Выбрать главу

Я пачаў апранацца, калі ў дзверы пастукалі. Мілая дзяўчына ў гасцінічнай форме стаяла, прытрымліваючы столік, няцяжка было здагадацца, са сняданкам. За дзяўчынай стаяў мужчына ў сінім гарнітуры, пад гальштукам. Ён быў усмешлівы і дзелавіты. Паведаміў мне, што праз гадзіну мяне чакаюць у гарсавеце. Дадаў, што таксі будзе каля гатэля. Тым часам дзяўчына накрыла стол. Мне заставалася падзякаваць іх абодвум.

У гарсавеце мяне сустрэлі на першым паверсе, мілая дзяўчына ў цеснай спадніцы, круглявыя калені з-пад якой свяціліся гарэзлівымі мячыкамі, правяла мяне на трэці паверх, просячы прабачэння за адсутнасць ліфта.

То была зала пасяджэнняў, поўная мужчын у гальштуках і жанчын з начосамі. Я разгубіўся, паколькі ніяк не чакаў гэтага. Я быў упэўнены, што мяне выклікаюць з прычыны ўчарашняга інцыдэнту, скажам так, і рыхтаваўся ўбачыцца з намеснікам кіраўніка горада ці кімсьці з яго памочнікаў, патлумачыць нечаканасць для мяне ўчарашняга і тое-сёе распытаць.

Калі дзяўчына ўвяла мяне, усе ў зале раптам усталі, павярнуліся ў наш бок і запляскалі ў ладкі. Мяне правялі і пасадзілі ў першым радзе. Праз адно пустое месца сядзеў учарашні здаравяк з рэстарана. Ён шырока ўсміхнуўся мне і, ледзь нахіліўшыся, сказаў:

– Вітаю! Выбачайце, не магу падаць рукі, дуэль жа ў нас.

Я прамаўчаў. Усміхнуўся.

За трыбуну падняўся мужчына і пачаў гаварыць:

– Паважаныя калегі, дамы і спадары! Вы ўсе ведаеце: учора вечарам у нас адбыўся выклік на дуэль. Сёння нам трэба вырашыць надзвычай важную справу. Яе сутнасць – выбар зброі для дуэлянтаў. Створана гарадская камісія па прыёме прапаноў, іх можна адправіць у наш тэлеграм-канал. Вельмі просім улічыць найважнейшую дэталь: спадары дуэлянты павінны знаходзіцца ў максімальна роўных умовах. Цяпер ідзе збор і апрацоўка інфармацыі на кожнага з іх, але ўжо папярэдне магу вам сказаць: нашы дуэлянты ў рознай фізічнай катэгорыі і форме, маюць розныя месцы нараджэння і сталення. Такім чынам, іх базавыя навыкі таксама розныя. Ёсць розніца ў выхаванні, эрудыцыі, адукацыі і атрыманым жыццёвым вопыце. Ужо ёсць першыя прапановы, паслухаем вайсковага камісара.

За трыбунай стаў чалавек у ваеннай форме.

– Ніякай іншай зброі, акрамя як пісталет, не прымальны. Праз тыдзень падрыхтоўкі двух удзельнікаў на стрэльбішчы гарантую роўнасць у двубоі. І ўсё вырашыцца так, як і павінна.

– Ужыванне пісталета зніжае сектар гледачоў на адну сёмую!

– Бар’ерная загарода за дуэлянтамі для спынення кулі не эстэтычная!

– Дуэль можа прайсці за адну хвіліну! Не відовішчна!

Запрасілі другога выступоўцу.

– Шпагі і шаблі мы адпрэчылі адразу, бо дасягнуць прымальнай аднолькавасці валодання імі немагчыма. Таму прапаную: дроцікі. Не доўгія дзіды, але дроцікі.

– Лёгка ўхіліцца! Розныя па памерах!

– Мы зноў губляем сектар для гледачоў!

– Нехта будзе бачыць адно спіну аднаго і твар другога!

Далей ішлі паляўнічыя адназарадныя стрэльбы (дроб), бензапілы і іншая тэхніка (балгаркі, паркетніцы, лобзікі). Я паспрабаваў уявіць, скалануўся. Мяркуючы па твары майго дуэлянта, яму гэтая прапанова таксама не спадабалася. Перапыніліся на хвіліну, спыталі нас з Цімафеем, ці не абралі мы самі нечага з пачутага. Мы абодва адмоўна пакруцілі галовамі. Нам падзякавалі і праводзілі на выхад. Праца пасяджэння працягнулася.

На першым паверсе мяне чакала жанчына ў цёмным дзелавым гарнітуры, без усмешкі, з тэчкай пад пахай. Яна суха папрасіла праехаць з ёй у страхавую кампанію для заключэння дагавора. Мы селі ў машыну, везлі нас нядоўга, але я ўбачыў, што гэта – паліклініка. Страхоўшчыца паведаміла, што для заключэння дагавора спачатку неабходна прайсці поўнае медыцынскае абследаванне. Дактары былі вельмі ветлівыя, медсёстры загадкава ўсміхаліся вачамі з-пад масак. Праз тры гадзіны, прайшоўшы незлічоную для мяне колькасць кабінетаў і працэдур, я быў вольны. Калектыў паліклінікі выйшаў праводзіць мяне на ганак, дзе ўжо хадзіў туды-сюды мужчына з фотаапаратам. Здымка заняла паўгадзіны…

У страхавой кампаніі мяне сустрэлі кветкамі і вялізным тортам, які адразу ж прыняліся рэзаць. Чаяванне і складанне дагавора, якое вялося паралельна, заняло каля гадзіны.

Потым мяне адвезлі ў гатэль, дзе я літаральна паваліўся на канапу. Ні пра які паход у вёску ў пошуках аўтэнтычных тэкстаў песень бабулек ужо не думалася. Але я змірыўся, цікавасць і маё рашэнне нічому не супраціўляцца перамаглі.

Спаў да шасці вечара. Прачнуўся, пабачыў, што мой касцюм пачы­шчаны і адпрасаваны разам з вымытай кашуляй. Нібы хтосьці чакаў майго абуджэння пад дзвярыма – тут жа пастукалі. Гаспадыня гатэля з усмешкай прынцэсы, якая даўно перасядзела свае гады ў замку і вось, нарэшце, атрымала прапанову выйсці замуж, перадала мне запрашэнне ад кіраўніка гарадскога ўпраўлення на прыём. Праз гадзіну. Таксі – ля ўваходу.