Выбрать главу

— Я быў, — казаў ён, — ну што там: стаіць пачэсная варта, і больш нічога. Ахмет плачаць, жаліцца, што века труны ніяк не прыстаець, бо нага сагнутая стаіць высака.

Калі яны прыйшлі на Васілёву кватэру і селі піць гарбату, у гаспадынінай палавіне ўзняўся дзяціны скогат.

— Чэкго ж ты хцэш? Чэкго? — крычэла на дзіцёнка радня гаспадыні, бежанька-полька. — Не кшыч, бо вшыстко рувно ніц не мам ці даць, ну! Мільч!

Васіль пачырванеў, схапіў акраец хлеба, адкроіў скібку і пабег. Абдзіраловіч чуў, як ён за дзвярамі сустрэўся з гаспадыняй, і яна быццам пярэчыла, быццам паддавала ахвоты:

— Што пан робіць? Ці ж так можна? Заўжды ўвесь паёк аддасцё Юзіку… Далібог, нам так сорамна, што не ведаем навет, як і дзякаваць пану.

Абдзіраловіч чуў, як яна зашлёпала пантофлямі, а Васіль пабег к дзіцёнку.

З вуліцы даляцела музыка, бубен цяжка вухаў. Працэсія ўжо кранулася ад кватэры нябожчыка. Абдзіраловіч адчыніў вакно і пачуў засмучона-паважныя і прыгожыя гукі хаўтурнага марша. Чорны мурашнік людзей з чырвонымі штандарамі, з грознымі напісамі рынуў па вуліцы. Далёка там плыла адчыненая труна з нябожчыкам — на плячох у работнікаў, а следам гутаўся катафалк. Гукі марша ўсё дужэлі і бальней хапалі за душу засмучона-паважным, наканованым.

1919