Выбрать главу

Чырвоны певень спяшаўся расправіцца са сваім сапернікам. Усё мацней і мацней лупіў белага крыламі, малаціў дзюбай. Скасавурыў на мяне вока — не спалохаўся, нібы чалавек для яго пустое месца.

Не спадабалася мне гэтая пагарда, ды і не люблю, калі дужы слабога крыўдзіць. Досыць, думаю, варон лічыць. Пара дзейнічаць.

Схапіў я чырвонага пеўня за доўгі хвост і шыбануў на дзічку. З яго аж пер'е пасыпалася. Думаў, правучыў-такі, адвяжацца ад белага. Дзе там! Як апантаны, кінуўся ўжо на мяне: махае крыламі, лапоча, дзяўбецца. Тут ужо сапраўдная злосць апанавала. Дзед Манюкін табе не які-небудзь Парфен Катлубовіч, каб пеўню паддацца. Адскочыў я назад і давай нахабніка хвастаць вудзільнам: «Вось табе, чарцяка, вось — зламалася ў коле вось!»

I тут, як у вершы, сонца золатам сыпанула. Мой пяюн стаў на вачах меншаць і раптам знік, нібы скрозь зямлю праваліўся. Глядзь я: белага таксама не відаць. Ну і ну, вечна траплю ў нейкую недарэчную гісторыю. Можа, і не было тых пеўняў — прыблюзнілася.

Рыбачыць расхацелася. Перахрысціўся я і назад павярнуў. Бабе ні слова не сказаў. Моду ўзяла мяне на смех падымаць. Старая пачапельня дражніцца, на «вы» называе:

— Сёння вы з паштальёнкай на вуліцы размаўлялі, яна вам часам ад стрыечнага брата Радзівіла тэлеграфму не прынесла?

— Яснавяльможны князь, — кажу абыякава, — тры дні як вылецеў з Лёндана. У папуасаў зараз гасцюе, а там астравы, з поштай кепска.

Даўся бабе ў знакі гэты Радзівіл. Хоча тэлеграму ўбачыць, што ж — некалі ўбачыць.

А час ішоў. Я ўжо забыўся на той выпадак з пеўнем. Сяджу неяк раз каля расчыненага акна, сетку вяжу. Мільгае ў руках пруток, з'яўляюцца ўсё новыя і новыя вочкі. Думы-помыслы мае далёка ад сеткі і рыбы. Вясна на дварэ, праз дзень-два бульбу саджаць, а насенне кволае. Летась неўраджай быў, картоплі-карміліцы сабралі мала, ды і тая дробная. От дзіва, вырадзіўся яе гатунак. Штогод саджалі бульбу на адным і тым жа месцы, адзін і той жа сорт. Нават яблыкі і грушы выраджаюцца, а тут бульба. Спяць у шапку вучоныя ў тых Самахвалавічах ці ў карты гуляюць.

Заплюшчыў, гэта, вочы, уявіў бульбяное поле, блакітныя, белыя, ружовыя кветкі. Цвіце бульба. Эх, каласочкі-красачкі, гэтак наша шчасце квітнее.

— Вур-вур! — чую.

Расплюшчыў вочы. На падаконніку вуркуе голуб. Прыгожы, вялікі турман чыстай вады. Белы як снег. Жыццё пражыў, а такой прыўкраснай птушкі не бачыў. Дзюбка маленькая, крылы моцныя, ножкі тоненькія — не хадзіць птушка прывыкла — лятаць.

Зіркнуў голуб на мяне і паляцеў да грушы. Сеў ля яе і давай лапкамі зямлю грэбаць, як звычайная курыца. Дзіва, дый годзе. Не разумею, чаго птушка хоча… Ды голуб зноў прыляцеў на падаконнік, бліснуў вочкамі і скіраваў пад грушу.

Мне, як вядома, розуму не пазычаць. Іншы б не здагадаўся, на што намякае птушка, я ж адразу скумекаў: не проста так голуб грабецца. Выскачыў з хаты, схапіў рыдлёўку і давай шчыраваць каля грушы. Праз паўгадзіны выкапаў вялізны чыгун. Узрадаваўся, аж сэрца ёкнула. Нябось золата ці серабро. Зняў з чыгунка накрыўку, а там… бульба. Белая. Шкарлупінне тоненькае. Памыў такую, і абіраць не трэба. Клубні не надта каб вялікія — з курынае яйцо. Прараслі. Кожны пусціў сем-восем расткоў. Сама садзіць. Рашыў не цягнуць ката за хвост. У мяне на полі, за гаражом, ёсць доследная дзяляначка. Мая, манюкінская. Доследы там праводжу. Спрабую, напрыклад, бульбу з капустай парадніць, хачу, каб у зямлі раслі клубні, а наверсе капуста. Не атрымліваецца з мяне Мічурына, але я не здаюся. Баба адраклася ад гэтай дзялянкі. Так што тры соткі зямлі, можна сказаць, мае прыватныя. Грады ў мяне на іх заўсёды ўгноены, ускапаны.

«Дай, — думаю, — гэтую самую бульбу пасаджу на доследным участку…»

Узяў я сцізорык і кожную картоплю разрэзаў на некалькі частак. Расткоў хапае, так што павінна ўзысці бульбачка.

Паўдня шчыраваў я на агародзе. Бабуля клікала абедаць — не пайшоў.

— А Манюкін стары ачумеў, — смяяліся суседкі каля студні, — яшчэ авёс не пасеялі, а ён ужо бульбу саджае. — Дажыві і ты да ста гадоў — гарох пражаны, ха-ха-ха, будзеш сеяць…

Хай смяюцца, абы не плакалі. Такі ўжо мой лёс: смяшыць людзей, каб і ў горы з іх воч не каціліся слёзы-гарошыны. А Манюкіну горш не будзе: людская радасць — яго радасць. Вось так, каласочкі-красачкі.

Пасадзіў я бульбу. Стаміўся, быццам гектар канюшыны скасіў. Лёг спаць не павячэраўшы. Прысніўся мне белы голуб, чыгун з бульбай. І ў сне гадаў, хто закапаў гэты чыгун пад грушу-дзічку, чаму турман так настойліва запрашаў мяне капаць пад грушай.