Выбрать главу

Калі я апусціў руку, у вачах гэтай дзяўчыны — не, нават дзіцёнка — з'явілася нешта ліхаманкавае, балючае, дзіўнае.

Яна ўсё так, як раней, моўчкі паказала мне рукою на крэсла перад камінам. Я, аднак, не сеў, пакуль не села яна. І зноў той самы дзіўны выраз у вачах. І тут я прыпомніў, як дрыжала яе рука ля маіх вуснаў, і зразумеў, што яна проста не ўмела яе падаваць, што ёй ніколі не цалавалі рукі. А папраўдзе, чаго можна было чакаць ад гэтай выклятай Богам балотнай дзіркі сярод лясоў?

…Калі тая самая ахмістрыня з падціснутымі вуснамі прынесла нам вячэру і пакінула нас адных, я спытаў, з кім я размаўляю.

— Я гаспадыня Балотных Ялін. Надзея Яноўская.

— Прабачце, можа, мне трэба было прадставіцца раней. Я, сам таго не жадаючы, падмануў вашу ахмістрыню. Я зусім не купец…

— Я ведаю, — вельмі спакойна сказала яна, — купцы не такія, а я вас ужо бачыла. Там, над дзвярыма, ёсць… высока… непрыкметныя ваўчкі, каб глядзець. Калі да нас прыязджае хтосьці, я адразу бачу, кожны раз. Толькі вельмі, вельмі рэдка прыязджаюць да нас людзі. І яны баяцца. І я таксама мала каго магу пусціць да нас. Вы не такі, як іншыя… Рэдка ў нас бываюць вартыя даверу людзі.

Мяне непрыемна ўразіла такая, мякка кажучы, адкрытасць. Што гэта? Тонкі разлік або наіўнасць? Але колькі я ні глядзеў на гэты перакрыўлены твар, я не мог заўважыць на ім нават водбліску нейкай задняй думкі.

Твар быў прастадушны, дзіцячы. Але найбольш пераканаў мяне голас. Ён быў павольны, лянівы, абыякавы і адначасова трапяткі і перарывісты, як голас начной птушкі.

— І, да таго ж, я наогул бачыла вас… раней.

— Дзе? — шчыра здзівіўся я.

— Не ведаю. Я многіх людзей бачу. Мне здаецца, што я вас бачыла ў сне… Часта… А магчыма, і не ў сне. Вам не здаралася адчуваць такое… як быццам вы жылі калісьці, даўно… і зараз адкрываеце, знаходзіце зноў многае з таго, што бачылі… даўно-даўно.

Я чалавек здаровы. І я яшчэ не ведаў тады, што такое бывае часам у знерваваных людзей, людзей з вельмі тонкім успрыманнем. У іх неяк парушаецца сувязь паміж першасным успрыманнем і наступнымі ўяўленнямі памяці. Падобнае ім здаецца тоесным, яны адкрываюць у прадметах, якія ім зусім не знаёмыя, нешта даўно вядомае. А ўсведамленне — адвечны рэаліст — супраціўляецца гэтаму. Таму і атрымліваецца, што прадмет адначасова і цалкам незнаёмы, і таемна знаёмы.

Паўтараю, я не ведаў гэтага. І ўсё ж ні на хвіліну не закралася ў мой мозг думка, што гэта жанчына можа хлусіць, такой шчырасцю і абыякавасцю веяла ад яе слоў.

— Я вас бачыла, — зноў паўтарыла яна. — Але хто вы! Я не ведаю вас.

— Мяне завуць Андрэй Беларэцкі, пані. Я вучоны-фалькларыст.

Яна зусім не здзівілася. Здзівіўся я, даведаўшыся, што гэта слова ёй знаёма.

— Што ж, вельмі цікава. А чым вы зацікаўлены? Песнямі, прымаўкамі?

— Легендамі, пані. Старымі мясцовымі легендамі.

Я перапудзіўся не на жарт. Яна раптам выпрамілася, як быццам яе катавалі электрычным токам, твар збялеў, павекі закрыліся, але я згодзен быў пабажыцца, што за імі вочы яе закаціліся.

Спуджаны, я падтрымаў яе галаву і паднёс да вуснаў шклянку з вадою, але яна ўжо апрытомнела. І тут вочы яе заіскрыліся такім абурэннем, такім невыказным дакорам, што я адчуў сябе апошнім мярзотнікам, хоць і не ведаў, дзеля якой прыгоды я павінен маўчаць пра сваю прафесію. Я адчуў толькі, што тут нешта звязана са старым правілам: «У доме павешанага не размаўляюць пра шворку».

Перарывістым голасам яна сказала:

— І вы… І вы таксама… Нашто вы мяне мучыце, нашто мяне ўсе…

— Гаспадыня, пані. Дальбог, я не думаў, я не ведаю… Глядзіце, вось пасведчанне ад акадэміі, вось ліст губернатара. Я ніколі не быў тут. Даруйце, даруйце мне, калі я вас чымсьці балюча закрануў.

— Нічога, — сказала яна. — Нічога, супакойцеся, пан Беларэцкі. Гэта так… Я проста ненавіджу гэтыя цёмныя стварэнні дзікунскага розуму. Можа, і вы калісьці зразумееце, што гэта такое, гэта цёмнае. А я зразумела даўно. Толькі перш ніж зразумець да канца — я памру.

