Выбрать главу

Выйшаўшы з гатэля, Абдзіраловіч не ведаў, куды яму дзецца да вечара, пачуў нуду і пусткі ў настрою. Перайшоў на другі бок вуліцы, задумаўсь і мімаволі застанавіўся. Падняў голаў і паглядзеў на вокны другога паверха ў гатэлі, гдзе быў яе пакой. Калі нешта варухнулась ля вакна ці яму так толькі здалося, ён засароміўсь і борзда пайшоў па вуліцы пад той канец, гдзе жыў Васіль.

Васіль быў удаму. Ён толькі што прыехаў з камандзіроўкі, ляжаў на ложку ў ботах і адпачываў. Быў нейкі надта змораны, схудзеў і здаўся Абдзіраловічу жалкім, невясёлым.

Даволі маўкліва прыняў ён даўно нябачанага госця і папрасіў выбачэння, што будзе ляжаць.

— Можа, чаю хочаце? — спытаўся ён.

— А вы самі? — адказаў той.

— І я сам хачу, — сказаў Васіль і паціху, быццам стары, устаў, схадзіў да гаспадыні і троху весялейшы сеў на канапку. — Вот змучыўся ў камандзіроўцы, каб вы ведалі, — сказаў ён, гледзячы некуды міма гасцёвай галавы.

— Хлеб у сялян рэквізавалі?

— Рэквізавалі…

Яны доўга маўчалі, і кожны думаў сабе сваё.

— Раскажыце, Васіль, што-небудзь пра вёску, — папрасіў Абдзіраловіч, — як мужыкі прымаюць рэквізыцыі?

— Як прыймаюць? — скоса ўсміхнуўся Васіль. — Вот, так сабе, як і гдзе; гдзе каламі, гдзе чым…

І зноў абодва змоўклі надоўга і думалі пра вёску кожды па-свойму.

Абдзіраловіч думаў, што вёску трэба прасвяціць, што тады яго ўспамінкі аб тым, як аднойчы ўцёк з дому на сенажаць, абедаў з касцамі пад лазовым кустом і качаўся па араматнай, трошку толькі павялай скошанай траве, што тады толькі яны нічым не засмуцяцца: ні тым, як маленькі галавасцік Таўкач даваў кукішы панскім партрэцікам, ні тым, што камбеды могуць не даць патрэбных прыгавораў Міколу й Сухавею (і будзе надта, надта неўспадзеўкі нядобра…). Трэба прасвяціць.

Васіль думаў аб тым, што, калі яго ўзноў пашлюць, ён папросіць, каб з ім паслалі не толькі смелых чырвонаармейцаў, але і добрах, добрых агітатараў.

Абодва думалі і доўга не знаходзілі пэўнасці.

Вёска… Дзярэўня…

Я ж яе люблю, але дзіўною любоўю, каторая найляпей азначаецца вядомай прыказкай: нудна ўрозні, цесна разам.

З балючай чуласцю не знашу, калі цяпер лаюць і ганяць яе за прагавітасць і папікаюць цямнотаю і дурасцю. Але ў глыбакосцях душы свае, калі з бязрадаснаю абмяжованасцю плаваюць у васпамінках яе ганебныя малюнкі, сам бязлітасна ганьбую й папікаю, складаючы ўсё ў сваім схварэлым сэрцы.

Люблю і ненавіджу разам.

Заўсёгды бывае так, што й месяца не мінецца, як для клумнага места пакіну яе, знялюбелую, і ўжо хочу шмат чаго дараваць ёй, ужо мне крыўда, што аб ёй тут, у месце, так мала гавораць і так помала пішуць, як быццам яна далёка, далёка нейдзе за морам-акіянам.

Калі бачу, як цяпер мястовы пралетарыят тоўпіць у часе адпачынку кінематографы і тэатры, спяшаецца ў бібліятэкі-чытальні, халяруець на зборках і сходах, усюды голасна гамоніць аб сваіх правох і цвёрда, няўхільна абараняе свае інтарэсы, — я думкаю пералятаю ў мізэрную, глухую беларускую весь. І чуццё зайздрасці к месту, і чуццё пагарджання да яе, і боль за яе, і сорам за яе ахопліваюць мяне і гнятуць, ціснуць, давяць.

Як забойцу на месцы злачынства, нейкая нясходаная сіла цягнець мяне кождага кірмашовага дня на мястовы рынак «дзівавацца на вёску». Як выглядаець яна цяпер, пры бальшавіцкім ладзе нашага няшчаснага жыцця?

Збялелае, схудзелае дзяцьвішча мястовай галоты і худыя, вынуроныя жанкі ў зношаных мястовых уборах туляюцца там кола мужыцкіх вазоў; з просячым, забеглівым тонам і з насілу захаванай злосцю зварочуюцца яны:

— Дзядзечка! Родненькі! Ці не засталося з дарогі трошку хлебца?

— Нямашака хлебца, — няўважліва, дайжа не зірнуўшы, адказуець той, — от, каб на табачку… — быццам без усякай цікавасці дадаець, аднак, ён зараз.

І доўга, цярпліва чакаець на гразкай плошчы пад макраватым, туманным, імглівым восенным небам, ці не дзюбнець у яго на табачку.

— От, дажыліся казакі: ні хлеба, ні табакі, — разважаець ён уголас, — за грошы нічагенька не дастанеш.