Не спяшаюся. Перастаўляю ногі памаленьку. Пагода ясная — ні хмурынкі. Спыніўся ля зенькаўскай ямы. Там хлапчукі гарадскія рыбу лавілі. Не клюе ў іх. Ат, ведама, блазнюкі! Я, канечне, давай парады даваць. Не слухаюць, падшыванцы, смяюцца: «На табе, дзед, вуду, — кажуць, — і злаві хоць печкура, тады паверым, што ты не мокрая алешына, а дуб мораны».
Эх, не люблю я, калі мой рыбацкі гонар зневажаюць. I хто? Смаркачы! Выбраў я вуду, выцягнуў з ракі ламачыну, набраў шыцікаў, папляваў на чарвяка і закінуў на шчасце… Торг паплавок — і паляцеў стралой па вадзе. Падсякаю. Ялец. А там другі, трэці. Плотка, акунь…
Я забыў, куды іду, чаго прыпыніўся на гэтай кладцы. Толькі паспяваю рыбу з кручка здымаць. Во захапіўся! Дзеці воч не зводзяць з мяне. Стараюся апраўдаць давер. Гэта няпраўда, што з гадамі кроў у жылах стыне. У мяне нібыта наадварот. Спяшаюся жыць. Хочацца і вас, унучкі, падгадаваць, і рыбу палавіць, і на паляванне схадзіць, пакуль Кашчавая самога не ўпалявала.
Агледзеўся, а ўжо сонца ўніз коціцца. Аддаў я дзецям вуды і рыбу, мяшок за плечы і — бягом.
Гадзіны дзве шыбаваў, а там сцішыў ход. Мінуў Сыманскі барок, выбраўся на поле. Праваруч насоўвалася чорная хмара. Спачатку здавалася маленькай, пасля вырасла і неўзабаве зацягнула ўсё неба. Я, вядома, прыбавіў ходу. Не дай бог, калі навальніца застане ў полі. Да ветранога закінутага млына заставалася кіламетры два. Там можна перачакаць навальніцу, а то і пераначаваць. Да таго ж жывот зводзіць, есці хочоцца. Нішто так не падганяе чалавека, як страх і голад. (Не дай бог вам такіх падганятых.)
Хмара ўсё ніжэй і ніжэй. Бліскавіца. Гром. Іду подбегам. Вось і млын. Дровы ляжаць каля невялікай самадзельнай грубкі. Гэта ўжо ратунак. Вось толькі б трут не адсырэў. Дзе там — мокры, а трэскі крэсівам не запапіш, хоць лоб размалаці. Бачу, старая куфайка вісіць. Тут ужо, каласочкі-красачкі, павесялеў я. Нашчыпаў ваты, ляснуў крэменем і агонь выбіў. Там і дровы распаліў. Заскакала полымя ў грубцы, зазіхацела, асвятляючы вялізныя жорны, паліцы, засекі.
Найперш развесіў я адзежу сушыцца, намазаўся салам, каб не прастыць. (Вучыцеся, пакуль я жывы.) А там нанізаў астаткі на ражончык і сунуў у агонь. Смажанае сала з цыбуляй, хлеб. Якія лепшыя прысмакі патрэбны старому салдату?
Штаны і кашуля мокрыя, не нацягнеш на цела, а спаць хочацца. Прытаміўся, ды і дождж цурболіць, усё роўна як сон навявае. Падышоў я да засека, глянуў туды і павесялеў — там нейкае пер'е, вата, трантаў поўна. Не замерзну. Даў нырца я ў той засек і адразу ж заснуў.
Доўга спаў ці нядоўга, прачнуўся ад гаманы і бразгацення. Прыслухаўся. На стале, каля жорнаў, штосьці звякае, і хрыплыя галасы выкрыкваюць: «Туз!.. Кароль!.. Шасцёрка!.. Гы-гы, мая ўзяла!..Тваё біта!!!»
Ясна, карцёжнікі высвятляюць адносіны. Добра, калі не разбойнікі з вялікай дарогі. Мусіць, пакуль я драмаў, яны сюды з'явіліся. Далікатныя, будзіць мяне не сталі, а можа, у цемры не заўважылі. Так ці гэтак, вырашыў я наўперад зірнуць, што за народ там. Ціхутка падняўся, глянуў праз шчыліну ўгару. Матка найсвентчая, уратуй і памілуй. Ледзь енк не сарваўся з губ. Чэрці! Такіх я не бачыў. Адзін, мабыць, галоўны: не меншы за добрага бугая. Галава, як свіная рашка, вочы савіныя, нос сіні, парэпаны — з добрую бручку, хвост метры два, капыты бычыныя, зубы жоўтыя, вострыя, рукі, быццам у гіганцкай малпы пазычыў, зарослыя шчаціннем, учэпістыя, з доўгімі кіпцюрамі. Дакранецца да цябе такая брыда хоць адным пальцам — і халэмус.
Другі з выгляду нагадваў казла — доўгая сівая барада, губы тоўстыя, вочкі маленькія, а хвост і капыты гадавалага бычка. Выгляд хоць і страшны, але не такі люты, як у першага. Напэўна, жартаўнік і махляр, бо ўсё зубы шчэрыць, па баках азіраецца. Відаць, сумленне не чыстае, усіх дурыць, вунь цэлую горку залатовак падгроб да сябе.
Трэці чорт маладзейшы. Вельмі падобны на другога, толькі меншы. Гатоў пабажыцца, што сын ці ўнук яго.
— Утрох не гульня, — зароў галоўны, — вы ў адну руку гуляеце з пляменнікам. Абжуліць мяне захацелі, ды я вас адным мезенцам укіну ў жорны і ў парашок змялю. Убачыце, дзе каза хвост носіць!
Дзіва, але сваякі не спалохаліся.
— Не сярдуй, Ваша Нізасць, — заекатаў тоненькім голасам сярэдні, — учацвярох яно, канечне, спадручней, вы маеце рацыю. А дзе ўзяць чацвёртага гульца? Намалюем? Наўкруг лес і поле. Ні людзей, ні анёлаў, ні Вашых пакорных слуг, Ваша Нізасць. Не верыце, то я гукну!
Чорт з казлінай барадой ускочыў на жорны і нема зароў:
— Ой, я-яй, ой, я-яй! Адгукніцеся!
Мне здалося, што млын закалыхаўся і паплыў, а жорны сталі круціцца. I тут мяне міжволі як нейкая сіла падштурхнула. Яшчэ рэха не сціхла, а я ўжо наперад ступіў.