У мяне, каласочкі-красачкі, дужа цвёрды прэс і рукі не слабыя. Падышоў я да перакладзіны, папляваў на далоні, падскочыў, учапіўся за папярэчыну — і давай падцягвацца, выхады сілай рабіць, пад'ём з пераваротам. Сам ад сябе такога спрыту не чакаў. Мабыць, добра-такі падмаладзіў мяне доктар Фукс, дай яму Бог здароўя.
Саскочыў я з перакладзіны, усміхнуўся. Тут усе ў далоні запляскалі, быццам не Манюкін я, а сам Шчэрба — алімпійскі чэмпіен. Ніхто з прывідусцаў не ведаў, для чаго гэтая перакладзіна прызначана. Нехта нават дысертацыю абараніў, «даказаў», што на такіх перакладзінах зямляне карцёжных шулераў вешаюць.
Пляменнік Янусь пазайздросціў маёй славе, захацеў паўтарыць мае хвокусы. Ухапіўся рукамі за папярэчыну і павіс, як кішка, на жэрдцы. I астатнія прывідусцы абняславіліся.
Тут мне давялося невялікую лекцыю на спартыўную тэму прачытаць. Расказаць, як нашы зямныя пажарнікі ў даміно гуляюць, растлумачыць, што такое «рыба», «афіцэрскі казёл». Паказаў, як у шахматах конь ходзіць, а ў шашках дамка. Двойчы кінуў баскетбольны мяч у карзіну.
Прывідусцы вынеслі мяне з той спартзалы на руках. Усе газеты хвалілі, называлі чэмпіёнам Зямлі па ўсіх відах спорту. Адна газета ў замалёўцы «Варвар на перакладзіне» раіла Вышэйшай Радзе пазбавіць дысертацыі вучонага, які не тое напісаў пра перакладзіну, а мне прысвоіць званне ганаровага акадэміка. О-о, не ўсе журналісты дурні, гэты правільна змікіціў.
Вечарам да брата прыехаў начальнік акадэміі. Напрамілы бог прасіў выступіць перад вучонымі і студэнтамі.
— Я ўжо выступаў і ў заапарку, і ў спартзале — хопіць! — катэгарычна адмовіўся.
— Вы толькі адкажаце на пытанні, — маліў начальнік, — падпішаце аўтографы.
Я глянуў на брата. «Згаджайся!» — хітнуў ён галавой.
— Як табе ў нас падабаецца? — спытаў Праўдзін пасля таго, як начальнік акадэміі пакінуў нас. — Нябось хочаш застацца назаўсёды?
Эх, каб ведаў ён, як душа ў мяне шчымела, ірвалася на волю. Лепш год пажыць у Чурылаве з варварамі, чым дзесяць на Прывідусе з мазгавікамі. Сёння дзівяцца з белай вароны, а заўтра скубці яе пачнуць. Баба там замучылася адна з гаспадаркай ды і, чаго добрага, пакуль я тут таблеткі-гузікі глытаю, усю каўбасу ўмяла. Ой, трэба вастрыць лыжы!
Сем дурняў за дзівака
Шар нагадвае галоўку мака. Людзі — зярняты. Дык вось, на сустрэчу са мной у гэты шар набілася прывідусцаў, як зярнят у макаўку. I ўсе на адзін твар. Аж чырвана ўваччу ад чырвоных кашуль.
Пасадзілі мяне за пластмасавы стол, мікрафонаў панастаўлялі.
— Сёння ў нас свята, — загаварыў начальнік акадэміі, — праз сто гадоў вярнуўся на родную планету вось гэты сімпатычны малады чалавек. Аб яго жыцці і прыгодах на Зямлі вы ўсе, канечне, чыталі ў кнізе «Дзед Манюкін не салжэ». Там ён ваяваў з нячыстай сілай, ратаваўся ад ваўкоў, вадзіў па вёсках вучонага мядзведзя, шчасліва рыбачыў. Ды і самі мы пераканаліся, які гэта незвычайны чалавек: без боязі імчаў на кані па горадзе, а ў спартзале паказаў свой спрыт. Спадзяёмся, што і на гэты раз дзед Манюкін не зманіць, праўдзіва адкажа на пытанні.
Давайце прывітаем нашага госця з Зямлі. Тут, вядома, апладысменты, свіст.
— А цяпер спадар Манюкін адкажа на пытанні. Задавайце, калі ласка. Цішыня. Ніхто не хоча першым высунуцца наперад. Я выняў з кішэні люльку, набіў самасадам, стукнуў камень аб камень, пасыпаліся іскры, задыміўся трут. Прыкурыў, дым праз ноздры пускаю.
Усе ўсталі, у ладкі ляпаюць, быццам не закурыў я, а хвокус паказаў.
— Я думаў, прывідусцы смелыя, — выгукнуў у мікрафон, — раз у сто год да іх чалавек з іншай планеты прыляцеў, а яны баяцца спытаць у яго пра што-небудзь.
Узяло-такі за жывое. Наіўнае дзяўчо паднялося.
— Скажыце, спадар Манюкін, за што вы сваю бабулю пакахалі? Яна ж і дурнем вас называе, і вашым былям не верыць. Няўжо на ўсёй Зямлі не знайшлося іншай жанчыны для такога гжэчнага кавалера?
Вось дык пытанне. Трэба ж прыдумаць такое. Мусіць, дзяўчаці не работа, а любошчы на ўме. Лягчэй паўдня цэпам снапы лупіць, чым вымучыць адказ. Ды раз ужо упрогся ў гуж, то цягні.
— Вы ўсе аднолькава апрануты, — кажу, — усе на адзін твар. Можа, і добра гэта, вунь і вароны ўсе чорныя, ваўкі шэрыя, а лісіцы рыжыя. I ўсё ж сваю кашулю-вышыванку я не памяняю на вашы кумачовыя рубашкі. А мая баба Аўдоля вышывае лепш за ўсіх і песні спявае лепш за ўсіх. Праўда, даў ёй Бог язык доўгі, любіць пасварыцца. Тут ужо нідзе не дзенешся: хто каго любіць, той таго і чубіць.