Выбрать главу

Яшчэ гадоў дзесяць чуў я аповеды паляўнічых пра белага ваўка, які не баіцца ні стрэлаў, ні нават агню. У яго на шыі сырамятны ашыйнік. Пэўна, некалі жыў сярод людзей. Зграю белага ваўка ні разу не ўдалося аблажыць. Важак мацёры, хітры, загадзя чуе небяспеку, не баіцца скакаць цераз чырвоныя сцяжкі. За ім сігаюць астатнія.

Баба як не ўзрадавалася майму вяртанню. Лае, кляне. Дзе, маўляў, швэндаўся? Тры дні дома не было. Пэўна ж, піў гарэлку ў карчомцы, а яна вочы праглядзела, чакала. Чула, як выюць ваўкі за вёскаю.

Само сабой, я расказаў ёй усё. Мяса ласінае аддаў. Рэшту да капейкі. Не верыць — хоць ты памры. І сення не верыць. Яно-то, канечне, цяжка паверыць. Але раскінула б старая макаўкай: за якое такое ліха я піў, калі ўсю рэшту вярнуў. Адкуль у мяне два пуды ласяціны? Няўжо я ўпаляваў таго лася ці лук з вярбы змайстраваў і падстрэліў?

Восьтакая прыгода напаткала мяне. Хочаце верце, хочаце не верце, але дзед Міхед зайздросціў мне. Яно, зразумела, ні ў Мюнхгаўзена, ні ў Міхеда ніколі не было такога сабакі, як мой Бельчык. Барон кучу грошай траціў, каб пракарміць сваю псярню, а той воўк і сябе, і нас з бабай карміў. А ўсё таму, што ён ведае, з кім сябраваць. Манюкін не кіне сябра ў бядзе — заўсёды выручыць.

Конь-агонь

Кажуць, яшчэ не нарадзіўся той чалавек, які б цыгана перахітрыў. Ён прадасць табе казла за вала і даплату возьме. Цыган на тое і цыган, каб акруціць сумленнага чалавека, ачмурыць, неўпрыкмет увесці ў зман. Апомніцца небарака, а ў кішэнях вецер свішча, у руках аброць без каня, хоць, дальбог, купляў шэрую кабылу ці варанога жарабца.

Памятаеце, як цыган дзеду Шчукару кабылу прадаваў? Праехаў Шчукар на той кабыле пару вёрст, а яна пачала зігзагам хадзіць, на вачах худзець. Была тоўстай — стала тонкай. Хітры цыган надзьмуў тую кабылу, выпала затычка, паветра вылецела са свістам, і каняка на вачах паменшала, ад ветру хістаецца.

Як я рагатаў з дзеда Шчукара! Гэта ж трэба такім ёлупнем быць. А хутка і сам трапіў у нерат: ні ўзад ні ўперад. Сёння ты з чалавека смяешся, пальцам на яго паказваеш, а заўтра каб з цябе не пасмяяліся. Так ужо здарылася: узгрыбчыліся мы з бабай Аўдоляй на капейчыну. Гаспадары. Карова ёсць, бычок, авечкі, гусінае царства, курынае. Унукі раней носа ў вёску не паказвалі, а то адбою ад іх не стала. Едуць папіць сырадою, бараніны паспытаць, разбіць на патэльню не інкубатарскіх белых яек, а жоўценькіх, свежых, адразу з-пад курыцы.

А тут зямлю пачалі калгаснікам даваць. Бяры — не хачу. Бяры гектар, бяры дзесяць. Дзіва з гэтай улады: то па вуглы хаты соткі абрэжуць, то шчодрасць пакажуць. Пэўна, у Менску, у Доме ўрада, воўк на парозе здох, вось і расшчодрыліся.

Я да работы ўвішны. Калі ўзяўся за дзела, то за вушы ад яго не адцягнеш. Дальбог, стаў бы фермерам, купіў бы трактар, машыну і ого-го якія б ураджаі атрымліваў, каб зямлі нарэзалі. Хадзіў у сельсавет, на разведку. Так і кажу там: «Хачу, ядрона вош, стаць фермерам, Дайце паўсотні гектараў зямлі, і я свет здзіўлю. Бульба будзе большай як бручка, а рэдзька з добры качан капусты. Сакрэт у мяне ёсць. Так што згаджайцеся, пакуль не перадумаў».

Старшыня палез у нейкія паперы. Доўга гартаў іх, а пасля сказаў, што зямлі мне не додуць. Нейкі там начальнік, што любіць па тэлівізіі выступаць, загадаў не запісваць стогадовых у фермеры. Супраць начальніка не папрэш. Ён што хочаш загадае. Гаспадарку па-іншаму прымусіць наладжваць. Тады мне і бабе давядзецца перавучвацца. А гэта цяжка ў нашым узросце.

Упрасіў-такі даць адзін гектар. Калі сумленна, то начальнік (не дам яму ганьбы) мае рацыю. Завідушчы народ — стогадовыя. Навошта мне, прынамсі, пяцьдзесят гектараў, калі я і аднаго без каня ўрабіць не магу? Вось і надумаў купіць чатырохногага сябра. Баба пагадзілася. Яна прачула дзесьці, што коней без даведак не прадаюць. Давялося ісці ў кантору. Там Зіна Клінава выдала мне паперку аб стажы. Семдзесят восем гадоў ажно — з іх семдзесят дзевяць член прафсаюза. А вось даведкі, што я стрыечны брат Радзівіла, не выдалі. Шкода ім, быццам Кухцічы, дзе быў родавы маёнтак Радзівілаў, за сто вёрст ад нашага Чурылава, а не за нейкіх пятнаццаць. Бю-рак-раты!

Завязаў я гэта, каласочкі-красачкі, грошы ў бабіну хустку. Ледзьве ўціснуў, шмат «зайцоў» трэба за каня аддаць, не пры касых казана.

Бліжэйшы кірмаш ва Уздзе. Восем вёрст для такога хадака, як я, не дарога. За гадзіну прыджгаў. (Дзед Міхед у партызанах не мог са мной сысціся.)

Кірмаш як кірмаш, іржуць коні, пішчаць парасяты, і ўсе разам (і пакупнікі, і прадаўцы) галёкаюць. Карацей, штурханіна, гвалт, мітусня. У кожнага свой клопат-мітрэнга.