Выбрать главу

Усё гэта прыгадваючы, рыхтаваўся цяпер Янук кароваў дадому гнаць. Жаль з прычыны таго сьвiнства, што зрабiў пан Лазоўскi, душыў грудзi. Як на тое лiха, спасьцярог хлапец дзьве фiгуры хлапчукоў, што выйшлi зь лесу й, перасёкшы гасьцiнец, кiравалiся проста на яго. Быў гэта ня хто iншы, як доктаравы Ўладзiк са Стасем. Нацянькi празь лес з Гацяў беглi - наўмысьля, мусiць, каб перад iм пахвалiцца, як гулялi на фэсьце.

Хлопцы былi тупымi ў навуцы. Стась у вясковай чацьвёртай клясе ўжо другi год сядзеў. Як нi намагаўся бацька, ня мог няздольнага сына разам iзь Януком у гацкую школу паслаць.

I навошта-ж iх сюды якое лiха гонiць? Што цяпер скажа iм Янук, як гэта ў вочы зiрне, калi кпiць, падтруньваць зь яго пачнуць? Набягалi сьлёзы. Стрымаўшы iх у пару, завэдзганым сiнiм кужэльным рукавом выцер нос i сачыў хлапцоў, што ўжо былi зусiм блiзка.

- Ну, што ты дома робiш, Янук? - яшчэ здалёк нахаду адазваўся Стась. Затрымалiся. У Стася, як заўсёды, пад носам вiсела маленькая бурбалка. Невядома, цi мыў ён сяньня абсыпаны рабацiньнем твар. Шэрыя й няхiтрыя вочы глядзелi Януку проста ў твар. Апрануты быў у новыя крамныя чорныя нагавiцы й новую кашулю-матроску. Пасьпеў абнавiць ужо й брызэнтавыя чаравiкi. Янук прысягнуў-бы, што пад сiнiмi шкарпэткамi на нагах "пiялi пiтухi". Цэлае-ж лета, як i ўся вясковая дзятва, бегаў басанож, а каравыя ногi рэдка сябравалi з мылам цi вадою. Уладзiк быў апрануты ў зялёныя галiфэ-порткi, боты зь блiскучымi хромавымi халяўкамi, шэры пiнжак i белую кашулю iз гальштукам.

Стась быў Януковым аднагодкам, а Ўладзiк на два гады старэйшым. Жылi пасуседзку. Кароваў у чужых ня мелi патрэбы пасьвiць. Бацька - мясцовы фэльчар-самавук (казалi, што ў войску таго рамёства наламаўся) меў ладны кавалак сваёй зямлi, ды й ад людзей, што нiколi ў хаце ня зводзiлiся, добра падзарабляў. На полi хапала наймiтаў, у хаце быў дастатак. Дзецi лекаравы ня ведалi, як шмуляе-колiць цела кастраватая зрэбная бялiзна. Крамнага ўволю было. Каму-ж, калi ня iм, па фэстах валачыцца, ды зь бяднейшых пакеплiваць? Любiлi бацькавы грошы ў ход пускаць.

- Нi глядзi ты на доктаравых, - цi раз раiў Януку бацька, - яны нi твайго носа-палоса. У iх вуньдзiка высахнiць цi вымакнiць, дык i бяды вялiкай: людзi дабра панавозяць.

- Што табе! Можа, я хачу дома быць! - задзёрыста адказаў Стасю Янук, сiлком змагаючы крыўду, што напiрала ў грудзёх.

- Каб ты гэдак жыў, як праўду кажаш! - не ўступаў Стась.

Асаблiва ня мог цярпець Янук Стасевай брыдкай грымасы, што паказвала кпiны.

Уладзiк трымаўся збоку. Ён, як казалi, ужо пад дзяцюкi падбiраўся. Доказам такога падбiраньня былi хаця-б тыя самыя зiхатлiвыя хромавыя боцiкi, што нядаўна справiў бацька. Уладзiк прабаваў танцаваць, пiць гарэлку, а часам нават ласаваўся, хаця ўпотайку ад някурачага бацькi, крамнымi папяросамi. Цi раз бачылi iншыя, як каторую старэйшую дзеўку ўжо за грудзi сьмела ўшчыпнуў мусiць, гэтым даводзячы сваю сьпеласьць. Ростам вялiкi быў не па сваiх гадох. Тое, што некалi ў школе ў кожнай клясе па два гады сядзеў i што бацька часта, як казалi, салам "падмазваў", каб сын як-небудзь элемэнтарнай пiсьменнасьцi навучыўся, - зусiм не перашкаджала Ўладзiкаваму росту ў дзяцюкi. Ганарыстым стаў i задзёрыстым. На гэтых двох сынох i сухой, як нядошлы бабовы струк, жонцы Марылi, канчалася лекарава сям'я.

