Раней у лесе, убрыкні вас качкі, звяроў і птушак розных было не менш, чым соснаў і бяроз. Мядзведзі ладзілі бярлогі ледзь не пасярод вёскі, заходзілі да нас, як да знаёмых, павітацца, мёду папрасіць. Не ўсе, праўда, такія ветлівыя былі. Узваліць іншы Мішка пчаліную калоду на плечы і папёр у лес: ні добры дзень табе, ні будзь здароў. Але ўжо калі ў лесе цябе перастрэне, то бяды не прычыніць, саступіць дрогу. Як кажуць, ведае кошка, чыё сала з’ела.
Здаралася, і лісіцы не абміналі куратнікаў. Праўда, не хапалі нясушак, а цягнулі кур-гультаек, на якіх певень дзюбай пакажа.
Вось аднойчы, здаецца, у маі, узяў я посцілку і падаўся Вэньскай дарогай пад Стражніка. Наш дзік Свінтус-грандыёзус (той самы, што вальс у цырку танцаваў) павыдзіраў са сцен мох. Пэўна, не падабался яму, дзікаму вепруку, у цяпле ляжаць. Неба не відаць, ды і вецер у катусе не свішча. Ну і пастараўся. А мне бяда, заела баба Аудоля: ідзі па мох — і ўсё тут. Трэба шчыліны пазатыкаць.
Іду, пасвістваю. Жыта зелянее, траўка новая прабіваецца ўздоўж дарогі, а ў небе жаўрук дрыжыць. Холадна беднаму ў вышыні, а спусціцца на зямлю гонар не дазваляе, вось і саграваецца песняй. Толькі пад старасць адчуваеш, не вечны чалавек, аднойчы абарвецца жытка, як і гэтая жаўрукова песня. Але што гэта мяне, старога дурня, на хвіласофію пацягнула. Радуйся кожнай светлай хвіліне, цеш сябе тым, што яшчэ не вечар.
У лесе не стрымаўся, каб не заглянуць у Дубовае балотца, дзе мы з бабуляй Аўдоляй жалуды збіралі і знайшлі нашага Свінтуса-грандыёзуса. Дзякуючы яму, пра нас увесь свет даведаўся, карэспандэнты з тэлевізіі прыязджалі, здымалі гэты самы дуб. Упрасілі мяне яшчэ раз на яго залезці, трасці жалуды, а бабу збіраць іх. Сам ніводзін не асмеліўся паўтарыць маю манеўру. Смелякі, ядрона вош! Такіх не тое што нячысты — заяц напалохае.
Патупаў я каля дуба, патупаў і пайшоў унізіну. Там густы ельнік, цёмна. як ноччу. За некалькі хвілін надраў я медна-залацістага, вільготнага моху, вынес яго на паляну, хай прасохне, лягчэй-такі будзе несці.
Заплюшчыў вочы. Ад свежага паветра галава крыжцца. Зязюля кукуе. Жыць бы вечна. Ды раптам аж здрыгануўся, штосьці ў нагу таўханула. Не дай бог, вужака. Глядзь. Вачам не веру. Белы звярок з ката. Галава вялізная, хвосцік пацучыны, тулавішча тоненькае. Пах рэзкі, едкі. Ніводная хатняя жывёліна так не пахне.
Узяў я звярка на рукі. Ён рот раскрыў, зубкі паказаў. Ого-го, якія мы страшныя. Няўжо воўк? Але чаму ж ён тады белы? Такіх быццам не бывае. Смешна. Сто гадоў мысліваму, а звяроў лясных не ведае. Пачаў я круціць звярка і так, і сяк. Звар’яцець можна. Каб не белая афарбоўка, то не тое што пабажыцца, прысягнуць можна — ваўчанё, дый годзе.
Агледзеўся вакол, патупаў.Няма ніякіх ваўчыных слядоў. Як звярок апынуўся тут, чаму адзін? А дзе яго браты-сёстры, урэшце, бацька з маці?.. Можа, кінулі вырадка, скідаюць жа буслы, здараецца, буслянят слабых з гнязда. А можа, чэрці-хуліганы пацвельваюцца са старога чалавека? Залезла ў дупло якое-небудзь люцыпаранё і пасміхаецца.
Так ці інакш, але я рашыў забраць звярка дадому, бо прападзе адзін тут у лесе: памрэ з голаду ці стане здабычай лісы. Паклаў яго за пазуху, узваліў на плечы посцілку і паспяшаўся дахаты. Дужа хацелася есці, баба абяцала мачанку з блінамі. О, гэта цуд-страва, ідзеш, думаеш пра яе, і дарога ўдвая карацей, і ношка лягчэй.
Выкінуў я мох у хлеў, у хату падаўся. Пахла мачанкай, блінамі, але я не кінуўся, як заўсёды, да стала, а выцягнуў з-за пазухі свайго звярка, паставіў на падлогу. Сагрэўшыся, ён драмаў. Пасля расплюшчыў вочкі, заплюшчыў, усім целам уздрыгнуў.
— Дзе ты ўзяў гэтае ваўчанё? — спытала баба.
— У суседа ўзяў, — кажу, — сучка прывяла.
— Ты мне лапшу на вушы не вешай, — не паверыла баба. — Пах звярыны: мух з носа падаставай — сам учуеш.
Во, думаю, дае старая варэпаўка. Такую не ашукаеш, сама каго хочаш за нос паводзіць — з мухамі ён ці без мух. Толькі Манюкін на тое і Манюкіі: так проста не здасца.
— Хіба гэта ваўчаня? — пераходжу ў наступ. — Вочы разуй. Ён жа белы, як снег. Бялей за твае белыя саматканкі.
— Аль-бі-нос! — прапела баба.
— Што-што? Які нос? — здзівіўся я.
— Альбінос! Альбінос! — паўтарыла старая.
Ці не розум страціла, думаю, пра нейкі нос чаўпе. Ды яна тут давай слоўцамі сыпаць, як па-пісанаму:
— Сярод звяроў і птушак час ад часу трапляюцца белыя екземпляры. Прырода шуткуе. Ёсць белыя вярблюды, львы, вароны, ваўкі, лісіцы… Альбіносамі па-вучонаму называюцца. Ад лацінскага альбус — белы. На 50 тысяч чорных варон адна белая.
Мне аж дух перахапіла. Гэта ж трэба, старая чытае па складах, ледзьве-ледзь распісацца можа, а тут на латыні загаварыла. Канец свету.