Выбрать главу

Апошнім часам да пошукаў нашай нацыянальнай святыні, зарэгістраваўшы яе пад нумарам 34-1130, далучыўся Інтэрпол.

Уладзімір АРЛОЎ

Каля 1186. Створана «Слова пра паход Ігаравы»

Створанае восем стагоддзяў таму «Слова» заслужана называюць перлінаю славянскай паэзіі. Гэтая натхнёная песня - палымяны пратэст супроць княскіх усобіц і заклік да яднання перад пагрозаю нашэсця ўсходніх качэўнікаў - знаходзіцца ля вытокаў беларускай, украінскай і расейскай літаратур.

Асноваю «Слова» стала апісанне рэальных падзей, звязаных з барацьбою ўсходніх славянаў з полаўцамі. Аб'яднаныя дружыны на чале з кіеўскім князем Святаславам Усеваладавічам атрымалі над ворагам бліскучую перамогу. У наступным, 1185 годзе, меў адбыцца новы супольны паход на «паганых». Аднак увесну, не чакаючы суседзяў, ноўгарад-северскі князь Ігар Святаславіч, які не ўдзельнічаў у папярэднім паходзе, наважыўся самастойна пашукаць удачы са сваёй дружынаю. Па дарозе князь убачыў сонечнае зацьменне. Гэта было дрэннай прыкметаю, шмат хто з воінаў успрыняў яго як пагрозлівае папярэджанне. Аднак маладосць, храбрасць, прага адпомсціць полаўцам за іх разбойныя напады не дазволілі князю павярнуць назад.

Адчайны намер князя Ігара завяршыўся трагедыяй. У глыбіні стэпу нешматлікае Ігарава войска трапіла ў акружэнне і, нягледзячы на гераічны супраціў, было разбітае, а сам князь трапіў у палон. Гэта падштурхнула полаўцаў да новых набегаў на славянскія землі. Кіеўскі летапісец сцвярджаў, што Ігар «отвориша ворота на землю Рускую поганым».

Невядомы аўтар «Слова» вядзе сваё апавяданне не як старанны летапісец, а як мастак. Ён парушае храналагічны парадак падзей, па-майстэрску малюе цэлую серыю яскравых эпізодаў жыцця і разам з тым разважае пра мінулае роднай зямлі, трывожыцца за яе прышласць. Паэтычны расказ пра паход князя Ігара перарастае ў роздум пра лёс роднай зямлі. У ім гучыць заклік да князёў спыніць сваркі і бясконцую дзяльбу Радзімы, каб паспяхова процістаяць варожай навале.

Яраслававы ўсе ўнукі і Ўсяслававы! Абнізце сцягі свае зрэджаныя, схавайце мячы свае вярэджаныя. Выпалі вы з дзедаўскай славы, як сокалы голыя. Бо вы сваімі крамоламі пачалі наводзіць паганых на зямлю Рускую, на Ўсяслававу нажыць.
(«Слова» цытуецца ў перакладзе Рыгора Барадуліна.)

Славуты полацкі валадар Усяслаў Чарадзей згадваецца ў творы неаднаразова. Аўтар шчыра захапляецца ім, бачыць у гэтым князі мудрага палітыка і таленавітага ваяводу, які праз усё жыццё пранёс вернасць сваёй Полацкай дзяржаве. Разам з тым князь надзелены і незвычайнымі здольнасцямі чараўніка.

Усяслаў-князь людзям чыніў суды, радзіў князям гарады, а сам уночы ваўком рыскаў, з Кіева паспяваў да пеўняў да Тмутараканя, Хорсу вялікаму шлях перацінаў. Яму ў Полацку пазвоняць ютрань рана ў званы ў святое Сафіі, а ён той звон чуе ў Кіеве.

Апавядаючы пра няшчасці роднай зямлі, аўтар «Слова» падае надзвычай трагічны малюнак бітвы на Нямізе, дзе, адстойваючы незалежнасць старажытнабеларускай дзяржавы, полацкія дружыны сустрэліся з войскам князёў Яраславічаў.

На Нямізе галовы сцелюць снапамі, харалужнымі малоцяць цапамі, жыццё кладуць на таку злюцела, веюць душу ад цела. Нямігі крывавыя берагі не збожжам былі засеяны зноў - засеяны косцьмі рускіх сыноў.

Добрае веданне аўтарам «Слова пра паход Ігаравы» мінулага Полацкага княства, заклапочанасць яго лёсам, спагада да самага славутага з Рагвалодавічаў наводзяць на думку, што геніяльны паэт меў цесныя сувязі з крывіцкай зямлёю, а магчыма, і быў народжаны ёю. Такое меркаванне неаднаразова выказвалася даследнікамі «Слова» пачынаючы з ХІХ стагоддзя. Старажытнага песняра лічылі нашым земляком Уладзіслаў Сыракомля, Максім Багдановіч, Вацлаў Ластоўскі, Уладзімір Пічэта ды іншыя беларускія літаратары і гісторыкі.

Незвычайнае падабенства ідэяў «Слова» да тых, што выказаны ў спеўным цыкле ХІІ стагоддзя пра Еўфрасінню Полацкую, дазваляе казаць пра верагоднасць знаёмства паэта з яго выдатнай сучасніцай.

«Трудная аповесць» пра князя Ігара створаная высокаадукаваным чалавекам, несумненна блізкім да найвышэйшых сфераў тагачаснага грамадства, які тым не менш застаецца носьбітам народнага, яшчэ дахрысціянскага светаўспрымання. Асабліва яскрава гэта выяўляецца ў апісаннях прыроды, што жыве з людзьмі адным жыццём, дапамагаючы ім і папярэджваючы пра небяспеку.