Выбрать главу

А па небе хадзілі хмары, ужо курыўся ля закапцелых фабрычных комінаў дробны дожджык і часам гусцеў і буйнеў.

— У дождж прыехаў: шчасце, — думаў сабе.

Калі злазіў па сходнях на перон, заўважыў і пачуў, што дужэй ступаюць ногі, што не дрыжаць так, як там, палохаючы, дзе падсаджвалі яго ў вагон санітары Чырвонага Крыжа.

Абдаўся вакзальным клумам і сумятлівасцю.

Беглі нашэльнікі, важка пхнулі вялізазны воз скрынак, вузлоў і кошыкаў. Дробненька стукалі ножкамі даўно не бачаныя гарадзянкі.

Ціхамірны і здаволены сабою, пазіраў на іх, уцяшаўся, што не чуе таго даўнейшага, што пачынаецца так салодка і прыгожа, а мае па сабе нуду і пусткі.

У буфеце праштурхаўся, сярод падарожнікаў і груду рэчаў, да стала і прасіў чорнай, крэпкай кавы.

Белы тварык з бліскучымі чорнымі вачмі і пасмачкамі заўважыў наўпроці сябе і спакойна і лёгка адхіліў вочы, збялелы, лёгкі і шчыры пасля хваробы. І пачуваў яшчэ на сабе той радасна-вясёлы, ціхі смех бліскучых дзявоцкіх вачэй. А не глядзеў і ўцяшаўся, што зрабіўся новым, другім.

На галоснай, макраватай, клумнай і сумятлівай вуліцы доўга, доўга дарма чакаў сярод сярдуючых і раздражнёных людзей, прапусціў некалькі паўнюхтанькіх вагонаў трамвая, быў, аднак, цярпліва-спакойны і з цікавасцю прыглядаўся, ці няма чаго новага цяпер, у часе волі, на гарадской вуліцы.

І нічога, заміляўся з усім, хаця ж вознік быў не па кішані, хаця ж грошы было надта мала, і яго, зведаўшага ўсю салодкасць пралетарскага быцця (калі пагневаўся з бацькам), цяпер, у шынэлі афіцэра, хаця і не лічаць, можа быць, за ворага, але не прыймаюць і за свайго брата.

III

Блізка два месяцы прайшло ў Маскве, у лазарэце, у прыкрым чаканні, калі пашлюць лячыцца на Каўказ.

Афіцэры безмальна ўсе мелі радню ў горадзе, безмальна ўсе былі болей-меней здаровыя (яго такога, як быў вольнаапрадзяляючымся, зараз пагналі на фронт), блізка што не жылі ў лазарэце, прыходзілі толькі абедаць, вячэраць і зрэдку пад ранне на начлег, калі ён, устаўшы, пазіраў у вакно на пустую вуліцу, на дворніка ў белым хвартуку з мятлою ў руках і на рэдкіх, марудна паўзучых дамоў, змораных начавых вознікаў.

І гэтая адзінота была яму даспадобы.

Толькі дужа не давалі спакою мухі, і Абдзіраловіч выходзіў у садок у будачку, абвітую дзікім вінаградам, — ці чытаў кніжку, ці проста сядзеў на сонейку. Хворае цела перашкаджала думаць, і было толькі адно троху-многа рэльефнае чуццё: бурлячая рэвалюцыя праходзе, вось, міма…

А ўжо значна ачуняў, ужо не мучыўся на жывот, не млеў, і было досіць добра. Ужо іншы раз увечары ішоў слухаць музыку ці сядзеў у сквэру, хадзіў сярод людзей — і ўсё ўцяшаўся з свае вольнасці і незалежнасці.

А час ішоў, і робілась не дужа цёпла, навет у горад убіваліся гукі і фарбы недалёчкай восені. Паменшала мух, але ж кусаліся яны вельмі балюча і ліплі, як смала.

Чарод адпраўкі не падхадзіў, і тонкая, маўляў, джгала вужакі, нуда на незлавімае мгненне датыкалася да сэрца і надта пужала.

За сталом афіцэры гаманілі аб хамстве народа; пад маскаю прылікі, але са злосцю ў душы, як быццам жартліва, спіраліся аб палітыцы з таварышам няняю, што насіла стравы на стол, ці вылічалі волю пакарнейшаму і найцішэйшаму бежанцу, таварышу санітару, каторы не разумеў, аднак, за якую волю ён знялюбіў ім.

Можна было йзноў распусціцца з нэрвамі. «Трэба барджэй, барджэй выязджаць», — думаў Абдзіраловіч, седзячы ў сквэру і гледзячы на гуляннікаў.

Нейкі работнік, у сіняй замасленай блюзе, пад выпетранай шынэлькаю без пагонаў, ішоў, хапаўся; ён пацягнуў за сабою пагляд сваім, здаецца, надта знаёмым абліччам.

— Васіль! — гукнуў зняцейку для сябе Абдзіраловіч, і работнік прыстояў, пазнаючы яго.

— Ігнат Восіпавіч?! — з нясмелаю радасцяй прамовіў ён; не ведаў, парукацца яму ці не.

— А я, а я, любы Васілёк, я самы! А як жа рад нечаканай сустрэчы з табою ў чужой Маскве! — і абшчапіў яго шчыра і проста. Пацалаваліся.

— Васілёк, як быццам мяне чаго саромішся, — казаў Абдзіраловіч, — што ты, галубец? Прысядзь, родненькі. Пагамонім. Цяпер, аджа, не тая пара — памятаеш, як цябе, ніжняга чына, не пусцілі са мною ў залю першае клясы ў Смаленску?

— Так, — ухільна адказаў Васіль, марудна трапляючы на патрэбны тон. А быў і ён здаволены.

— Ці ж ты не салдат ужо? — спытаўся Абдзіраловіч.

— Не, мяне выпісалі з часці, і я працую на фабрыцы. Жыву з маткаю.

— Што? І мамка тут! — крыкнуў той, не ведаў, як сказаць аб ёй, а казаць, як калісь, Маланка — сароміўся. — Ай, як ба добра з ёю пабачыцца. А што, здарова, тупаець, як тады?