Вылізалі карыта нашы парасяты, леглі каля сцяны ў куточку, прытуліліся адзін да аднаго, задрамалі. Удваіх весялей. I нам з бабай пара ў хату ісці: бабе ў печы дапальваць, а мне куццю ў ступе таўчы. Ды не можам: усё глядзім на нашых парасят, любуемся.
— А як мы назавём нашага парсючка? — пытаю ў бабы.
— Свінка Хаўроння, а ён няхай Хаўрон, — кажа старая.
— Ну і хвантазія ў цябе, баба, — зазлаваў я, — нічога людскага прыдумаць не можаш. То ж незвычайны парсючок. Такога на ўсю вёску ні ў кога няма. Ды што там вёску, ці ў раёне ў каго ёсць, а то і ў вобласці. Давай Свінтусам-грандыёзусам назавем…
— Сам ты свінтус, — плюнула баба, — язык зломіш, пакуль вымавіш гэты самы гран-гран…ёзус.
Сказала, але не стала пярэчыць. Мы яшчэ раз з бабай з'ездзілі па жалуды, назапасілі іх на ўсю зіму. Сушылі, малолі, размешвалі вадой, дабаўлялі крапіву крышаную, а як пахаладала, снег выпаў, конскія яблыкі пачалі з канюшні насіць. I елі нашы парасяты, не давалі ганьбы. Гэта цяпер далікатныя сталі свінні: хлеб ім з магазіна падавай. I выстранчаюць гаспадары, па некалькі буханак на дзень скармліваюць. А як нялёгка даецца наш хлеб надзённы, мае вы дзеткі. Вунь у трактарыста Валодзі Шута спытайце. Ён дзень і ноч на полі шчыруе, дыхнуць няма калі чалавеку.
Раслі нашы парасяты не па днях, а па гадзінах. Вясной Хаўроння прывяла дзесяць парасят. Пяць паласаценькіх, акурат як бацька, а пяць звычайных, беленькіх. Мы з бабай пакінулі сабе толькі парачку белых, астатніх на кірмаш завезлі. Узбіліся на капейку. Купілі мукі, на стале хлеб з'явіўся. Варта было і пра сала падумаць. Каго закалоць? Хаўроння сытая, а дзік наш, Свінтус-грандыёзус, высокі, худы, скура ды косці. Есць нібыта няблага, але не папраўляецца, толькі ўгару расце. Перад шырокі, а зад вузейшы, шэрсць доўгая. Які з яго наедак. Закалолі Хаўронню: такая ўжо свінячая доля.
Гэта цяпер свіней не пасуць, трымаюць у хлявах, а раней ганялі на выган пад Тарасіка, ці за рэчку, альбо пад могілкі. Вось і я пагнаў свайго Свінтуса-грандыёзуса з парасятамі (той парачкай, што пакінулі) на выган.
Дзіку спадабалася на волі. Ён бегаў па выгане як апантаны, прытаміўся, пачаў рыць зямлю, некалькі разоў выкупаўся ў лужыне, пасля пачаў прыглядацца да іншых свіней. А тут іх было дзесяткі тры, і пяць-шэсць не меншых за дзіка, а Тарасікаў Дзётка ці не ў два разы большы за нашага Свінтуса-грандыёзуса. Свінні не надта ладзілі між сабой, часта грызліся: станавіліся на дыбкі, грозна нападалі на саперніка ці саперніцу, высвятлялі між сабой адносіны. Толькі на Тарасікавага Дзётку ніхто не нападаў. Ён падыме галаву, гляне коса, і ва ўсіх свіней адпадала ахвота чапаць Дзётку. Надта ж грозны.
Мой Свінтус-грандыёзус таксама не падыходзіў да Дзёткі. Ён яшчэ не ведаў сваёй сілы. Счапіўся з падсвінкам. Грызянуў яго так, што той на сажняў пяць адскочыў. Дзіва што, у майго Свінтуса ўжо іклы прарэзаліся, ды не маленькія.
Адчуў дзік сілу пасля першай перамогі. Напаў на свайго аднагодка. I той даў цягу. А Тарасікаў Дзётка ўжо назіраў за баямі паласатага вепрука. Ён не сумняваўся, што дужэйшы за новенькага. Але ж надта ўжо лёгка той перамагае. I Дзётка пачаў набліжацца да Свінтуса-грандыёзуса. Падкрадваўся ціха, непрыкметна, а калі засталося да дзіка крокаў пяць, рэзка рвануў наперад, падняўся на дыбы і ўсе свае дванаццаць пудоў нізрушыў на Свінтуса. Небарака не чакаў такой грознай атакі, бо пахіснуўся, паваліўся на бок, запішчаў. А Дзётка, не даючы яму апомніцца, падкінуў дзіка лычом, грызянуў зубамі. Я падумаў, што канец майму дзіку, хацеў ужо кінуцца на дапамогу. Ды ён сам адскочыў ад Дзёткі, шэрсць яго паднялася дыбам, з рота закапала пена. Крыўдна. Дзётка нават адвярнуўся, не глядзеў на яго, маўляў, правучыў, як смаркача, і годзе: ведай сваё месца. Ды не так думаў дзік. У яго жылах цякла кроў лясных братоў, якія адзін на адзін могуць выстаяць супраць мядзведзя, нават адна свіння з парасятамі абараняецца супраць некалькіх ваўкоў. Прытуліцца задам да дрэва, унурыць голаў і чакае атакі, баяцца ваўкі… А тут яго, дзікага вепрука, нейкая свойская свіння пагрызла. Не бываць такому! I мой раз'юшаны дзік кінуўся на крыўдзіцеля. Той, мусіць, сачыў адным вокам за маім Свінтусам, бо паспеў павярнуцца лычам да небяспекі. Ды дзік так яго грызянуў, што той да зямлі прыгнуўся. Мой вяпрук круціўся як шалёны. Мо колькі імгненняў Дзётка не здаваўся, стрымліваў атакі… Ды хутка выдахся, кінуўся наўцёкі. Праз увесь выган пёр яго ў бок дому мой Свінтус-грандыёзус. Усе пастухі і пастушкі ледзь па зямлі не качаліся ад смеху, нават гаспадар Дзёткі.