Выбрать главу

I тады, мае вы казельчыкі-верабейчыкі, усе разам загалёкалі, замахалі рукамі.

— Не будзе таго, — крычалі мужыкі, — мы гэтых самых блізнюкоў падсмажым разам з кошкамі!

— Гайда пад Чаркеса, — гукнуў Ахрэм, — скажам, хай на нашых вачах топяць тых чорных ведзьмаў. Камяні на шыю — і з моста ў ваду!

— Гайда! — пагадзіліся ўсе.

Разам і смерць чырвана. I мужчыны пад камандай старасты рушылі да блізнюкоў. Хто трымаў у руцэ кол, хто сякеру за пояс заткнуў, а стараста ланцуг на руку наматаў. На ўсякі выпадак клікнулі Ахрэмаву сучку, самую паганую ў вёсцы, Яе нават ваўкі баяліся. Яны і блізка не падыходзілі да авечак, калі Ахрэму выпадала чарга іх пасвіць.

З хаткі-будана валіў густы дым. Згаладалыя мужыкі аж вар'яцелі ад паху смажаніны. На некаторых напала ікаўка. Чуліся з хаткі песні, тупат ног. Яна ходырам хадзіла. Пэўна, адзін з блізнюкоў пад язык выцінаў і спяваў, другі — скакаў. Стук, грук!

Ні ў такога, ні ў сякога, Як ў нашага Юркі: Сам на печы, хвост на плечы, Чыгункі ў пячурку.

Кошкі таксама развесяліліся, быццам перад канцом свету. Кур'яўкаюць, пішчаць па-свойму, па-кашачы, з людскога гора смяюцца. Жах мужыкоў апанаваў, той-сёй пачаў адставаць, нават Ахрэм нагнуўся на лапці абору завязаць, хоць тая і не думала развязвацца, і ў старасты-смельчака каленкі дрыжма дрыжэлі, так і думаў, як бы шмыгануць за вугал, а там стракача задаць. Навошта толькі папёрся сюды, праўду кажуцы калі не поп, то не апранайся ў рызу. А тут, ёлупень, у атаманы палез.

Заднія напіралі на пярэдніх. Пярэднія агрызаліся: — Не падганяй, бо не вельмі паедзеш!

Смялейшай ад усіх аказалася Ахрэмава сучка. Яна першай пачула кашачы дух на падворку; кошкі, пачуўшы шум-гаману, выскачылі з хаткі, стаіліся між вербалозу. Нават днём свяціліся іх вочы-светлякі. Кошкі шыпелі, нібыта гадзюкі. Натапырыліся, выцягнулі ў ніцую струну хвасты, усё роўна як папярэджвалі: не рушце — будзе кепска.

Сучка не спалохалася: рэзка сіганула цераз частакол, каб было дзе павярнуцца, з тых кошак адно поўсць паляцела б. Але двор маленькі, вузенькі. Муркі, як пантэры, ярасна кінуліся на сучку. Адна рвала ей кіпцюрамі морду, другая вострымі зубамі ўчапілася ў хвост.

Блізнюкі выскачылі з хаты. Убачыўшы мужыкоў, пачуўшы іх крыкі, пабеглі па хісткай кладцы да рэчкі. Тонкая слізкая кладка выгіналася, пад ёй хлюпала смярдзючая балотная ржа. Аступішся — і праглыне чортава вока, не выкараскацца. Днём не кожны асмеліцца пераадолець гэтую страшную дрыгву, а звечарэла — свішчуць камяні, кавалкі цэглы.

Відаць, не вылезці б блізнюкам з той дрыгвы, каб не дзікая кашачая ярасць. Кошкі ледзь не разарвалі бедную сучку. Яна паўзла, пакідаючы за сабой чырвоны след, з ёкатам і піскам быццам скардзілася на баязлівых людзей, што пакінулі яе сам-насам са страшнымі кіпцюрамі, вострымі ікламі шалёных Мурак.

Кошкі не кінуліся адразу за сваімі гаспадарамі. Выгнуўшы спіны, вышчарыўшы зубы, яны застылі перад кладкамі, нікога не падпускаючы да іх. Ужо ў Мурак, а не ў блізнюкоў ляцелі камяні, ды ніводная з іх не варухнулася.

— Бач, як блізнюкі ведзьмаў прыручылі, — сказаў Ахрэму на вуха стараста, — ратуюць сваіх кавалераў… не тое што нашы бабы.

Тым часам Юркі адолелі багну. Кошкі рынуліся за імі.

Сцямнела. Ніхто з вяскоўцаў не адважыўся ступіць на тую кладку.

— Га-га-га! — чуўся каля ракі вясёлы рогат,

Стараста і Ахрэм бажыліся пасля, што да хлапечых галасоў далучыліся дзявочыя. Можа, кошкі перакінуліся ў русалак і блізнюкоў пацягнулі за сабою ў рэчку?

Хадзілі чуткі: апоўначы, калі вёска засне, выходзяць яны на бераг. Скачуць, спяваюць, мяўкаюць. А зрэдзь, калі грыміць гром, смаліць агнём бліскавіца і вые ў комінах вецер, тыя кошкі-паненкі разам са сваімі кавалерамі прабіраюцца да хаткі-будана і падымаюць такі гвалт, быццам тысяча чарцей спраўляе свой баль. Блізнюкі свішчуць, кошкі мяўкаюць, ірвуць кіпцюрамі сцены, пагражаюць людзям помстай. I тады жывёла чуе страх, не спіць: хрыпяць на пашы коні, рыкаюць каровы, вішчаць у хлеўчуках свінні.

Доўга ніводзін певень не мог прыжыцца ў вёсцы. Добра, стараста Яўхім упрасіў папа асвянціць хатку-будан.

Прыадчынілі перад бацюшкам трухлявыя дзверы, і ў нос шыбануў смурод кашачага памёту, пачулася мяўканне… Поп з пераляку перажагнаўся: «Свят, свят, ізыдзі, сатана!»

Ен прачытаў малітву, папырскаў хату свянцонай вадой, і сам стараста адвёз яго назад у мястэчка.

У вёсцы спакваля паспакайнела. Закукарэкалі пеўні, закудахталі куры, але і сёння старыя людзі, мінаючы парэпаную вярбу-векавуху, дзе стаяла хатка блізнюкоў, абавязкова хрысцяцца і чытаюць пацеры.