Выбрать главу

— Ат, якое там здароўе, Ігнат Восіпавіч, — а злашчы пры гэткай дарагоўлі. Каб хаця страваванне лепшае.

Яны троху памаўчалі.

— Калі не пагрэбуеце… — невясёла і нясмела ўсміхаўшыся, казаў Васіль, — пойдзем, старая будзе надта ж рада. Успамінае вас штодзенна. Адрас вельмі старалася даведацца. Клапаціла, ці не забіты вы?

— А я, няўстыдны, і не пісаў ніколі сваёй мамцы. Пойдзем, пойдзем… Ай, як добра. Дай веры, Васіль, рад табе, як роднаму брату. З бацькам я блізка што нічога супольнага не маю. Ты, напэўна, ведаеш. І нікагенька ж няма ў мяне. Сустрачаўся, праўда, з рознымі людзьмі. Ат, успамінаць не хочацца. Вось ізноў адзін…

Яны ўсталі і пайшлі на трамвай. Былі абодва радыя. У непарадку казалі адзін аднаму аб сваіх падзеях апошніх гадоў. І прапаршчык не пазнаваў даўнейшага Васіля, неклапатлівага, вясёла-няўважнага пастуха, потым работніка ў прудзе (млыну). У яго на вачох быў сур'ёзны, удумлівы, крыхачку хмарны работнік, каторы найлепі разважаў аб значэнні падзей і быў гарачы паклоннік недалёчкай сацыяльнай рэвалюцыі. Той, афіцэр, навет некалькі разоў зчырванеў за сваё няведанне і збочнае сугляданне крывавага змагання.

Ехалі амаль не цэлую газіну ў незнаёмы край горада. Яшчэ доўга ішлі па нячыстых вуліцах, загароджаных вялізарнымі, непрыгожымі дамамі, сярод фабрычных комінаў і каля высачэннага плота.

— Мне добра: блізка да фабрыкі, — хваліўся Васіль.

Збочылі ў вузенькі завулак, узышлі на аграмадны панадворак з некалькімі павароткамі, са смуродам ад дзёгцю і вапны з-пад абы-як збітых дашчаных патрэбных каморак і ўрэшце апынуліся каля нізенькага ўвойсця ў падвал.

Васіль пастукаў.

— Наш палац, — сказаў ён.

— Хто там? Ты, Васілька? — пачуўся Абдзіраловічу знаёмы, знаёмы голас нянькі.

— Я, мама, я… з госцем. Адчыні.

Аббітыя калматаю рагожаю дзверы скрыгнулі, і тады на парозе паказалася яна, без пары вельмі старая, з абгаркам свечачкі ў руцэ.

— Зробце ласку! — пусціў Васіль гасця наперад.

— Нічога, нічога, смеленька, панок, — з пытаннем у вачох запрашала і яна, устаўляла абгарак у адбітае дно бутэлечкі з папераю.

— Не прызнаешся, мамка? — працягнуў Абдзіраловіч рукі.

— А хто ж вы, панок? — І трошку памаўчала і паўзіралася. — А!! — раптам неяк пісклява айкнула яна і кінулася да яго. — Панічочак наш! Ігналік! Ах, Ігналік… — і схапіла за рукаў.

Слёзы папаўзлі ў яе па зморшчынах; яна згубілася ў парадку.

— Здароў табе, мамка, — паспеў ён прытуліць яе з прыкрай, аднак, трывогай, каб яна цмокнула ў руку, як гэта было зазвычаена ў іх у дварэ, і пацалаваўся з ёю.

— Ах, панічок! Ігналік… Даруйце ўжо мне, буду гукаць Ігналікам, як маленькага. Воля цяпер, — сарамліва дадала яна і зусім згубілася ў парадку, не ведала, як прыняць, куды пасадзіць яго.

— А як жа, а як жа. Можаш, мамка, навет за вуха падраць і сказаць: «А-а, ты, нягоднік Ігналік, не пісаў». Але дай веры, мамка, жыццё так выпадала. І адрасу не ведаў.

Васіль маўкліва барабаніў трубою самавара і з чорным ад вугалля кошыкам у руцэ шмыкнуў некуды за дзверы.

— А я во гарую тутака. На крылліку, здаецца, вылецела б. Адылі ўсё мадзею з Васільком. Яна агледзелася.

— Ай, божухна, як жа гэта я? На самавар дык і забылася. Не паставіла, думала, Васіль у камітэтах сваіх заначуе. Бальшавік жа ён у мяне, ай, бальшавік. І бог святы ведае, да чаго яно дойдзець, усё гэта… Пэўне, да Карпавіча па вугалле пайшоў. Той таксама за бальшавікоў цягнець, яшчэ злей. Збівае з розуму і нашага мальца; заўсёды гамоняць а гомоняць ды шашакаюцца.

Пакой быў досіць вялікі, але гнёў сваймі гмурымі сцюдзёнымі сценамі і нізка навіслаю, аблупленаю каменнаю столлю. За паркалёваю фіранкаю стаяў адзін ложак, ля печы — другі. На стале ў сіняй паперцы ляжаў селядзец. На паліцы, каля высокага, за кратаю, вакна ляжала некалькі нумароў газеты, брашур і тоўстая кніжка ў добрай вокладцы. Нахіліўшы галаву, Абдзіраловіч прачытаў цісненне: «Капітал».

«Няўжо Васіль чытае Маркса?» — падумаў ён пра сябе.

Тым часам прыйшоў і ён з вугаллем. Старая забегала з селядцом і ўсё пыталася.

— Авохці, божачка наш, бацюхна, — казала яна, — каторы год свет увесь круціцца. Воля прыйшла, а ўсё канца няма. Карпавіч наш яшчэ злейшы цяперацька. Толькі й ведае хлопца баламуціць. Ай, каб не дарагоўля — памякчэў ба народ.

Калі елі селядца і пілі гарбату з брушнічным экстрактам, у дзверы нехта пастукаўся.

— Васілёк! А, Васілёк, — пачуўся грубы, але прыемны мужчынскі голас, — адчыні, браток, іду на гасця вашага падзівіцца.

— А каб яго качкі… знайшоў калі час, — нездаволена шапарнула старая. — Завядзець цяпер сваю дуду.