Выбрать главу

I тут цюкнула мне ў галаву яшчэ раз сустрэцца з тым цыганом. Хе-хе-хе. Купіў я ў нашай чурылаўскай краме капялюш фацэтны, гальштук, белую кашулю. Мой сусед, крывы Зусь, пастрыг мяне, пагаліў. Пакінуў толькі вузенькія вусікі. Сівыя. Давялося іх сажай падчарніць. Глянуў я ў люстэрка — не пазнаў сябе: на паўвека памаладзеў, хоць у сваты вядзі.

Цэлы тыдзень круціўся я каля люстэрка. Тройчы хадзіў да загадчыцы клуба. Яна два месяцы ў горадзе нянькой працавала і вяскоўца ад гараджаніна, дзякуй Богу, адрозніць.

— Маруська, ягадка, — кажу, — у госці да свата збіраюся. Ён у мяне прахфесар, здзівіць хачу, апрануцца па-гарадскому. Памажы!

Маруся круціла мяне і так і сяк. То капялюш набок паправіць, то гальштук перавяжа. Насоўку параіла высунуць з фрэнча, каб відаць была. I хадзіць дробненька вучыла.

— Ну, дзеду, — сказала нарэшце, — неблагі артыст бы з цябе выйшаў. Толькі грошай на адэкалон не пашкадуй, а то сенам пахнеш. Добра б твар пабяліць, рукі пясочкам адшараваць. Яно-то можна і пальчаткі белыя купіць…

У нядзелю раніцай, яшчэ радзіва не загаманіла, я ціхенька, каб бабу не пабудзіць, падняўся. Памыўся, пагаліўся, вусы падкруціў, абліў твар і галаву адэкалонам, насунуў на свае рукі-караўкі пальчаткі. Глянуў у люстэрка. Божа мой, пан не пан, а падпанак пана Ёцкі. Белая кашуля, гальштук, чорны касцюм і вузенькія шляхетныя вусікі. Ды мяне баба родная не пазнае, не тое што нейкі там цыган бязносы.

Ва ўнукаў «дыпламат» паклаў я кабылін хвост і паспяшаўся на кірмаш. Рупіла найхутчэй са знаёмым цыганом сустрэцца. Не ведаю, што ў галаву стукнула, іду і чаўпу як заведзены: «Няхай жыве Карла Марла і сем раз на тыдзень конскі базар!» Людзі вітаюцца, а я ўсё ім пра Карлу Марлу. Апомніўся, калі хтосьці сказаў за спіной: «Паны ўсе дурныя, і гэты, відаць, загаворваецца!»

Цыган, як і тыдзень назад, трымаў за вуздэчку белага жарабца. Той, здаецца, яшчэ папрыгажэў. Горда ўскідваў галаву, трос ёю, іржаў і перабіраў капытамі. А цыган не сунімаўся: «Конь-агонь, налятай — не зявай. Аддам за рублі, каб добра жылі. Пяць мільёнаў зайцоў, і дзела з канцом!»

Коней прадаюць, вядома, не ў цэнтры кірмашу, а наводшыбе. Побач дарога. Агледзеўся я, прыкінуў — лепш не трэба. Ступіў да цыгана. Пазнае ці не пазнае? Да гэтага я заскочыў у карчомку, глынуў для смеласці кубачак пярцоўкі. Там двух нашых чурылаўцаў убачыў. Зіркнулі на мяне — не пазналі. Толькі здзівіліся, чаго гэта пан не ў лестаране, а ў мужыцкай забягалаўцы.

Цыган мяне адразу ж згледзеў.

— Можа, пан жарабца хоча купіць? — пытаецца. — Пяць мільёнаў — і дзела з канцом.

Я выцягнуў з кішэні табакерку, узяў двума пальцамі белай пальчаткі крыху табакі. У адну ноздру піхнуў, у другую.

— Ап-п-п-чхі! — чыхнуў на ўвесь базар.

— Будзьце здаровы! — азваўся цыган.

— Будзьце здаровы! — як з-пад зямлі вырас даўганосы.

— Чатыры! — кажу.

— Што чатыры?

— Мільёны чатыры!

Цыган не ўступае. Я таргуюся. Слова беларускае, слова расейскае, каб пыл у вочы пусціць.

Народу — хоць гаць гаці. Не жартачкі, тут жарабца купляюць, а не парася.

— Чай, ворованная лошадь, — падкідваю шпільку, — берешь на бога, цыган. И хозяин, и милиция ищут.

Цыган божыцца, клянецца, што жарабец цыганскай гадоўлі, нават нейкія паперкі паказвае. Вочы бегаюць, шнараць. Ат, ведама, на злодзею шапка гарыць. Разгубіўся.

— Чатыры з паловай, — кажа, — і па руках. Так і быць, паўмільёна ўступлю!

— Хай будзе па-твойму! — згаджаюся. — Толькі паспытаць хачу каня, можа, ён і бегаць не ўмее. Трымай во «дыпламат», тут дзесяць мільёнаў.

Даўганосы надзеў сядло на жарабца. Засупоніў пад жыватом. Падсадзіў мяне на жарабца, даў у рукі вуздэчку і бізун.

— О, як пан файна сядзіць! — пахваліў.

Я і сам сабе падабаўся верхам на кані. Эх, не было фатографа, хай бы шчоўкнуў. А жарабец, што там казаць — парода, гарцуе пада мной. Людзі глядзяць на нас, любуюцца.

— Скача твой конь добра, — кажу цыгану, — веру, што цыганскай пароды, у вас усе ўмеюць скакаць, вось ход праверым.

Падняў я каня на дыбы, гікнуў, прышпорыў. Ён, як вецер, панёсся. А я тут яшчэ падганяю.

Доўга той цыган чакаў фацэтнага пана. Людзі таксама не разыходзіліся. А пана пры гальштуку і ў белых пальчатках няма і няма. Цыган дрыготкімі рукамі адчыніў «дыпламат». Глянуў — і мову адняло. Кабылін хвост. I запіска аршыннымі літарамі: «Цыган! Прышый кабыле хвост».

Кажуць, больш яго не бачылі на ўздзенскім кірмашы. Пакрыўдзіўся, небарака.