Выбрать главу

Вера павольна пайшла да рачулкі. Яна адчувала, што гумовыя боцікі хлюпаюць ад вільгаці, кофтачка прыліпла да цела, i так захацелася хоць трошкі ахалонуць каля рэчкі, апаласнуць твар i стомленыя ногі.

Спуск быў круты, густа зарослы ўчэпіетымі кустамі шыпшынніку i глогу. Вера інстынктыўна ўхапілася за галінкі i ледзь не закрычала ад болю: вострыя, нібы касцяныя, калючкі ўпіліся ў далонь, пакрытую шчымлівымі пабялелымі пухірамі. Яна высмактала i сплюнула саланаватыя крывінкі, заціснула ранкі запыленым пальчыкам i пачала асцярожна прадзірацца праз колкія гуетыя зараснікі. Каля ног віравала i булькала цемная вада, пахла свежай вільгаццю i завялым смародзінавым лістом, на мокрым пяску ляжалі даўно апалыя чорныя ягадзіны. Сярод пабурэлых лістоў Вера сарвала некалькі буйных смародзін, ад густога кіслага соку аж скрывілася, скінула боцікі i запыленыя панчохі. Падкацілася ласкавая хваля i прыемным халадком абдала стомленыя ногі. Вера да костачак увайшла ў рэчку, азірнулася і, зачарпнуўшы поўныя прыгаршчы іскрыстай вады, апаласнула запыленыя гарачыя шчокі i вусны, памыла шыю глыбей выразу на кофтачцы.

Вакол аголеных ног віравала настоеная на карэнні, аеры i травах рудаватая вада. Яна ўжо не здавалася такою халоднаю, як спачатку. Хацелася скінуць з сябе ўсё запыленае i прагхацелае i хоць на хвіліну ўскочыць у імклівую плынь гэтай маленькай буркатлівай рачулкі. Казалі, што па ўсім рэчышчы б'юць крыніцы, i яна не замярзае нават у самыя вялікія маразы. А за кіламетр ад сяла цячэ шырокая паўнаводная Тара ў крутых берагах, зарозлых лесам, тальніком, кустамі глогу. Рака, відаць, яшчэ не астыла пасля гарачага лета, i можна будзе пасля работы акунуцца ў яе хвалях.

Зверху чуліся гамана i смех. Вера ўзаткнула на босыя ногі боцікі і, хапаючыся за голле, палезла па стромкім беразе.

Усе сядзелі кружком на саломе. Аксення з хрумстам кусала салёны агурок. Убачыўшы Веру, Паранька яе запрасіла да сябе.

— Дзе гэта вы згубіліся? Хутка i паужын [2] кончыцца.

Вера ўзяла свой пакуначак i села побач. Паранька працягнула ёй свежую шаньгу з тварагом.

— Пакаштуйце нашага печыва.

Вера засаромелася, але пачастунак узяла i разгарнула хустачку з полуднем. Трахімаўна паклала кавалачак адваранай бараніны, дзве недаспелыя памідорыны i кавалачак падвяленага сыру сваёй работы.

— Частуйцеся, калі ласка,— падсунула Вера разасланую на саломе хустачку.— А нажа ў вас няма?

— Не бабскі гэта струмант,— усміхнулася Паранька.— Не трэба, я ўжо назбіралася трохі.

Аляксей ляжаў на саломе, падклаўшы пад галаву рукі i зажмурыўшыся ад сонца. Пачуўшы размову жанчын, ён падняўся, падышоў да ix i падаў Веры блішчасты сцізорык з касцянымі тронкамі. Яна ўсё пакроіла на тры роўныя часткі i. падала Параньцы i Аляксею.

— Дзякуй, Вера Рыгораўна, я ўжо наабедаўся, ды i нічога не абагуліў у ваш калгас,— адказаў ён з натуральнаю ўсмешкаю на сухім, засмаленым сонцам твары.

Вера зірнула на яго ласкавым паглядам, ад якога не адвернешся i не адыдзеш.

— Не ламайся, Аляксей, бяры шаньгі. Міша i на тваю долю паклаў,— адсунулася Паранька, даючы месца паміж сабою i Вераю.

Ён сеў насупраць, узяў шаньгу i кавалачак бурага, з зелянцою, памідора. Елі моўчкі. Аляксей час ад часу паглядаў, як далікатна адкусвала Вера шэрую шаньгу, заўважыў, якія ў яе тонкія i ласкавыя рукі, а пагляд задуменны i адсутны, утароплены ў палявую далеч. «Пра што яна думае? Што ўспамінае?» — хацелася дазнацца Аляксею. Але праўду кажуць: «Чужая душа — цёмны лес», тым болей — душа прыгожай i разумнай дзяўчыны.

Пад сціртаю саломы Аксення голасна заспявала:

Не вдова и не жена, И сама не знаю: Мужика взяла война, Я по нем страдаю. Жанкі падхапілі прыпеў: Ох, страданье, ox, страданье, Ты мое страдание, Провались ты навсегда С Гитлером, Германия.

У прыпеўках гучаў сум i боль спакутаванай жаночай душы. Галасы перапляталіся суладна, гучалі надрыўна i звонка. Але над усімі верхаводзіў высокі i моцны Аксеннін голас. Яна спявала без напружання, лёгка i натуральна, з тонкім адчуваннем сэнсу i настрою кожнага слова — то ўзнімаючы яго ў самы зеніт, то пераходзячы на шэпт.

Гэтая ніколі не чутая прыпеўка ўразіла Веру не столькі мелодыяй i простымі, часам не вельмі ўдалымі словамі, колькі шчымлівым болем выканання. Песня, нібы падбітая ластаўка, то ўзлятала ў вышыню, то прыпадала да самай зямлі.

вернуться

2

Паужын — сібірскі полудзень.