Бачылі нябось, як сена ў посцілках цягаюць. Так і я, хлеб завязаў у вялікую хустку, цераз галаву ўздзеў яе на плечы, усё лягчэй і рукі вольныя. I паплёўся за аселіцу, а там па цаліку перасоўваў ногі. Шлях няблізкі, а сілы ўжо не тыя, што раніцай. Паспяшаеш — аслабнеш.
Недзе праз гадзіну я ўжо зразумеў: завідна не дабрацца, давядзецца дыбаць ноччу. Піліпаўка. Сама ваўкі гайнююць. Цяпер яны злосныя: калі ўчуюць — капцы. Баба не ўбачыць ні Манюкіна, ні хлеба.
Намацаў нож у кішэні. Зброя, канечне. Гэта калі сам-насам з воўкам сустрэнешся. Але ваўкі ў Піліпаўку ў зграі збіраюцца, па адным не ходзяць. Там іх дзесяткі. Калі што якое, то і дубальтоўкай не абаронішся.
Тым часам зусім сцямнела, Аднекуль наляцеў вецер-свяжак, а там узняўся віхор, які мігам перарос ва ўраган. Страшная сіла падхапіла мяне, чмякнула на снег і пакаціла, нібы ахапак сена. Добра, што пашэнціла: ухапіўся за лазовы куст. Вакол выла, енчыла і скавытала белая замець. Паспрабаваў я падняцца, але зноў гопнуўся ў снег, не ўтрымаўся ўжо за куст і пакаціўся па снежным полі.
— Божа, ратуй! — паспеў крыкнуць і страціў прытомнасць. Ачомаўся, мае вы каласочкі-красачкі, я ў нейкім падзямеллі. Ці не на тым свеце? Цемрыва. Памацаў вочы — нібыта цэлыя. Палез у кішэню па люльку — на месцы. Крэсіва і трут таксама не згубіў. Давай рукамі шнарыць вакол. Нейкая поўсць, і тут гэтая поўсць заварушылася, уздыхнула. Я ўжо да чаго смелы, але тут ледзь прытомнасць не страціў.
Заплюшчыў вочы, расплюшчыў. Бачу — вакол вугалькі свецяцца. Пачуў дух звярыны. Рэзкі — аж дыхаць цяжка. Ледзь не завыў ад жаху. Нейкія чорныя постаці вакол мілыаюць. Вугалькі-ліхтарыкі. Можа, страшны сон? Нехта сапе, уздыхае і туліцца да мяне.
— А-а-а! — зароў я немым голасам. — Мама-а, рату-уй! Падняў такі перапалох, што чорныя прывіды замітусіліся, забегалі, закляцалі зубамі.
Раптам сцяна, ля якой я сядзеў, пахіснулася. Мяне прыдавіла. Хтосьці ўхапіў за каўнер і пацягнуў.
— У-у-у! — пачулася працяжнае выццё.
Расплюшчыў вочы. Белае снежнае поле, вакол ваўчыная зграя шчоўкае зубамі, а побач са мною… Бельчык. Ліжа твар мой, бараду.
Бельчык гыркнуў на ваўкоў, тыя адышліся. Ён падбег да груды снегу і давай лапамі грэбці. Выцягнуў маю хустку з хлебам. Трэба ж, усе разумее.
Зноў Бельчык кінуўся да груды. На гэты раз выграб здаравенную ласіную лапатку. Ваўкі пазіралі на яе з прагнасцю. Яны адразу ж пасунуліся да нас. Адзін зусім блізка падступіўся. Бельчык ашчэрыў вострыя клыкі, шчоўкнуў зубамі, ступіў некалькі крокаў наперад. Мусіць, воўк ведаў яго нораў, бо, падціснуўшы хвост, адбегся назад.
Мне ўсё стала ясна. Бельчык — важак воўчай зграі. Тут ён князь і не пацерпіць неслухаў. Відаць, ваўкі напалі на мой след, калі я вяртаўся з Гарэлаўкі. Яны ў Піліпаўку лютыя і страшныя, і як бы ні пашанцавала са здабычай — вечна галодныя. Рожкі ды ножкі засталіся б ад дзеда Манюкіна, каб не важак зграі. Бельчык зацягнуў мяне ў пячору пад снегам, адагрэў сваім целам.
Абняў я ваўка, заплакаў. Зграя тым часам страціла да мяне інтэрас, ваўкі адбегліся наўзбоч. Узваліў я хустку з хлебам за плечы і рушыў наўскасяк пералеску, дзе стаяла наша вёска. Бельчык дагнаў мяне, ухапіў за крысо кажуха і пацягнуў назад.
«Ці не хоча, каб я, Манюкін, застаўся з ім у зграі?» — думаю. А воўк цягнуў мяне да ласінай лапаткі. Вось яно што — падарыць хоча.
— Бельчык, — кажу, — не дацягну я гэтай лапаткі дадому. Яна сама меней два пуды. Крый божа, хто-небудзь з суседзяў убачыць і заявіць у міліцыю. Тады ў турму ўпякуць. Дальбог, упякуць, за жытнія каласкі саджаюць, а за лася тым больш пасадзяць. Ну скажу — воўк падарыў. Засмяюць. Дабавяць тэрмін за абразу правасуддзя.
Не хоча воўк разумець — без падарунка не адпускае. I тады развязаў я хустку, выняў хлеб, а ў яе паклаў ласіную лапатку. Хлеб звязаў папругай. Цяпер, хто ні стрэне, падумае: во набраўся, стары, хлеба — і ў хустцы за плячыма, і ў руках.
Да вёскі было недалёка, нейкіх вёрст пяць. Гадзіна хады. Мала я не дайшоў. Баба і не ведала б, што замёрз яе дзед побач з домам.
Бельчык правёў мяне да самай аселіцы. Там і развіталіся. Ён падскочыў, лізнуў мяне па-сабачы ў твар, заскавытаў і пабег. Яго чакала зграя і, пэўна ж, ваўчыца-каханка.