Выбрать главу

Бабыль

Назаўтра таксама «Опель» не завёўся. Кашлянуў раз-другі, чмыхнуў незадаволена, як той лысы начальнік на трыбуне, і заглух. Бедны дзед Манюкін, мусіць, не рад быў, што звязаўся з «немчурой». Нібыта і зрабіў усе як маець: стартэр праверыў, замок запальвання, а ўсё роўна, трасцу матары, маўчыць матор, хоць бабу Аўдолю папрасі даць рады.

— Гэта нячысцікаў выбрыкі, — знайшоў, на каго зваліць віну, дзед, — я ўчора баяў вам пра іх, вось і ўсхадзіліся. Папярэджваюць, каб не біў язык аб нёба, маўчаў, а то машына ніколі не завядзецца. Трэба маўчаць, казельчыкі-верабейчыкі, так што даруйце…

— Дзеду, родненькі, няўжо ты баішся гэтых пярэваратняў?

— Ты ж такі смелы!

— Праўдзівы!

— Куды гэтым Мюнхгаўзенам…

— Вы Мюнхгаўзена не чапайце, — злуе дзед, — ён не які-небудзь капітан Врунгель, у якога са страусавых яек кракадзілы вылупліваюцца… У барона, вядома, ёсць слабасць — падпусціць іншы раз лёстачкі, а так у яго лыка ў радок, як і ў мяне.

— Дзядуля, мы таксама хочам лыка ў радок, — просім хорам. — Ну, калі ласка, пра чарцей што-небудзь.

— Дзе вы бачылі тых чарцей, — не згаджаецца дзед, — мусіць, вывеліся ці перабраліся ў іншую вёску, скажам, Жырмоны альбо тыя ж Боркі, там лес побач, балота. Ці не апошнюю ведзьму стрэў я тры гады нозад у Бабылёвым садзе. Вясной, дзеткі, было. Уся ў шэрым, гаротная. Дужа жаласна галасіла. Пэўна, шкадавала бабыля.

— А што з тым бабылём сталася?

— Доўгая гісторыя, казельчыкі-верабейчыкі, вельмі доўгая.

— Бай, дзядуля, бай, родненькі!..

— Эх, што з вамі зробіш. Трэ было б, канечне, маўчаць, бо і ў гэтай старой грушы ёсць вушы. Дальбог, пачуюць, ядрона вош, лазатыя, і не ездзіць мне, як пану, на «Опелі», а круціць педалі ровара ці, яшчэ горш, пешкі хадзіць. Ды хіба хвароба старога балбатуна вылечыць… Слухайце, дзеткі, не палохайцеся, вунь які я харобры, а і то дрыжу, так што мацуйцеся. Хто баіцца, бяжыце да бабы Аўдолі, хапайцеся за спадніцу.

Не сказаць, каб нядаўна было тое. Я тады хоць і маладзён быў, але і да зямлі не хіліўся. Добра ўсё памятаю. Дык жыў, гэта, у нашай вёсцы Даніла, хлопец-сірата. Бацькі яго рана аддалі Богу душу. Жыў хлопец адзін. Горка. Сіраце і ўзімку дзень доўгі.

Быў Даніла надзіва прыгожы. Увесь свет абыдзі — другога такога не знойдзеш. Высокі, статны, плечы — сажань, твар круглы, белы, валасы — пшанічныя. Заспявае — птушкі змаўкаюць, слухаюць сірочую песню, стане ў пракос, касцы не косяць, а любуюцца спрытам маладзецкім. I бондар Даніла адмысловы, свае бочкі ды кадушкі рэдка калі да кірмашу давязе, абавязкова людзі перастрэнуць па дарозе і купяць. Якую запросіць цану бабыль — такую дадуць. Бо не было зносу тым бочкам і кадушкам.

Лёгкую руку меў хлопец. Вялася ў яго скаціна, не пуставалі засекі.

Здавалася, выйдзі Даніла на вуліцу, свісні — і ад дзяўчат адбою не будзе. Самі на шыю павесяцца. Але дзіва дзіўнае: не гарнуліся дзяўчаты да бабыля. Нават дзеўкі-перастаркі не зважалі на яго. Ды што там перастаркі, гарбатая Гануля мінала дом Данілы.

I не раз, і не два хадзіў Даніла ў сваты. Кожны раз вяртаўся ні з чым. Каб не пакрыўдзіць майстра, гарбуза не давалі, тым не менш на кут не саджалі, да стала не запрашалі.

Напачатку Даніла смяяўся. Нават спяваў па дарозе назад:

Сеяў грэчку — не ўзышла. Сватаў дзеўку — не пайшла. Перасею, перажну, Перасватаю — вазьму.

Але чым далей — тым горш. Пойдзе Даніла ў карчомку, якую дзяўчыну ні запросіць на танец — адварочваецца ад яго, нібы ад гідкага кажана, скача з любым дзедам ці змаркачом — абы не з Данілам. Крыўдна — хоць плач. Атут яшчэ аднагодкі, у якіх дзеці бегаюць па надворку, дражняцца: «Даніла, Даніла! Чаму гэта цябе дзяўчаты не любяць?»

Напляваць ім, разумнікам, што балюча хлопцу, дужа пячэ пад сэрцам, хоць з хаты не вылазь, каб не чуць кепікаў.

Вядома, свет не без добрых людзей, суцяшаюць бабыля: «Махні рукой на зласліўцаў, Даніла, хай звоняць, пакуль ахвоту згоняць!»

Ды лёгка даваць парады. Ад іх не лягчэй.

Так ці гэтак, але аднойчы сусед падбіў Данілу паспытаць шчасця на далёкім хутары.

— Там у аднаго небаракі шэсць нявест на выданні, — казаў сусед, — галота, на вераб'іныя харчы жывуць, скваркі ў той хаце днём са свечкай не знойдзеш. Так што радуйся…

Прыехалі яны на той хутар, зайшлі ў хату. Глянуў на дзяўчат Даніла, і ў вачах пасвятлела. Нявесты — як на падбор. Спрытныя, прыгожыя і не цураюцца яго, Данілы, шчабечуць, паказваюць свае вышыванкі, выцінанкі, а то і пражу, посцілкі. Кожная па-свойму падлабуньваецца да хлопца.