Выбрать главу

Стаіць мой ваўчок на беразе, пазірае.

"Што вылупіў вочы, — жартую, — лезь памагай, гультаіна!"

Бельчык скок ў ваду, фыркнуў, атросся і ў вочы глядзіць.

"Муці ваду, заганяй ад берага рыбу!" — кажу для смеху.

Паставіў кломлю пад вуглом да берага. і мой Бельчык забег наперад і давай лапамі барабаніць, траву і чарот калашмаціць. Божа, шчупак кілаграмовы, два яльцы. Гэта ж трэба!

Аднаго яльца я адразу ж ваўчку аддаў: галодны ён. Бульба для яго не наедак. Не міргнуўшы праглынуў таго яльца. Яшчэ з большым імпэтам пачаў памагаць мне. I пайшло, і паехала. Буйную рыбу ў торбу кідаю, драбнейшую аддаю ваўчку. А ён хітры, куды таму сабаку. Пастаўлю кломлю каля куста, трымаю, каб не сарвала плынню, камандую ціха: "Заганяй!" Бельчык асцярожна зойдзе наперад, пасля як наробіць лопату, муты — уся рыба наша, ёй няма куды дзявацца. Так не кожны чалавек справіцца.

"Д’ябал ты ці анёл, — думаю, — але клапоцішся, каб не памёр Манюкін з голаду".

Цяпер у вёсцы не было больш удалага рыбака за мяне. Раз прыпёр цэлую торбу рыбы, другі. Баба за галаву схапілася. Ніколі не чула, каб сабака рыбу памагаў лавіць. (Пры людзях мы называлі Бельчыка сабакам.) Цяпер і мы, і наш ваўчок не галадалі. Ён дзяліўся рыбнымі кішкамі з гусямі. Яны былі за гэта вельмі ўдзячныя яму. Вечарам займаць не трэба было: самі дадому прыходзілі.

Бельчык за нейкі месяц падрос, наліўся сілай. Ноччу, калі не ішлі на рыбалку, ваўчок дзесьці прападаў. Вяртаўся пузаты, адно ваду жлукціў. Да рыбных кішак на радасць гусей не дакранаўся. Пэўна, бегаў у лес на паляванне, бо не чуваць было, каб у людзей што-небудзь прпадала. Праўду кажуць, воўк не крадзе авечак там, дзе жыве.

Двойчы Бельчык прыносіў жывых зайцаў. Баба асвежавала, цуд мачанка, смачней за гусяціну.

Неяк пад раніцу прачнуўся я ад крыку.

"Ой, ё-ёй, ой, ёй-ёй!" — неслася з падворка.

Схапіў я сякеру і подбегам з хты ў падштаніках. Зірк. Бельчык сціснуў за руку здаравеннага мужчыну. Той крычма крычыць, аж заходзіцца, а ваўчок не пускае. На зямлі нож здаравенны, з касы, валяецца. Прыгледзеўся я — алёхаўскі злодзей Палікар. Дык вось хто гусака ў нас украў! Мала, мабыць, па другога прыйшоў.

"Ды што гэта ты, ягамосць, старых людзей крыўдзіш, — кажу, — вось скамандую сабачку, і адгрызе ён табе руку. Ніхто цябе не пашкадуе, толькі дзякуй мне скажуць".

Ваўчок як разумее, мацней сціскае зубамі злодзея, а ў таго ўжо кроў з рукі льецца, нават галасіць перастаў. Я па натуры добры, шкада злодзея, а ён яшчэ просіцца: "Дзядзечка, міленькі, адпусці?” І адпусціў я. Злодзей Палікар аддзячыў: прывёў назаўтра авечку.

А ваўчок знікаў часцей і часцей. Аднойчы прыпёр на падворак карову з малым бычком, а сам знік.

Тры дні не ведалі мы з бабай, што рабіць з каровай і бычком. Прыгнаў іх Бельчык, само сабой, здалёку. Памры, а гаспадароў не знойдзеш. Да таго ж карова калгасная, бо вушы праколаты. I вырашылі мы пакінуць яе з бычком дома. Дзе той калгас знойдзеш? Можа, ён дзесьці за Рысавам-Барысавам?

Эх, пасёрбалі мы заціркі, маслам завесы, каб не рыпелі, мазалі, а смятану пілі конаўкамі. Не верыце, нябось. Чыстую праўду кажу, чэснае манюкінскае.

Зграя

Я ўжо казаў, мае вы казельчыкі-верабейчыкі, што раней мы з бабай жылі кепска, ледзьве канцы з канцамі зводзілі. Мукі, каб спячы хлеб, не было. Вось і сядзелі на адной бульбе. Дзякуй Бельчыку, хоць на малако ўзбіліся. Авечка акацілася, можна было б адно ягня зарэзаць, але які з яго, малога, наедак, трэба падгадаваць. Тады і капусту будзе чым аздобіць. З бульбай бараніна ого-го, смаката, за вушы ад патэльні не адцягнеш. Тут і хлеба не трэба.

Сядзелі мы неяк з бабай за сталом, сербалі кіслае малако з драўлянай міскі, бульбай заядалі. На снеданне — малако, бульба і на абед, вячэру — бульба, малако. Можна каровай замыкаць, калі такая страва і тыдзень, і два, і месяц. Занядужала старая.

— Эй, акрайчык бы хлеба, як рукой бы немач зняло! — паскардзілася неяк.

Мне таксама ад слоў яе захацелася хлеба, аж у жываце забурчэла. Легка сказаць, але дзе яго ўзяць. Трэба ісці ажно ў Гарэлаўку. Праз лес, праз поле, замерзлую рэчку. Дваццаць вёрст. Летам адолець іх — раз плюнуць, а ў трыццаціградусны мароз сліна, бадай, на хаду замерзне. Хадзілі, хто маладзейшы і здаровы. Гэта цяпер людзі распанелі. Ледзь што якое — падавай ім ровар, а то і машыну.

Глянуў я, мае вы каласочкі-красачкі, на бабулю і падахвоціўся пайсці па хлеб. Грошы ў нас тады акурат завяліся, двойчы баба насіла на базар масла. Добрую капейку далі.

Апрануў я кажух, абуў буркі з бахіламі, падвязаў пад бараду шапку-аблавушку і пасунуўся ў Гарэлаўку, мароз з раніцы не надта прыпякаў, хоць сонца свяціла, а не грэла. Я — лёгкі, шыбаваў па цаліку, не правальваўся. Такая пара найстрашней для ласёў. Іх снег не трымае, ваўкоў трымае. Вось і гоняць лася вёрст дваццаць. Той выбіваецца з сіл, месячы снег, а ваўкам хоць бы што. Стоміцца лось, апануе яго зграя з усіх бакоў. Ужо не выпусцяць беднага. крычалі, ледзьве выбраўся. Восем гадзін на нагах, а яшчэ проці ночы дадому валачыся. Застацца б у Гарэлаўцы, пераначаваць у кума, а ранічкай назад дыбаць. Ды я абух зацяты, надумаў назад цялёпкацца.