Выбрать главу

Госці лавілі яго хмурны пагляд, нізка кланяліся і спяшаліся найхутчэй знікнуць. Яны добра ведалі, што малады княжыч Ясінскі не любіць ні п'яніц, ні пустапарожняй балбатні.

Шыкоўныя паненкі раней цугам хадзілі за адзіным спадкаемцам князя Ясінскага. А раптам удасца прываражыць княжыча! Ды толькі дарэмна маладыя шляхцянкі трацілі бацькоўскія грошы на дарагія транты, заморскія духі і румяны. Княжыч быў абыякавым да дзявочых чараў, і шляхцянкі ўрэшце адсталі ад яго.

Як толькі госці напіваліся, пачыналі крычаць, спрачацца, княжыч неўпрыкмет знікаў з бяседы. Ён спяшаўся ў сялянскую слабаду, дзе жылі і працавалі бацькавы прыгонныя.

Стрымгалоў, пратаптанаю сцежкай ляцеў ён не да дзяўчыны, а да ганчара дзеда Янкі.

Дзед ужо чакаў княжыча. Ён любіў яго, як роднага ўнука. Не адзін год вучыў выбіраць гліну на збаны, вазы, даводзіць яе да ладу: мачыць, мясіць, як месяць рукамі цеста ў дзяжы.

— З гнілога дрэва хаты не збудуеш, — казаў дзед, — а з гнілой гліны — гнілы збан!

Княжыч адбіраў гліну, круціў ганчарны круг, абпальваў у печы збаны і гаршкі. Ён навучыўся вырабляць такія цудоўныя вазы, дудкі, свісцёлкі, што дзед дзіву даваўся. Панскае дзіцё, а рукі залатыя. Спакон вякоў такога не было. Князі ваявалі, палявалі, балявалі, а не ў зямлі капаліся.

— Даведаецца яснавяльможны князь пра твой занятак, — папярэджваў дзед, — і быць бядзе. Што з мяне возьмеш? Я — стары! А табе лепей бы не хадзіць сюды. Позна ці рана высачаць гайдукі, скажуць князю.

Змрачнеў княжыч, але ад свайго не адступаўся. Дзед навучыў яго печы класці, жывёл і людзей з дрэва выразаць.

Так ці інакш, але праўду кажуць: ваду збан носіць да пары. Нехта ўдаў княжыча. Не ў нос князю Ясінскаму, што яго сын, як просты мужык, працуе. Даведаюцца паны, сораму не абярэшся. Скажуць, у Ясінскага грошай не хапае, дык сын яго гаршкі на продаж лепіць. Зняславяць. Большай ганьбы не прыдумаеш.

Прыляцеў аднойчы князь на шалёным кані да дзедавай хаты, расчыніў нагою дзверы і аж затросся ад лютай злосці. Ягоны сын распісваў шэнкелем вазу. Круціўся ганчарны круг, княжыч штосьці напяваў.

— Скруціць княжыча, звязаць, а старога халопа — на стайню, дваццаць пяць бізуноў усыпаць!

Выхапіў князь шаблю і давай малаціць ёю распісныя збаны, вазы, жалейкі і дудкі, драўляных шляхцянак з мамкамі і п'яных шляхцюкоў.

— Бацька, адумайся! — крычаў сын. — Ты пашкадуеш, ды позна будзе…

Князь не прывык думаць. Ён махаў шабляю. Толькі ўжо ў палацы пачаў астываць. Змяніў гнеў на міласць, загадаў адпусціць старога майстра, сына развязаць і рана ранічкай прывесці ў кабінет. Сам напіўся і лёг спаць.

Княжыч аж счарнеў з гора, так шкада было беднага дзеда і рукатворных жалеек і ваз. Хацеў закрычаць, а голас прапаў — мову адняло.

Заплакаў хлопец. Надта ж неспагадны да яго лёс. З маленства ласкі не ведаў: забраў Бог маці. Цяпер вось бацька карае, устроіў самасуд. Чым так жыць, ці не лепш з вежы выкінуцца?

— Не плач, княжыч, не гаруй, — пачуў ён ласкавы жаночы голас. Адняў ад воч далоні, убачыў перад сабой кветку валошку, якіх так шмат у жыце. Толькі гэтая кветка была ў залатых чаравічках, белай хусцінцы. Каптан — сінь-сінеча, спаднічка колеру неба яснага.

— Не плач, княжыч! — паўтарыла яна. — Я памагу твайму гору. Толькі не крыві душой, праўду кажы: даражэй табе багацце бацькава ці жаданне людзей цешыць…

Хацеў княжыч закрычаць, сказаць, што не трэба яму срэбра-золата, мур палаца, даражэй ад усяго на свеце радасць людзям несці: маляваць, ляпіць, выразаць. Раскрыў рот, а словы застылі на вуснах. Ён і забыў, што анямеў. Ды Валошка зразумела яго.

— З гэтай хвіліны, — усміхнулася сінь-кветка, — у твае выявы з гліны, у фігуркі-выразанкі жывая душа ўселіцца. I памятай, майстра, — людзі не толькі ў палацах жывуць!

Сказала так Валошка і растала ў паветры, толькі пахкі водар пакінула. А ў вушах княжыча гучалі словы: «Людзі не толькі ў палацах жывуць!»

Падумаў ён, пасля сабраў у скураны мяшок свае рэчы няхітрыя: нажы вострыя для разьбы, фарбы для роспісу; медальён з партрэтам маці; некалькі рублёў, заробленых сваім мазалём.

Ціха выйшаў ён з палаца, даў кругаля ў слабаду сялянскую. Там развітаўся з дзедам-майстрам і пашыбаваў куды вочы глядзяць.

Назаўтра раніцай бацька выправіў пагоню за сынам. Тры дні і тры ночы шукалі яго, але так і не знайшлі.

Начаваў княжыч, дзе цемра застане: у лесе пад вываратнем, у стозе сена, у карчомцы. Усюды, дзе б ні ішоў, да зямлі прыглядаўся, гліну прыдатную шукаў і не мог знайсці.

Ужо даўно грошы скончыліся, не было за што кавалак хлеба купіць, але княжыча гэта не палохала. Ён выразаў з дрэваў мядзведзяў, зайцоў, лісіц, плёў лапці, кашы для грыбоў і бульбы — мяняў іх у вёсках на хлеб.