Выбрать главу

Хочаце даведацца, як змагаўся дзед з нячыстай сілай, шчасліва рыбачыў, смела ратаваўся ад мядзведзяў і ваўкоў?.. То не лянуйцеся, перагарніце старонку. Чэснае слова, не пашкадуеце.

Блізнюкі

Ерапланы тады яшчэ не ляталі, ды і па зямлі людзі не на машынах гойсалі, а на конях і быках. Адным словам, у нашым Чурылаве, каля Чаркеса, дзе вечна стаяла вада, непадалёку ад рэчкі горбілася маленькая трухлявая хатка, крытая саломай. Бярвёны той хаткі замшэлі. У напаўразбураным коміне гуляў вецер. З усіх бакоў хатку-бабулю падпіралі вярбовыя жэрдкі. Камлі іх стаялі ў вадзе, і жэрдкі пусцілі парасткі, праклюнуліся лісточкі, а там пайшлі ў рост галінкі, і хатка здавалася зялёным буданом.

Жылі ў той хатцы два блізнюкі. Волас у волас, голас у голас. Ніхто ў вёсцы не мог іх адрозніць. Вось і звалі блізнюкоў Юркамі. Хлопцы не пярэчылі. Больш таго, адзін аднаго называлі Юркам.

— Гэй, Юрка! Твая чарга паліць сёння ў печы! — крычаў адзін.

— А твая, Юрка, па дровы ехаць, — падаваў голас другі.

У Юркаў не вялося ніякай скаціны: не тое што каровы — задрыпанай казы не было. I парасят Юркі таксама не трымалі. Толькі дзве чорныя кошкі, як звечарэе, невядома адкуль з'яўляліся на падворак.

Былі тыя кошкі чарней за самую чорную ноч, колеру засланкі, якой мо паўвеку зачынялі печ. Поўсць доўгая, самі вялікія — з лісу, а выпусцяць кіпцюры, пакажуць вострыя зубы — ні адзін вясковы сабака не падступіцца.

Браты кошак вельмі любілі, ніколі не крыўдзілі. Вячэралі разам з імі. Сабе лыжку мачанкі — кошкам лыжку. Спалі таксама разам. Тыя скруцяцца клубком каля гаспадароў і мурлыкаюць, а блізнюкі гладзяць сваіх ласкавых пястух і ўсміхаюцца.

Дарэмна вясковыя дзяўчаты стараліся зацягнуць прыгожых і статных блізнюкоў у карчомку на танцы. Дарэмна падмаліньвалі вусны і чарнілі вугалькамі бровы. Ні аднаго Юрку, ні другога не цікавілі скрыпка карчмара Моўшы і дзявочыя пагляды. Здавалася, ад усяго на свеце ім даражэй іхнія кошкі.

А рана ранічкай, мае вы саколікі, адразу ж, як загарланяць першыя пеўні, тыя Муркі, быццам іх кіпнем ашпарылі, давалі драла праз акно. Толькі хвасты мільгалі. Ніводзін вясковец не бачыў іх днём. Не падабалася гэта людзям. А тут яшчэ паморак на курэй пайшоў. Хілілі пачарнелыя галовы, падалі з седалаў пеўні і чубаткі. Сыпаліся, як пераспелы гарох. Галасілі кабеты, мужчыны збіраліся вечарам на прызбе старасты, аднавокага Яўхіма, і аб чымсьці раіліся.

Блізнюкі днём усё роўна як цураліся адзін другога. Паасобку ездзілі ў лес па дровы, ніколі разам не сеялі, не аралі, сварыліся на людзях. Сто патоў выцеча, пакуль адзін спілуеш сасну ды парэжаш на некалькі кавалкаў. I як аднаму цягаць пілу-двухручку? А кожны з братоў цягаў — во якія ўпартыя!

«Не ад Бога гэта!» — казалі людзі.

Вечарам, калі з'яўляліся кошкі, хлопцы мірыліся. З хаткі чуўся дружны рогат, мяўканне. Стараста (самы смелы ў вёсцы мужчына) неяк апоўначы падкраўся да адзінага ў хатцы акна. Капціла газоўка, але нават пры яе цьмяным святле ўбачыў аднавокі Яўхім, як блізнюкі, абняўшыся, сядзяць за сталом, а на каленях у іх кошкі. Блізнюкі размаўляюць з тымі кошкамі, нібыта з паненкамі, а гэтая чарнота глядзіць ім у вочы, быццам разумее. Спытае што-небудзь каторы — і ў адказ пранізлівае «кур'яў-яў» ці пяшчотнае «мя-аў». Страшна стала старасту. Ён ціхенька вільнуў у кусты, махнуў цераз вялізную лужыну і падмазаў пяты.

Тым часам у вёсцы адкінуў лапы апошні певень. Не было ўжо каму будзіць людзей, спалі яны ледзь не да абеду. Рыкалі нядоеныя каровы, бляялі авечкі, іржалі галодныя коні. Прывезлі двух певуноў з суседняй вёскі, але нядоўга яны пажылі. Аднаго праз ноч тхор задушыў, другі прапаў.

Чорныя кошкі між тым ужо і днём бегалі па надворку, хадзілі па страсе і лазілі праз комін. Хлопцаў было не пазнаць: зусім распусціліся. Рогат, крык чуўся з іх хаткі-будана. Юркі ўжо не ездзілі ў лес па дровы, не палолі градаў.

— З чаго толькі жывуць? — дзівіўся стараста, седзячы з мужчынамі на прызбе, — Скаціны няма, дроў не прадаюць, а балююць штовечара: дух смажаніны за вярсту чуваць.

— Ці не нашых пеўняў яны свяжуюць? — спытаў стары Ахрэм.