Выбрать главу

Яго ўжо прыкмецілі. Таўсты Паісій, з чорнай, як лапата, барадою і бліскучай чырвонай лысінай, хітра ўхмыліўся пад густыя вусы, павёўшы вокам у бок Гаршка, дзеля чагосьці засунуў рукі за чорны кушак, выняў, ізноў зірнуў з-пад кліраса на Гаршка і гудзеў басам на ўсю царкву.

Худы, як шчэпка, Нікадзім палючымі, глыбокімі вачамі часта калоў Гаршка з несхаванай злосцю.

Прапелі ўсё як мае быць. Пацягнуліся чорныя бабулькі цалаваць абразы; ксціліся і пільнавалі, калі пройдзе архімандрыт. Гаршчок убачыў яго, як ён, надаўшы паважнасці і святасці, нягледзячы на баб, ксціў іх і падстаўляў цалаваць свае рыжыя валасатыя рукі.

Гаршчок патроху адхадзіў з чарадою да дзвярэй, гдзе лаўчыўся падайсці, як народ высыплець на цвінтар.

Хлопчык-послушнік, знаёмы Гаршку, вінавата скаўзануў міма, патрос чорнымі кудзеркамі і пачаў гасіць свечы. Здаецца, ён непрыкметна кіўнуў Гаршку, як бы кажучы: «І такогая люблю цябе».

Не чакаючы і не просячы блаславення, падышоў да архімандрыта Гаршчок і загаварыў да яго, загарадзіўшы яму дарогу.

Шыя ў архімандрыта пачырванела.

Ён сцяміў, чаго той хочаць ад яго.

— Арыштант! Сацыяліст! Ідзі туды, адкуль прыйшоў, — раптам прасіпеў ён.

Гаршчок згубіў панаванне над сваёю воляю.

— Я пайду, пайду, — закіпеў і ён, махаючы рукамі ад вялікага абурэння, — я пайду, але ты, ты… (няўзнаку з'ехаў з вы на ты) — калі ты аддасі мне маіх трохсот рублёў, што я зарабіў, пеючы з табою пры адправах, то ты пойдзеш яшчэ далей за мяне!.. Памятай панагію[1]!

І для нячулага старога архімандрыта гэтыя словы былі незвычайнаю крыўдаю. О, колькі клопату і страху дадала яму гэтая ўцішку прададзеная панагія.

— Гукнуць паліцыю!! — ківірнуўся да послушнікаў архімандрыт, аж шугаў ад гнеўнасці.

— Гукай, гукай! — непрытомна галасіў Гаршчок. — Я пра панагію на ўсю Расею крыкну, няхай ведаюць, як рызнічыя перахоўваюць манастырскае старавечнае дабро. Не аддасцё мне маіх грошы, дык зраблю іначай з вамі! — неасцярожна дадаў ён якраз словы з пісьма, што пісаў архімандрыту троху раней.

Надта дзікою выглядзела такая праява ў царкве.

Послушнікі выпіхнулі Гаршка на цвінтар, дзе ўжо беглі два гарадавых.

— У паліцыю хулігана! — быццам гусак, сіпеў і гагатаў айцец архімандрыт.

Вусатыя, чырвоныя гарадавікі баяліся гэтага кандыдата на епіскапы, добра ведаючы яго вагу сярод паноў. Не спрачаліся і не распытваліся, схапілі Гаршка за рукі, дырганулі і павалаклі за чыгунныя кратчатыя варотцы на гаманлівую, бліскучую, звонкую вуліцу.

— Я сам… Я пайду… Я ж сам іду, — увесь белы ад крыўды і сораму, што ўчынілі над ім гвалт, кундыячыў Гаршчок гарадавым. Тыя маўчалі і цягнулі за рог вуліцы.

Там агоўталіся.

— Ахвота чапацца з імі, — казаў старэйшы. — Ну, ты, Баброў, ідзі на пост. Я адзін з ім саўладаю.

Баброў усміхнуўся, зірнуўшы на мізэрную фігурку шабадранага басячугі, і пайшоў.

Старэйшы, Сімановіч, знаў Гаршка яшчэ тады, калі ён быў у ласцы ў архімандрыта (раней, у тую пару — казначэя і потым — рызнічага); цяпер шкадаваў яго.

— Эх, Іване, — сказаў ён, — добра я цябе знаю: быў ты й сыты й абуты, у гонару і з грашмі, чаго табе было з імі сварыцца?

У Гаршка кожная жылка дрыжэла.

— А цяпер, Іване, пакінь ты іх і займіся чым-колечы другім, што табе падходзіць, — умаўляў гарадавы, — во да чаго дайшоў, — агледзеў ён Гаршка згары да зямлі.

— Я папрасіў у яго на дарогу. Як у чалавека прасіў, — казаў Гаршчок.

— Ну, во што, — падумаў Сімановіч, — у паліцыю мы не пойдзем і пратакол пісаць не будзем, бо дзеля гэтага і ён павінен быў явіцца. Ану, на ўсё, можа, забудзецца. Але каб мне не дасталося, калі хопяцца часам, то падушайся, што заўтра ў гэтую пару ты прыйдзеш да мяне. Спадзяюся, што не спытаюць аб табе, але на ўсякую прыгоду… сам ведаеш — служба, дзеці… Ну, раздабывай грошы, купляй білет і едзь сабе з богам у сваю вёску.

Гаршчок утупіў вочы.

— Журавы там цяпер лятуць, бабы лён сцелюць, каноплі выбіраюць, пеўня на дабіркі зарэжуць, гаманіў з летуценнем у шэрых вачох Сімановіч; ён дастаў партманет і штосьці поркаўся ў ім.

— Дык дэкляруешся?

— Ага. Дзякую вам.

— Ну, дык во, — замітусіўся гарадавы, — мая рука лёгкая, будзеш мець на дарогу, — і сунуў Гаршку беленькі паўрубель, — ідзі сабе.

Пайшоў на пост і яшчэ па дарозе крыкнуў: «Глядзі ж прыйдзі на ўсякую прыгоду!»

Астаўся быццам выніцаваны Гаршчок, варочаў у порных пальцах манету і чуў нямую прыкрасць.

вернуться

1

Абразок на грудзёх у праваслаўных архірэяў.