Выбрать главу

Але на адным месцы скорчыўся блізка што голы, аброслы чорнымі валасамі, дробненькі чалавечак, не то цыган, не то армянін ці жыд, — і гаспадар каменя загневаўся за гэткае зняважанне сваіх правоў. Ён злосна плюнуў, без усякай жаласці схапіў навічка, незнаёмага яшчэ з тутэйшымі парадкамі, за ногі звалок яго з палацяў і кінуў на памост, як нейкі мяшок, набіты мякінаю.

Ніхто і ўвагі не звярнуў.

А пабіты чорны перацягнуўся, як ніцы сабака, і заснуў проста на падлозе, слізкай і бруднай.

Гаршчок папрасіў табакі ў таго, хто кідаў. Той злаяўся, падумаў, патрос у кішані і дастаў шчэпаць махоркі, потым з маскоўскага суконнага картуза, маслянага ўжо, як бот, выдраў кавалачак газетнай паперы і даў Гаршку.

Падзякаваў у спіну басяку, пайшоў на двор і сеў на тумбе; рупліва звярнуў цыгарку і зацягнуўся прыемна і соладка.

Палягчэла галава, не так нылі косці, і ён мог абдумаць сваё палажэнне.

Апошнія капейкі былі прапіты. У кішані анічога. На сабе чорны пінжак, там-сям пазашываны белымі ніткамі, надзеты проста на голае цела, абшарпаныя, дзіравыя штаны і стаптаныя, збітыя на нет бацінкі.

Срэбраны крыжык, на каторы неяк і ў п'янога і ўжо бязбожнага Івана не паднімалася рука, — бо то была памяць дзіцячых гадоў, бацькоўскай хаты і праўдзівага, яшчэ давучыцельскага і даманастырскага жыцця, — гэты крыжык згубіўся: ці адарваўся, ці яго хто адрэзаў у п'янога і прапіў.

Першы раз за ўсю гульбу паўстала пытанне: што рабіць?

На работу нійдзе не возьмуць басяка, дый кепскі з яго работнік.

Прасіць? — страшная мільганула думка. Красці? — бліснула яшчэ страшнейшая і горкая.

Абчысціўшыся троху і падцягнуўшы штаны, паплёўся ён па сонных, яшчэ пустых завулках на ўзбярэжную.

Там ужо мялі белыя дворнікі, махаючы аграмаднымі мётламі, беглі на рынак бабы з кошыкамі і цягнуліся на начлег самыя розныя гулякі.

Недзе далёка за заставаю ўдарыў і загудзеў звон, будзячы на душы нешта колкае і балючае. Брызнула восеннае сонца па закапцелых вярхушках фабрычных каміноў, заскакала па дахах і главах і пабегла, бліскучае, па рэйках; з-пад трамвайнага парка заліўся дробна і звонка, задрынчэў званок, і цераз раку па каменнаму мосту пабег з грукатам і гулам першы, з адным-двума работнікамі, вагон трама. Ціха калыхаліся сонныя лайбы на пляскучых водах ракі, а над імі трапыхаліся флажкі. Ізноў загудзеў далёкі звон.

Так пачыналася раніца горада.

Гаршчок асцярожна і быццам сонны злез па прыступачках даўгой лесвіцы да ракі, з нейкай дзіцячай радасцю заскрыпеў бацінкамі па берагавому жвіру, адчуваючы блізкасць да прыроды, уліваючай у людзей спакой і сілу, і спадзяванне.

Свежы ветрык абдуваў гарачы твар халадком. Гаршчок скінуў кепку, прыгоршчамі набіраў вады і, смакуючы, мыўся. Вецер уздымаў кучаравыя, даўно не чэсаныя валасы.

Павесялела яму, ёлкасць чуцця пачала знікаць.

А горад вясёла, як звычайна, прачнаваўся і ўсё гулчэй і званчэй гаманіў, гудзеў і званіў. Чырвонае сонца, усё болей залацеючы, узнімалася на празрыстым сінім небасхіле і залівала святлом шкло ў вокнах вышэйшых паверхаў, дахі, вывескі, дрот, вітрыны.

Зазванілі нейдзе яшчэ, запляскалі па бруку капытамі коні звозчыкаў, з громам і гулам цягнуліся ламавікі з даўгімі смоленымі бочкамі.

Сярод гулу Гаршчок ціха йшоў бачком, каб не біць у вочы дрэнным адзеннем, і думаў, што цяпер рабіць. Паехаць дамоў к брату і сабрацца з сіламі — не, не выпадае. «На зіму, на гатовы хлеб прыйшоў валацуга, — скажуць людзі, — чаму не прыхадзіў раней, як меў грошы? Тады пазабыўся, што і браценнік ёсць», — так скажуць яму ў вочы й за вочы. «А брат жа карыстаецца з майго паўнадзела», — упіраўся другі, свой, голас. «Аднак сам-то ты не хочаш карыстаць з яго», — скажуць горкую праўду. Прыйдзеш дамоў і пачнеш хадзіць па лесе ды па дуброве за красою, а бульбу капаць ці каноплі браць — памажы вам божа, а я не хачу…

Ніяк няможна ехаць дамоў. Дый на што білет купіці?

Аставалася адно: пайсці да архімандрыта і спытаць колька рублёў, што некалі разам у манастыры «зараблялі».

Доўга так ішоў ён, куды ішлі ногі, а ногі давялі да сцен манастыра. Чатыры гады назад ішоў ён сюды адухоўнены, поўны веры і сілы духу: ішоў, каб быць бліжэй да бога. Цяпер ён ішоў злы і бязбожны з непрыхільнасцю і дайжа пагардай да гэтых муроў.

— Эт, будзь, што будзе, — уголас прагаварыў ён сабе і сігнуў за чыгунную кратчатую калітку.

У прыдзеле адпраўлялі раннюю абедню. Зара павінен быў выходзіць з царквы архімандрыт. Як усё да апошняй драбніцы знаёма тут было Гаршку. Няможна было ўгамаваць тую больку, той разлад прыкры, што сушыў яму сэрца, тую думку, што вось страціла ўсю тут для яго святасць, усякую духоўнасць.