парсючка, ратуем ад смерці… Хавацца не будзем.
— А чым карміць твайго дзіка, ты падумала?
— Жалудоў на жорнах змелем. Можа, мукі ў каго пазычым?
Бачу, бабу не пераспорыш — марны занятак. Ды і самому не хочацца кідаць на смерць парсючка: такі лычык прыгожы, а вочкі маленькія, а як хораша рохкае. I забралі мы яго дадому.
Пасялілі дзіка разам са свінкай. Удваіх ім весялей нябось.
Баба насушыла ў печы на блясе жалудоў, я змалоў іх. Муку размяшалі з цёплай вадой. Свінка хапала папоўніцы, а дзік усё круціўся каля карыта, пасля раз тыцнуўся лычам у яду, другі і давай чаўкаць. Мы з бабай глядзім на сваіх парасят і радуемся. Здаецца б, самі з імі пад ахвоту есці сталі.