Белы певень
Дзеду няўрымсціцца. Раней, бывала, баба Аўдоля не дабудзіцца, цяпер жа падымаецца з пасцелі раней, чымсьці наш рабы певень у куратніку. Баба жартуе, маўляў, дзеда блохі ганяюць. На самай справе вінаваты «Опель-Мерседэс», які наш сусед-разумнік (ажно дзевяць класаў скончыў) назваў «Антылопай ГНУ». Дзед, вядома, пакрыўдзіўся на ўсякі выпадак, хоць не ведае, што такое Антылопа, а тым больш ГНУ. Ды і хто ведае, апрача вучанага суседа? Калі возіць на «Волзе» старшыню калгаса, то, мусіць, думае, што на ім свет клінам сышоўся. Нядаўна ледзь у слуп не ўрэзаўся. Яздок, называецца. Правільна яму дзед сказаў: «Табе толькі на казе ездзіць». З трэцяй перадачой наш Манюкін ужо разабраўся, цяпер чацвёртая заядае, вось і кусаюць яго гэтыя самыя блохі, пра якія бабуля казала. Але і на трох перадачах стары гойсае не горш, чым сусед на чатырох. Раней толькі да сушні даязджаў, цяпер ажно за тры кіламетры выбіраецца. Нядаўна дапяў да Зенькаўскага возера. Калі так пойдзе, то і да Узды дабярэцца. А гэта вам не фунт гароху — восем вёрст.
Шкада, але дзед нават нас з Алёнкаю да Анты… даруйце, «Мерседэса», не падпускае. Я не злую, крый божа, старыя ўсе ўласнікі. Паслухаеш, дык і певень дзедаў, і сабака яго, і нават баба Аўдоля яго… Кім тады яна нам з Алёнкай даводзіцца? Цёткай?
Мне здаецца, дзеда яшчэ можна перавыхаваць. Не такі ўжо і стары ён. Вунь у Бібліі напісана (баба чытала), што людзі сотні гадоў жылі. Толькі праз 930 гадоў памёр Адам. Па гэтых мерках дзед маладзей за мяне, Гараську.
Мы з Алёнай штодня чакаем з нецярпеннем, пакуль сонца дасягне зеніту і дзеду нарэшце надакучыць машына, захочацца пасядзець у цяньку пад грушай.
— Дзеду, хадзі сюды, нешта пакажам! — крычым з Аленкай. Дзед зачыняе капот. Назнарок моцна грукае, каб баба пачула, хай ведае, што ён не вудзіць акунёў, а шчыруе. Пасля мые рукі і нетаропка ідзе да нас пад грушу.
— Я крэмень знайшла! — хваліцца Алёнка. — У нас на полі, каля гаража. Глядзі, які сіні, а пражылкі белыя.
Дзед круціць крэмень у руках, падносіць бліжэй да вачэй, нюхае, хоць, вядома, камень не пахне. Туману Манюкін падпускае.
— Што твой, унучка, крэмень, — кажа нарэшце, — імі ўсё поле ўсеяна, а я вось пад гэтай грушай знайшоў калісьці, хе-хе-хе… угадайце што…
— Золата!
— Серабро!
— Не гадайце, усё роўна не ўгадаеце. Так і быць — раскажу. Толькі вось закуру, бо пад лапаткай смокча. Паўдня, лічы, не курыў, каля машыны поўзаў.
Мы не зводзім з дзеда вачэй. Круцімся. Не можам на месцы ўсядзець, усё роўна як тыя дзедавы блохі на нас перакінуліся. Пэўна, заразная хвароба гэтая няўрымслівасць, відаць, нам у спадчыну дасталася.
— Здарылася гэта даўнавата, — пачынае дзед, — калі яшчэ наша Уздзянка цякла па старым рэчышчы. Надумаў я, мае вы каласочкі-красачкі, пайсці на рыбалку раніцай. Накапаў звечара чарвей у бярозавую каробачку, прысыпаў іх зямлей. Праверыў вуды. Карацей, падрыхтаваўся.
Падняўся, само сабой, да ўсходу сонца, апрануўся і пашыбаваў пад Карпея. Там на рэчцы глыбокая яма, вялізныя акуні вадзіліся.
Вёска яшчэ спала. Добра не развіднела. Толькі на ўсходзе неба крыху паружавела. Адразу вершык са школьнай чытанкі ўспомніў:
Будзе табе, Манкжін, думаю, і бляск, і золата, а пакуль не развіднела — спяшайся. I я спяшаўся. Каля Хахлушчынай дзічкі-векавухі я застыў як укапаны. Біліся два пеўні. Спрэс чырвоны і белы. Гатоў пабажыцца: такіх пеўняў не сустракаў ніколі. Абодва даўганогія, цыбатыя, быццаму бусла тыя ногі пазычылі, грабяні вялізныя, вочы… чала-ве-чыя.
Чырвоны певень быў колеру полымя, пер'е пералівалася барвовымі фарбамі ўсіх адценняў. Гэтыя адценні штохвілінна мяняліся: то святлелі, станавіліся залаціста-жоўтымі, то бранзавелі, як медзь. Ягоная кручкаватая дзюба нагадвала хутчэй дзюбу каршуна. I быў ён у сваім гневе наўздзіў страшным. Вочы гарэлі нянавісцю. Не стаміўся, падскокваў высока, лупіў свайго ворага тоўстымі крыламі, каршуковай дзюбай цэліў у галаву, стараючыся дзеўбануць у вока.
Белы певень, як мне здалося, быў куды слабейшым. Я прыняў бы яго за звычайнага пеўня, каб не бусліныя ногі, блакітны грэбень і тужліва-самотныя вялікія вочы.
Пэўна, белы певень зусім абяссілеў, з грэбеня яго капала кроў. Яна сцякала па белых крылах, шыі. Скакаў ён неяк запаволена, не нападаў, а толькі абараняўся. Здавалася, белы певень выгадваў час, раз-пораз зіркаючы на ўсход, за рэчку. Можа, спадзяваўся на світанак. Развіднее — і ён уратуецца.