Я і цяпер ніштаваты мужчына, а хлопцам быў зух. Дзяўчаты біліся з-за мяне, адна ледзь не ўтапілася, калі пацалаваў яе сяброўку. I трэба ж, упадабаў бабулю вашу. Глянуў на яе вышыванкі — воч не змог адвесці. Валошкі ў жыце. Луг квітнеючы. Нізка схілілася над вадой вярба… Быў я вольны казак, а стаў пагляд дзявочы лавіць, яе капрызам патураць. Гляджу на дзяўчыну, а бачу перад сабою яе вышыванкі. Слепіць прыгажосць, вочы адбірае.
Не пражыць беларусу без лёну. Заморскія транты не заменяць ільнянога адзення. I алей з лёну па мне дык куды смачней за аліўкавае масла. Пакрышыш у тыя ж апенькі цыбулі, заправіш іх алеем і на іншую страву не глянеш, пакуль не апарожніш міску.
Эх, казельчыкі-верабейчыкі, на бзік звялі лён. Ні калгасы, ні фермеры амаль не сеюць. Ат, ведама, лянок клопат любіць. Памятаеце песню:
Палола Ульяніца лянок, церабіла, часала, прала, палатно ткала, бяліла, кашулі шыла. Дзе ж ты цяпер знойдзеш такую Ульяніцу? Па сённяшніх Ульяніцах трын-трава не расці. Не думайце, каласочкі-красачкі, нібыта дзед Мангокін не з той нагі ўстаў, таму і завёў катрынку. Гульма гуляючы, не нажывеш дабра. Не лынды біць і язык мазоліць трэба, а на полі шчыраваць: жыта лашчыць у жмені, каб хутчэй прарасло, бульбачку даглядаць-песціць, лянок любіць, як Ульяніца. Жыта, бульбу і лянок Бог даў беларусу на радасць. Даражыць імі трэба.
Так думаў-разважаў я, пасучы кароў на Пажарніцы. Вы ведаеце яе — гэта вялікі квяцісты луг за Вэньскай дарогай. Хай не паэт я, а гатоў спяваць гімн Пажарніцы, як спявае вясной жаўрук. На гэтым лузе вочы сумежваю, каб красы самотнай не сурочыць. Бледна-залаты прамень лашчыць твар. Цішыня. I раптам далёка-далёка чую дрыготкі звон. Ён паціху расце, набліжаецца, і ўжо звіняць пераліўныя званочкі. Што гэта? Расплюшчыў вочы — карэта. Па лузе, край поля крылатыя коні імчаць шыкоўную жанчыну ў дымнай сукенцы. У руках жанчыны тонкія ніці. Сыпане іх на лазовы куст — і ўжо не ніці — срэбраную павуціну гайдае лёгкі вецярок. Павуціна на кустах, на кветках. Ці не сама гэта спадарыня-восень выехала на прагулку?
Званочкі звіняць-заліваюцца ўтомна-шчымлівым звонам. Агністыя коні лятуць, не разбіраючы дарогі. Так і да бяды нядоўга. Толькі падумаў, а кола хрусь, і карэта набок пахілілася. Кола, падскокваючы на выбоінах, тарахцела-кацілася.
Я падбег да жанчыны, падаў руку. Слава Богу — цэлая, нават не спалохалася, лагодна ўсміхаецца.
Не стэльмах я, але як бачыш тое кола паставіў на месца. Жанчына падзячыла і падала мне лазовы кошык. Не паспеў я падзячыць, як пад дугой зазвінелі званочкі, быстрыя коні панеспіся па полі.
Глянуў я ў кошык, а там клубочкі нітак. Ніткі белыя, падсіненыя, чырвоныя, жоўтыя, карычневыя. I спрэс тонкія, як павуцінне. Мусіць, з царскага кужалю пралі іх хвацкія майстрыхі. Кошык важкі, нітак шмат, вось узрадуецца баба, а то скардзілася, што ўсе ніткі выткала, зіма не за гарамі, давядзецца сіднем сядзець, а не за кроснамі шчыраваць.
Прыгнаў я вечарам кароў з пашы і хутчэй да бабы. Кошык з ніткамі падаю. Старая і так і сяк круціла тыя клубкі, а разгледзеўшы, з пацалункамі да мяне палезла.
— Восемдзесят гадоў пражылі мы разам, — кажа, — а лепшага падарунка, спадарочак, ты мне ніколі не дарыў!
Вось дык дагадзіў. Сорак восем гадоў не цалаваліся, а тут на табе, першай старая на шыю кінулася. Цуд, дый годзе!
Ужо ў лістападзе снег зямлю пасерабрыў. 1 не растаў, бо маразы прыціснулі. Я гаспадарыў па доме: паліў у печы, карміў жывёлу, а старая з ранку да вечара грукала кроснамі. Толькі ў нядзельку брала адпачынак: глядзела тэлевізар, слухала радыё або, насунуўшы на нос акуляры, малявала алоўкам на паперы нейкія ўзоры.
Праз месяц паклікала мяне:
· Ідзі, Манюкін, глянь, які кілім я выткала.
Зірнуў я, каласочкі-красачкі, на той кілім, і аж дух заняло. Дальбог, наша Пажарніца як на далоні.
— Ты прабач мяне, старога балабола, — кажу, — за лясы-балясы, але я і падноскаў тваіх не варты. Такому кіліму не ў хаце нашай месца, а ў сталічным музеі, каб больш людзей убачыла, якая ў нас зямля прыгожая, якія майстры жывуць на ёй.
Заплакала баба ад слоў такіх, абняла мяне. Так і сядзелі мы, як юныя закаханыя, воч не зводзілі з цудоўнага кіліма.