Ён глядзеў на яе і апавядаў, як яшчэ дзіцем пераносіў па цаліку суліцы, як пераплываў побач з канём рэкі і месяцамі блукаў пушчаю. Яму хацелася, каб Франчэска ўвачавідкі ўбачыла, як стралец, злажыўшыся з лука, зразае жораву крыло, як ляціць па зямлі імклівы птушыны цень і, палохаючыся яго, маланкава зрываецца з месца зубр. Яму праглася, каб яна пачула, як разлягаецца ў прыцемку рэзкае «гох! гох!» і як, пазнаўшы саміцу, адгукаецца магутным працяжным ровам і напралом, абдзіраючы бакі, нясецца на здрадлівы голас паляўнічага-вабіка падмануты лось...
Мужчына гаварыў і бачыў, што яе вялікія вочы расплюшчваюцца яшчэ шырэй і з твару знікае ўдаваная абыякавасць. Ён чуў радасць ад улады сваіх слоў, але раптам у вачах у Франчэскі плескануўся спалох і тонкія белыя пальцы - нібы яна хацела ад нечага абараніцца - моцна сціснулі тронак вахліка.
- Хопіць, - холадна прагучаў яе голас, і мужчына з горкім непаразуменнем замаўчаў.
- Я хачу пачуць, як гучыць на вашай мове вашае імя, - без усякай сувязі з папярэднім сказала яна.
Мужчына падумаў, што для яе гэта проста прыхамаць, не болей. Кароткай пярэрвы было дастаткова, каб Франчэска з нейкай палёгкаю засмяялася.
- Ён забыў сваё імя, - узмахнуўшы вахлікам, прамовіла яна скрозь смех. - Памятае ўсіх сваіх звяроў, а імя - забыў.
Мужчына таксама ўсміхнуўся - стрымана, але ветліва - і са здзіўленнем адзначыў, што ўжо не адчувае аніякае крыўды.
- На мове майго народа мяне завуць Мікола. Мікола Гусоўскі.
Ён сказаў усю фразу не па-італьянску, і Франчэска, услухаўшыся ў нязвыклае гучанне чужых слоў, на момант утаймавала сваю весялосць. Аднак хутка яна ўжо зноў смяялася - без дай прычыны, як быццам проста дзеля таго, каб пахваліцца прыгожымі зубамі.
- Мі-ко-ла... - паўтарыла яна. - Як жа вы сталі паэтам?
- Вы ўмееце выбіраць цяжкія пытанні, донна Франчэска. Баюся, гэтае з тых, на якія адказаць наогул немагчыма.
Гусоўскага ўсё больш хвалявала думка, ці прачытала яна ліст, што два тыдні таму ён перадаў праз слугу разам з кошыкам першых аксамітна-пунсовых ружаў.
У лісце не было нічога, апрача некалькіх новых эпіграм і вершаў, якія ён перапісаў сваім буйным каліграфічным почыркам на добрай паперы з зялёным водценем. Перапісваючы, ён з нечаканай сумотаю ўспомніў задаўнены выпадак з часоў вучэння ў калегіуме. Аднаго разу ён напаткаў у нейкай інкунабуле глыбакадумнае назіранне, што ўсе каліграфы - дурні, і цэлы месяц старанна псаваў почырк, пакуль не зразумеў, што калі не спыніцца, дык адно пацвердзіць адкапаную ў інкунабуле мудрасць. Відаць, гэтая смешная драбніца згадалася невыпадкова. Паміж юначымі практыкаваннямі з почыркам і лістом да маладой рымлянкі са знанай радзіны, несумненна, была сувязь. Мінулася столькі гадоў, а ты застаўся такі самы наіўны, думаў ён над лістом. Да таго ж пачаў верыць не толькі кнігам...
Маўчанне здоўжылася, але донна Франчэска яшчэ не збіралася канчаць гэтую дзіўнаватую размову, якая нагадвала іспыт, дзе настаўнік і вучань памяняліся месцамі.
- Вялікі Петрарка, - завучаным рухам адставіўшы вахлік, прамовіла яна, - пытаўся: паэзія - грэх ці святое прызванне?
- Паэзія - радасць, - пераканана сказаў Гусоўскі. - Паэт творыць з хаосу свой свет.
- О-о! - Франчэска відавочна здзівілася. - Я ведаю вашыя вершы. Некаторыя гавораць пра іх з захапленнем, але ад аднаго прыдворнага паэта я чула, што натхненне даюць вам копіі Грацыя [15] і Марка Немезіяна [16], якія вы хаваеце ў сваім стале. Няўжо гэта праўда?
Ён успыхнуў і міжволі зрабіў крок да Франчэскі.
- Такая ж праўда, як тое, што Строццы, які распускае гэтыя нізкія чуткі, роўны боскім паэтам старажытнасці, - гнеўна сказаў Гусоўскі. - Такія, як ён, не ствараючы, умеюць пісаць, як Вергілій, ды бляск іхніх вершаў - бляск фальшывага золата.
На матавым твары Франчэскі з'явілася задаволеная ўсмешка: яна непрыхавана цешылася тым, што вывела суразмоўніка з раўнавагі.
- Дзе ж тады сапраўдная крыніца вашага натхнення?
Яна застыла ў прыгожай паставе, упэўненая, што ведае ягоны адказ.
- Дзе? - Гэтая ўпэўненасць не схавалася ад паэта. - Аднойчы я чуў, як пяюць пад звон кайданоў палонныя татары. Яны ворагі маёй краіны, але калі я пачуў, як яны плачуць па радзіме і па сваіх пустых тулах, у мяне зашчымела сэрца. Тут, у Рыме, я разумею іхнюю песню яшчэ лепей.