Выбрать главу

— Гатоў сыграць з вамі ў карты, — кажу, — толькі цурцура — не махляваць!

Сказаў так і здрыгануўся. Толькі цяпер дайшло, што я голы, увесь у пер'і, ваце, а галоўны чорт — сам Люцыпар, яго аднаго завуць Ваша Нізасць. Вырваў бы язык сам у сябе, ды позна, слова не верабей.

— Хто такі і як сюды трапіў? — загрымеў Люцыпар, — Пакажыся. Хачу бачыць!

Давялося падняцца па прыступках наверх.

— Глядзіце, — кажу, — лівень застаў у дарозе, вось і заначаваў тут, Ваша Нізасць.

I тут чэрці ўбачылі мяне. Ім аж мову адняло. Не дзіўна: пер'е прыліпла да свінога тлушчу, вата таксама, твар у сажы.

— Хто ты такі? — спытаў нарэшце Люцыпар.

— Праваслаўны, Ваша Нізасць. Не верыце, то магу перахрысціцца, а то і пацеры пачытаць…

— Маўчаць! Тут табе не царква, а млын закінуты, котлішча наша.

— Як загадаеце, Ваша Нізасць!

— Скажы, як зваць цябе, рызыкант?

— Завіце Манюкін. Так поп ахрысціў.

— Я цябе зараз так перахрышчу, што вочы на лоб папезуць. Не ўспамінай даўгагрывых, цярпець іх не магу…

— Як загадаеце.

— Ты часам Ачмуровічу не родзіч? — спытаў другі чорт. — Надта ж падобны на яго. З маленства мяне за нос водзіць.

— Стрыечны брат мой. Жулік. Мне таксама пыл у вочы пускае.

— Бачу, ты нармалёвы дзед, — засмяяўся Люцыпар, — трапіш у пекла — не прападзеш, прыстаўлю да катла са смалой. Вось табе дзесяць залатовак. Распіскі, што прадаў душу, не трэба. Бяры напавер, я — добры. Выйграеш — вернеш доўг.

Не хочацца гуляць з чарцямі ў карты, але дзе ты дзенешся — мусіш. Не да пацераў, калі хата гарыць. Трэба ж трапіцьу такую бяду. Хто мог падумаць, што ўладар пекла каля Сыманскага барка пасяліўся? Даўно, мусіць, тут поп кадзілам махаў, раз чэрці лагаўё ўстроілі.

Эх, адзін раз Марку жэняць. Толькі не выйграць мне — карты ў калодзе нябось мечаныя. Не чакай дабра, спадар Манюкін, калі Бог ад нашых мясцін адвярнуўся і чэрці тут запраўляюць.

Селі гуляць. Я — насупраць Люцыпара, сваякі — адзін насупраць другога. Кожны паставіў у банк па дзве залатоўкі… Глянуў я ў карты, і ў грудзях пахаладзела. Хіба гэта карты? Каб горш, то і не трэба — адны малодкі. Бачу, і Яго Нізасць скрывілася. Няпруха. Тут хоць савой аб пень, хоць пнём аб саву. Каюкі.

I другі раз я прадуў, і трэці. Калі так пойдзе, то прымусяць душу ў заклад ставіць. Што прыдумаць? Люцыпар таксама прайграе. Сваякі золата грабуць. Эх, было не было.

— Даруйце, Ваша Нізасць, — кажу, — мы з вамі ніколі не выйграем. Карты мечаныя. Сваякі ашукваюць нас. Ёсць у мяне з сабою нераспячатаная калода, дазвольце ўзяць яе.

— Дазваляю! — гыркнуў Люцыпар.

Сваякі замітусіліся, кінуліся ў спрэчку. Маўляў, на пераправе коней не мяняюць. Будзем гуляць як гулялі, старой калодай.

— Глядзіце самі, Ваша Нізасць, — падпускаю туману, — я не свае грошы прайграю, а вашы. Мне не шкода.

— Нясі тваю калоду, Манюкін! — зароў Люцыпар.

Я, канечне, рад старацца. Прынес карты. Э-э, зусім па-іншаму пайшла гульня: то я залатоўкі падграбаю, то Люцыпар. Сваякі зусім галовы апусцілі. Злуюць, вядома, нервуюцца, а ў картах без вытрымкі ты нуль. Я ў Грамадзянскую вайну ўсіх ахвіцэраў абгульваў. Вытрымкі мне не пазычаць.

Пад раніцу добрую сотню залатовак выйграў, доўг аддаў Люцыпару. Думаю, гэта, дом двухпавярховы з цэглы пабудую, унукам машыны куплю. У санаторыю з бабай махнём.

На вачах пачало святлець. Чэрці нервуюцца, памылкі робяць, павышаюць стаўкі, прайграюць. А я ўсё падбіраю залатоўкі з партрэтамі цароў-амператараў. Во, пашэнціла. І раптам дзесьці далёка, пэўна ў Сыманчычах, певень азваўся. За ім другі. Чарцей як ветрам здзьмула. Былі — і няма ні Яго Нізасці, ні сваякоў. Хвокуснікі. Глядзь на стол, а там замест залатовак гарошыны казіныя. Свят, свят. Падхапіў я рэчмяшок і дай бог ногі з паганага котлішча, забыў нават адзежу забраць. Папер у пер'і і ваце. Прападзі пропадам тыя залатоўкі і тая адзежа, добра, што галавой не налажыў.

Сушня

Я так напалохаўся, што вёрст сем бег ад таго чортавага млына без аглядкі. Людзі ад мяне шарахаліся, нешта крычалі, я не адказваў. Перапуд гнаў наперад. Усё здавалася, што вось-вось чэрці дагоняць, ужо рохкаюць за спіною па-свінячы: «Аддай залатоўкі, аддай!..» Ногі прынеслі ў карчму. I адзін кубачак пярцоўкі перакуліў, і другі. Карчмар глядзіць на мяне, баіцца спытаць пра грошы. А я захмялеў, давай людзям пра чарцей і залатоўкі баяць. Слухаюць і рагочуць. Адзін нават параіў: