Выбрать главу

— Скажы, дзеду, — спытаў пасля, — а чаму ў цябе хлеба няма? Я чуў, што вялікія людзі любяць хлеб.

Тут я, каласочкі-красачкі, і падзяліўся з Красналюдкам сваім горам.

— Будзе ў цябе жыта, — захітаў носам лесавічок, — толькі вочы заплюшчы. Люблю я сюрпрызы і хвокусы розныя.

Затуліў я далонямі вочы. Чую, нешта шэпча мой Красналюдак. Чую, а слоў разабраць не магу: бу-бу-бу, гу-гу-гу… і тут шум, быццам вецер штосьці гайдае-калыша, Глянуў, о Божа, ні дрэў, ні паляны: густое залацістае жыта наўкол, як вокам кінуць. Колас з коласам вядзе гутарку. Сарваў я адзін — сто зярнят налічыў, і кожнае зернетка цвёрдае, важкае. Мне як вочы затуманіла. Давай я похапкам тыя каласы рваць, піхаць у кішэні, за пазуху.

— Не трэба, дзеду! — нібы з-пад зямлі пачуў я голас Красналюдка. — Ты мне памог, і я табе памагу.

Пляснуў ён у далоні, і нябачная рука мігам зжала ўсё жыта, у снапы звязала, а снапы ў мэндлікі паставіла. Яшчэ міг — і перад намі як з неба спусцілася долу падвода, запрэжаная парай сытых коней. Не паспеў я і слова сказаць, як хтосьці, наўздзіў дужы і спрытны, ускінуў мэндлікі на воз, уціснуў рублём, падсадзіў мяне ўгару, даў лейцы ў рукі.

— Шчаслівай дарогі, спадар Манюкін! — схіліў галаву мой Красналюдак.

Прыехаў. Баба на вуліцы сустракае.

— Малайчына, — кажа, — твае апенькі ўжо дома. Ніхто з суседзяў гэтулькі не нарэзаў.

У мяне вочы на лоб палезлі: я ж забыўся на тыя апенькі.

— Куды жыта везці? — пытаю.

— Дзе ты сцібрыў яго? — пытае старая. — Хутчэй назад вязі — у турму пасадзяць.

Ледзь супакоіў дурніцу. Ат, ведама, баба, усё на свой капыл мерае.

Завезлі мы жыта ў гумно. Выпраг я коней. Думаў, у лес пабягуць, а яны і не падумалі. У хлеў пайшлі. Падсыпаў ім аўса, напаіў. Трасуць грывамі, галовамі ківаюць, усе роўна як дзячаць.

Баба глядзіць на мяне, як на вар'ята, што падстаўляе галаву пад абух, і пальцам ля скроні круціць, маўляў, выжыў з розуму, чужых коней прысвоіў. Не на дабро гэта. Распытваць баіцца, я не з тых, каму бабы рогі падпілоўваюць. Няўрокам кажучы, магу і голас павысіць, а ён у Манюкіна ого-го-о — гудок перакрычу.

Тры месяцы малацілі мы тое жыта. Па старынцы — цапамі. I на хлеб хапіла, і на насенне. А саломы колькі! Цяпер ужо нам Бог бацька: не ведаем, што такое кепскі ўраджам, ат, ведама, якое семя — такое племя. А насенне ў нас цудоўнае!

Дажынкі для нас са старой — найвялікшае свята. Баба Аўдоля рашчыняе дзежку цеста, а як падыдзе яно, ставіць на кляновых лістах у добра напапеную печ. Дастае з яе кожны раз духмяныя боханы. Уплятаю лусту з сырадоем і ўспамінаю добрага лесавічка. Маленькі ён, кату па пяту, а душа ў яго шчодрая, сэрца вялікае.

Вас, каласочкі-красачкі, пэўна, коні цікавяць. Памятаеце цыганскага белага жарабца? Шалёны быў, быстраногі. У плуг яго ні просьбай, ні пугай не зацягнеш: занадта гордым і дзікім вырас. На такім толькі на вайну ехаць. Ох і гарцаваў бы пад гетманам Астрожскім. У мяне ж мірная натура: ваюю толькі з бабай у карты. Вось і прадаў я белага непакору. Цяпер ён у Менску на іпадроме прызы бярэ.

Неяк ездзіў я ў сталіцу на сход ветэранаў вайны, запрасілі як знакамітага партызана. Зазяваўся, гледзячы на дамы-гмахі, сцібрылі насоўку, у якую бабуля грошы завязала. Адзін чырвонец (о, я хітры!) застаўся, бо хаваў яго на ўсякі выпадак за пазухай.

«Заесць баба, жыўцом на неба адправіць», — думаю. I пайшоў я з той дзесяткай на іпадром, а раптам пашанцуе.

Прыгледзеўся я да коней. Усе сытыя, спраўныя, I што гэта? Мой конь-агонь сярод іх. Гэта ж трэба, каб ты не даждаў, — сустрэліся. Закрычаў я, а ён у адказ павярнуў галаву ў мой бок ды як заржаў… Пазнаў-такі былога гаспадара.

Паставіў я на цыганскага жарабца апошнія грошы. Смяяліся з мяне, крычалі: «На гарбатага ставіш, дзед!» Ды смяецца той, хто смяецца апошнім. Быццам віхор пранёсся па стадыёне мой белы жарабец. Укралі ў мяне сто рублеў, а выйграў я тысячу.

А коні Красналюдка ажно трыццаць тры гады ў мяне жылі. Рахманыя, працавітыя. Толькі вось у лес на іх я ніколі не ездзіў, баяўся — уцякуць ці лесавічок назад свой падарунак забярэ.

Царскі кужаль

Што ні народ, то свае строі. Які ж гэта мексіканец без самбрэра, паўночнаамерыканскі індзеец без макасін, туркменка без паранджы, а сусед-украінец без кашулі-вышыванкі? Гэта наш брат-беларус усё роўна як саромеецца сваіх строяў. Мне няма чаго саромецца, я — стары чалавек і нейлонаў-шмайлонаў не прызнаю. Апранаю зімой кажух авечы, восенню світку-саматканку. Ёсць на свята боты казловыя, на рыбалку хаджу ў лапцях. Кашуля і штаны ў мяне льняныя. Баба і выткала, і пашыла. На будзень — з грубай пражы, на свята — з тонкай. Нябось, каласочкі-красачкі, вы бачылі на мне вышываную кашулю? Бялей за снег яна, а які арнамент: тут ці не ўсе кветкі зямлі беларускай. Паясы да той кашулі — ого-го! Хоць і язык у бабы Аўдолі без касці, але і майстрыха яна дай божа.