Выбрать главу

Гэты вечар застаўся ў маёй памяці шэрагам усмешлівых, проста шчаслівых асоб чыноўнікаў, дам у вячэрніх сукенках з вельмі адкрытымі дэкальтэ, у нацыянальных строях дзяўчат, якія разносілі напоі.

Пад канец вечара злёгку п’янаваты чыноўнік ад лішку пачуццяў абдымаў мяне і шаптаў на вуха:

– Міленькі вы мой! Збаўца наш! Я дванаццаць гадоў выбіваў грошы пад новы стадыён, праект зроблены, а не давалі! А зараз – на 15 тысяч гледачоў! Каб увесь горад мог убачыць дуэль. Штучны газон, трыбуны з абаронай ад дажджу, віп-ложа, распранальні!

– І… калі пабудуеце?

– Ужо будуем! Катлаван да вечара быў гатовы, пайшло заліванне падмурка пад трыбуны, за ноч паспеем. Толькі застыне, адразу ўсталёўваем канструкцыі пад трыбуны – іх ужо вараць. І тут жа будзем слаць. Збаўца мой! За вас! – ён выпіў шампанскае, элегантна адставіўшы локаць у бок.

Падышла мажная маці сямейства:

– Андрэй, міленькі! – яна абхапіла мяне, маючы нейкія толькі ёй вядомыя правы на такую фамільярнасць. – Я б цябе пацалавала, ды баюся, задушу ў сваіх абдымках! Я цябе выйграла! Заўтра будзь гатовы. Мой час першы, за гадзіну да апоўдня. Фотасесія. Хлопчык мой, мы з табой зробім гэты горад!

– Прабачце…

– Ах, дарую, я ўсё табе гатова дараваць. Што, мілы?

– Здымацца… для чаго?

– Зайчык, ах… Жаночая бялізна! У нас невялікая фабрыка літаральна штучных вырабаў. Мы не гонім вал. Мы робім рэчы! На жаль, пасля абеду я павінна цябе саступіць… Але я яшчэ пазмагаюся за цябе!

Да канца прыёму я даведаўся аб яшчэ адной фотасесіі – мясцовая трыкатажная фабрыка атрымала правы на лінейку маек з маімі фатаграфіямі. Заўтра я павінен буду здымацца з сапраўдным дуэльным пісталетам у руках, у батфортах і пры шпазе і яшчэ ў нечым…

У гатэль мяне правялі праз чорны ўваход – перад ім сабраўся натоўп, захапленне якога залятала ў мой люкс нават праз зачыненыя вокны ціхім ровам акіянскага шторму. Здалёк я паспеў убачыць шыльду, якая абвяшчала, што ў гэтым гатэлі пражывае… Я пражываю.

Я ўпаў у крэсла, калі ў дзверы ціхенька пастукалі, сіл устаць не было, крыкнуў, што адчынена. Увайшоў мужчына, назваўся: начальнік грамадскай паліцыі, намеснік яшчэ нейкага начальніка. Ветліва і па-мужчынску падміргваючы, пацікавіўся: ці не лічу я магчымым для маладога здаровага і сімпатычнага мужчыны правесці тры-чатыры гадзіны ў адным цікавым месцы?

Я патэлефанаваў Іне, аказалася, яна чакае мяне ў фае. Праз паўгадзіны мы апынуліся ў загараднай хаціне, дакладней, доме ў два паверхі з нечасанага бярвення, што сачылася смалой, дзе на першым паверсе размясцілася ўтульнае па-хатняму казіно. Нам з Інай трохі і пашэнціла: выйгрышу хапіла на выпіўку.

Добры быў дзень, думаў я, засынаючы, зняможаны ад доўгага, на гэты раз нечым вар’яцкага ў сваёй бязмежнасці сэксу побач з такой жа зняможанай Інай. Лёгка варушыліся ў галаве сумныя думкі аб старых бабулях у вёсцы, якія напяваюць самі сабе свае сумныя песні ў надзеі дачакацца хоць некага, хто запіша іх на дыктафон.

А палове адзінаццатай па мяне прыехалі. Я сумняваўся, ці можа мая фізіяномія быць у гэты час фотагенічнай, але запрошаныя майстры з тамтэйшага салона прыгажосці чаравалі нада мной тры чвэрці гадзіны не дарма – я сам з цяжкасцю паверыў у тое, што магу быць такім сімпатычным, брутальным і сэксі адначасова. Фотасесія, мне сказалі, прайшла ўдала.

Першы выраб з маёй адрэтушаванай мордачкай, размешчанай на той частцы трусікаў, якая прыйшлася на правую ягадзіцу, былі тут жа надзеты на адну з работніц, і яна дрыжала ад хвалявання, калі на другой ягадзіцы (на трусіках, вядома) я ставіў свой роспіс чырвоным фламастарам. Усе ззялі ад хвалюючага шчасця. Быў падпісаны кантракт, пасля – абед.

Пакуль мяне перавозілі ў іншы фотасалон, я паспеў убачыць горад.

І паглядзець на сябе. Я быў усюды на плакатах, якія заклікалі: любіць хатніх жывёл, збіраць смецце раздзельна, своечасова плаціць падаткі. Шмат­лікія расцяжкі запрашалі ўсіх на саму дуэль, якая неўзабаве адбудзецца. Мая першая знаёмая ў гэтым горадзе дзяўчына Іна ззяла на велізарным бігбордзе сваімі блакітнымі валасамі з ружовай пасмай нездарма – на вуліцы мноства дзяўчат былі пафарбаваныя ў два колеры самых розных спалучэнняў.

Нейкі радасны рух ахапіў увесь горад: паўсюль капалася, вешалася, нацягвалася, фарбавалася, усталёўвалася. Цэнтральная плошча ператварылася ў руіны: асфальт быў зняты, усё знесена: тут укладвалі новую плітку, залівалі падмурак пад фантан, манціравалі вялізную сцэну. Мне ахвотна расказалі: на плошчы пройдзе тэатралізаваны пралог дуэлі. Што гэта такое і як яно будзе выглядаць, я не пытаўся. Даведаюся.