Выбрать главу

— Кажух нясі! — загадаў старой. — Ды буркі з бахіламі. Расселася на печы, язык распусціла. Пільнуй курэй сваіх, а не мяне.

— Дай, бацька, я табе руку пацалую, — заплакаў Даніла, — думаў, выставіш за парог, а ў мяне надзея на аднаго цябе, усе адракліся ад беднага бабыля.

Надзеў я ваенны фрэнч, галіфэ, апрануў кажух і на ўсякі выпадак пляшку свянцонай вады сунуў у кішэню: беражонага Бог беражэ.

Перажагналіся мы і ступілі за парог. Баба ўжо не лямантавала, а ціхенька падвывала, нібы ў апошнюю дарогу праводзіла.

Сабака сарваўся з ланцуга і ўчапіўся зубамі за крысо, не пускае, цягне назад у хату. Выхапіў я ў Данілы пугу і смальнуў па ім. Адскочыў убок і жаласна глянуў у вочы, хоць ты вярніся, пакуль не позна.

Эх, захацелі Манюкіна запалохаць. Хоць сівы, але маю сілы. Скочыў я ў сані. Даніла атуліў мяне мядзведжай шкурай, паднёс чарку пярцоўкі, засланіў спіной ад ветру. I памчалі мы на той хутар. Свішча вецер, снег лепіць, а мы ляцім, конь — агонь. Дальбог, на печы добра, а з добрым чалавекам у дарозе лепей, хоць і настрой у гэтага чалавека неважнецкі. Скажа слова — і макроту пускае. Дзяцюк, называецца. Не вытрымаў я.

— Цыц, жаба, — кажу, — чаго нюні распускаеш, Бога гнявіш. Ён сілу табе даў, багацце, а ты ўсё незадаволены. Тваю бяду рукамі развяду!

Сам думаю: «Можа, тая Марына ўжо сасватана? Не было сватоў, не было, а тут адбою няма. Ці не тая зязюля-ведзьма падаслала іх?»

Так ці інакш, дабраліся мы такі да таго хутара. Я, мабыць, добра б замёрз, каб не пацалаваўся разы са тры з біклагаю. Дзе карчмар Моўша дастае толькі такую пякучку? Даўно не быў у карчомцы, трэба заглянуць кольвечы, бо што гэта за мужчына, які, не раўнуючы, як дзіцё, трымаецца за бабіну спадніцу? Я ж, дзякуй Богу, не порхаўка, якую ціскані — і пасыплецца.

— Тп-п-пру! — закрычаў Даніла.

— Ру-ру! — панесла рэха.

Глянуў я і анямеў. Няйнакш паны хутар апанавалі: белыя коні, вараныя, у яблыкі! А якія сані — паглядзелі б вы самі. Жыццё пражыў, а такіх не бачыў: высокія — з панскімі гербамі, з узорамі, сядзенні мяккія, верх крыты. Грэшным дзелам падумаў, ці не ашукаў мяне Даніла, паклікаў сватаць князёўну, а не бедную дзяўчыну. Прыжмурыў вочы, агледзеўся. Хата старэнькая, нізенькі хлеў, плот з частаколу.

— Ідзі, — кажу Данілу, — у хату, пагавары з дзяўчынай, я скора буду. Ён і пайшоў. Я тым часам паадвязваў коней, залажыў пальцы ў рот і напачатку ціха, пасля працяжна і глуха завыў. Коні заржалі, захрыпелі, быццам збіраліся іх рэзаць, а там як панесліся наўскач. І смех і грэх! Я — шусь за вугал. Толькі паспеў схавацца, госці з хаты павыскаквалі. Крычаць, рукамі размахваюць, нічога зразумець не могуць. «Крычыце, — думаю, — не скора вы свае сані знойдзеце…» Сам тым часам адчыняю дзверы ў хату. Бачу — пуста, толькі Даніла з Марынай абдымаюцца, глядзяць адно на аднаго, вочы свецяцца. На мяне не зважаюць, як не бачаць. Мне гэта і трэба. Выцягнуў я з кішэні бутэльку са свянцонай вадою і давай пырскаць у кожны вугал. Не абмінуў і запечак. Лоп-лоп — вывалілася адтуль вялізная шэрая зязюля. Злосна глянула на мяне, махнула крыламі раз-другі, раскрыла дзюбу — дым з яе паваліў. Я шапчу пацеры, вады не шкадую…

— Ой, вой — баліць! — шапнула па-чалавечы зязюля і набок павалілася.

У хаце адразу ж пасвятлела. Даніла адарваўся ад дзяўчыны, кінуўся абдымаць мяне: «Дзеду, дзеду, Марына згодна стаць маёю жонкай! — Апусціў вочы долу і ўбачыў мёртвую зязюлю. — Божа літасцівы, — перажагнаўся, — гэта ж тая самая, што прыснілася мне».

Вяселле было на славу. Усе ў нашай вёсцы дзівіліся, якую прыгожую нявесту знайшоў Даніла. Кусалі губы дзяўчаты ад злосці: такому жаніху ганьбу давалі. Дзе толькі вочы былі?

— Уся вёска гуляла на тым вяселлі. Я на покуці сядзеў, а сват-сусед у сенцах, разам з жабракамі.

Бельчык

Кажуць, застаў дурня богу маліцца, то ён і лоб разаб’е. I хоць наш дзядуля не з такіх, жыўцом на неба не лезе, але ў нядзелю святкуе: ні малатка, ні пілы ў рукі не возьме. Вось і чакаем мы той нядзелькі, як жаўранак вясны. Вядома, дзядулю сумна. А мы ўжо сядзім пад грушаю, глядзім на дзверы.

Сварыцца ў нядзелю вялікі грэх. Нават з бабуляй. I не занятак для адважнага дзеда лічыць мух на столі. Іх не позна і зімой пералічыць, калі холад не выпускае з хаты.

Рыпаюць дзверы. Вытыркаецца спачатку рука з люлькай, а там і дасціпны манюкінскі нос.

— Ну што мае вы, каласочкі-красачкі, дачакаліся? Слухайце, запамінайце, на вус матайце, а хто вусоў не мае, хай тапк запамінае.