Я ведаў, недалікатна было б распытваць далей. Я змаўчаў. І толькі пасля, калі яна відавочна супакоілася, сказаў:

— Прабачце, калі я вас уразіў, пані Яноўская. Я адразу зрабіўся вам непрыемным. Калі вы хочаце, каб я ад вас паехаў? Мне здаецца, лепей зараз.

Твар яе зноў дзіка скрывіўся.

— Ах, хіба ў тым справа! Не трэба. Вы вельмі, вельмі пакрыўдзіце мяне, калі паедзеце зараз. І да таго ж, — голас яе задрыжаў, — што, каб я папрасіла, разумееце, папрасіла вас застацца тут, у гэтым доме. Хоць бы на два-тры тыдні, да таго часу, пакуль скончацца цёмныя ночы восені.

Позірк яе пачынаў блукаць. На вуснах з'явілася жаласная ўсмешка.

— Пасля будзе снег… І сляды на ім. Вядома, вы рабіце, як хочаце. Але мне было б непрыемна, каб пра апошнюю з Яноўскіх сказалі, што яна забыла старадаўнюю гасціннасць.

Яна так сказала «апошняя з Яноўскіх», гэтая васемнаццацігадовая дзяўчынка, што мне чамусьці аж па сэрцы разанула жалем.

— Што ж, — працягвала яна, — калі цікавіцеся гэтым, брыдкім, хіба я магу супярэчыць. Іншыя збіраюць нават змей. Я павінна вам сказаць, што вы прыехалі ў запаветны край. Тут прывідаў і зданяў больш, як жывых людзей. Сяляне, якіх трасе трасца, распавядаюць дзівосныя і жахлівыя гісторыі. Яны жывуць бульбай, галодным пушным хлебам, нішчымнай аўсянкай і фантазіяй. Начаваць у іхніх хатах вам нельга, там бруд, скупчанасць і трасца. Хадзіце па навакольных хутарах, там вам за грошы, якія пойдуць на хлеб ці на гарэлку, што на імгненне сагрэе вечна халодную ад трасцы кроў, раскажуць усё. А вечарам прыходзьце сюды. Тут вас заўсёды-заўсёды будзе чакаць стол, і ложак, і агонь у каміне. Запамятайце, я гаспадыня тут, сяляне слухаюцца мяне. Згода?

У гэты час я з упэўненасцю ведаў, што ніхто гэтага дзіцёнка не слухаецца, ніхто яго не баіцца і ніхто ад яго не залежыць. Магчыма, кожнаму другому я ўсміхнуўся б проста ў вочы, але ў гэтым «прыказе» было столькі яшчэ незразумелага для мяне малення, столькі жаласнага, што я прыкрыў павекі і сказаў:

— Добра. Я падпарадкоўваюся жаданню паненкі.

Яна не заўважыла іранічнай іскры ў маіх вачах і нават паружавела на хвілінку, відаць, з той прычыны, што яе паслухалі.

…Вельмі сціплую вячэру ўзялі са стала. Мы засталіся ў крэслах перад камінам. Яноўская азірнулася на чорныя вокны, за якімі шумелі і церліся аб шыбы вялізныя дрэвы, і сказала:

— Пан Беларэцкі яшчэ не хоча спаць? Гэты дзіўны вечар так настроіў мяне, што спаць мне расхацелася.

І вось мы сядзелі поруч і глядзелі ў агонь.

— Скажыце, — раптам запытала яна, — людзі паўсюль так жывуць, як у нас?

Я са здзіўленнем глянуў на яе: няўжо яна ніколі не пакідала гэтага дома? Яна, як быццам зразумеўшы, адказала:

— Я не была нідзе, акрамя гэтай раўніны ў лясах. Бацька мой, ён быў лепшы чалавек на свеце, сам вучыў мяне, ён быў вельмі адукаваны чалавек. Я, вядома, ведаю, якія ёсць на свеце краіны, ведаю, што не паўсюль растуць нашы яліны, але скажыце, ці паўсюль чалавеку так сіра і холадна жыць на зямлі?

— Многім холадна жыць на зямлі, пані. Вінаваты ў гэтым людзі, якія прагнуць улады, непасільнай, немагчымай для чалавека. Вінаваты таксама і грошы, з-за якіх людзі хапаюць адзін аднаго за глотку. Але мне здаецца, што не паўсюль так сіратліва, як тут. Там, за лясамі, ёсць цёплыя лугі, кветкі, буслы на дрэвах. Там таксама галеча і забітасць, але там людзі неяк шукаюць паратунку ад гэтага. Людзі прыкрашаюць хаты, жанчыны смяюцца, дзеці бегаюць. А тут усяго гэтага мала.

— Я здагадвалася, — сказала яна. — Гэты свет вабіць, але я не патрэбная нідзе, акрамя Балотных Ялін. Ды і што я там буду рабіць, калі там патрэбны грошы? Скажыце, а такія рэчы, як каханне, як сяброўства, там бываюць хоць часам? Ці гэта толькі ў кнігах, якія ёсць у бібліятэцы бацькі?

Я зноў ні на хвіліну не падумаў, што гэта двухсэнсоўны жарт, хоць маё становішча было досыць няёмкім: сядзець у начным пакоі і размаўляць з малазнаёмай паненкай пра каханне, ды яшчэ па яе ініцыятыве.

— Там яно часам бывае.

— Вось і я кажу. Не можа быць, каб людзі хлусілі. Але тут нічога гэтага няма. Тут багна і змрок. Тут ваўкі… ваўкі з палаючымі вачыма. У такія ночы мне здаецца, што нідзе, нідзе на зямлі няма сонца.