- Як фэст быў? - буркнуў Янук.

- Каб ты толькi вiдзiў! Ядры т-тваю палку, народу дык народу! - забубнiў у нос Стась, рад пахвалiцца. - Такога кiрмашу я ў сваiм жыцьцi ня вiдзiў!

- Дзiва вялiкае, такоя-ж жыцьцё во, сто гадоў пражыў! - кпiў пастух.

- Ну няхай сабе, алi пагулялi на ўсю йванаўскую! - гугнявiў цалкам незьбянтэжаны Стась. - Елi й пiлi што хацелi, аж пуп трашчэў. Хочаш во? Выбiрай.

Стась выцягнуў зь кiшэняў дзьве жменi цукеркаў. Былi там малыя круглыя ў паперках i падўжныя, i даўгiя махрыстыя. Прынадна ўпрыгожылi яны рознымi колерамi Стасевы нязграбныя далонi. Зазьзялi ад прагнасьцi Януковы вочы. Цукеркай мог ласавацца раз цi два на год, ня болей. Нясьмела, быццам баючыся, каб Стась не паклаў iх назад у кiшэнi, выцягнуў руку i ўзяў найменшую з чырвоным ракам на празрыстай абгортцы.

- Бяры яшчэ адзiн, - спанукаў Стась.

Янук разгубiўся. Лекараў сын паглыбляў ягоную крыўду. Сам меўся быць сяньня панам, за свае грошы раскашэлiцца й перад iншымi хвалiцца, а сталася, што гэты смаркач дэманстраваў цяпер, якi ён ласкавы й добры. Выбраў ён найдаўжэйшую махрыстую цукерку й сунуў у Янукову руку.

- Дык што, нi пусьцiў цябе? - пытаўся яшчэ раз пастуха.

- Нi пусьцiў - пшэк пракляты! - iз крыўдай прызнаўся Янук.

- I грошы нi даў?

- I грошы нi даў.

- Каб яму скула ў бок за гэта! - прыабяцаў Стась.

- Каб яму дзьве, дый у такое мейсца, што сесьцi ня мог! - паправiў Янук.

Памаўчалi. Уладзiк выцягнуў зь кiшэнi папяросу й запалiў.

- А сягоньнiка на вечарыну прыйдзiш? - пытаў Стась.

- А будзiць?

- Пэўна-ж што будзiць.

- У каго?

- Мусiць, цi ня ў Тодара Кмiтавага. Дык што?

- Можа й прыйду.

Надта-ж хацелася Януку на вечарыну. Ведаў, якiя гучныя й забаўныя бываюць купальскiя йгрышчы, ды й дома тыднi iз тры, мусiць, ня быў, хоць дахаты, нават абыходзячы вакол Гараватку, было недалёка. Але што на гэта скажа Лазоўскi?

- Ты яго ня бойся, халеры гэдакай, - як-бы вычытаўшы на йлбе пастуховы думкi, ды абцiраючы тую бурбалку пад носам, сказаў Стась. - Ноч твая, пагуляць можаш.

- Падумаю - можа й прыйду.

Стасевы словы падбадзёрылi яго.

- Глядзi-ж, пастарайся.

- А хто йграць будзiць?

- Сьцяпанаў Тадэўка, хто-ж...

- Добра, пагляджу там.

Хлопцы пайшлi. Янук глядзеў, як накiравалiся праз шырокае пасма лугу, перабралiся праз канаву, мецячы проста на Гараватку.

- Тапсiк! - клiкнуў пастух сабаку. Той паставiў вушы, пiльна гледзячы малому гаспадару ў вочы, стараючыся наперад згадаць, што ён хоча. - Ганi iх дамоў! Там! - паказаў пальцам на статак Янук.

Тапсiк паволi забег каровам з другога боку й памалу пачаў цiснуць iх на папар у кiрунку двара Лазоўскага, што стаяў у самым цэнтры хутару.

Пан Лазоўскi, русавалосы мужчына гадоў пад пяцьдзесят, прытулiўся да паркану на вялiкiм дзядзiнцы, пагладжваючы свой бэбах ды паглядаючы на сваю багатую калёнiю. Вока ягонае любавалася абшарам i ўраджаем. Збажына вунь парасла сёлета, як на лес гледзячы, канюшына тоўстым дываном заслала вялiзную нiву, гароднiна, садовiна - усё, дзякуй Матцы Боскай Чэнстахоўскай, у гэтым годзе спорыла. Лазоўскаму нiколi й у галаву не прыйшло, што ён найбольш сакавiтыя сокi, як ненажэрны паразiт, з добрых працавiтых людзей тутэйшых смактаў. То-ж яны, як наймiты, за безцан апрацоўвалi ягоную вялiзную гаспадарку.