Яшчэ няма шасцi гадзiн. Толькi што званiлi з радыё. Ледзьве адпрасiўся, каб не пiсаць сёння, а няхай ужо хоць заўтра пра заняцце нашымi Баранавiчаў. Жаночы голас быў упарты i непадатлiвы. Значыцца, Баранавiчы, вiдаць, ужо забраны. Раз перадача для загранiцы, то трэба напiсаць аб беларускай нацыянальнай трагедыi, рэшткi старых нямецкiх акопаў, былой польскай гранiцы.
Учора заходзiў Гутараў[4] пытацца, што iм рабiць: яны пiшуць нейкi дослед аб Я. Купалу, а «Клiч да беларускага народа»[5] i выступленне на першым беларускiм радыёмiтынгу з Казанi зiмой 1941 г. пiсаў Купалу я. Баўдзей[6] так проста i ставiць справу, а iншыя не ведаюць, што зрабiць: мне цi Купалу аддаць гэтыя тэксты. Мне i самому ўсё гэта нядобра, але тады не напiсаць гэтага я не мог.
Вострае ўзбуджэнне з прычыны вызвалення Менску ападае. Я ўжо спакайней працую. За ўчора i сёння давёў да канца другi раздзел «Скiп'ёўскага лесу». Мучуся ад паняверкi, што батальныя сцэны мае не што iншае, як глупства. Хоць бы хутчэй ужо дапасцi да таго, калi можна будзе на ўсе бокi паказваць душу Канстанцiна Прыбыткоўскага. Думаў многа пра тое, што трэба вырысоўваць разнастайныя тыпы нашага народа. Буду кiравацца сам сваiмi думкамi, якiя сфармулiраваў у сваiх артыкулах-перадавых у № 1 часопiсу «Беларусь» «Дзень добры, Беларуская зямля» i № 3 «За шчасце народа». Учора ўвечары быў нешта ў трывозе i неспакоi.
Зранку ездзiў з Цiмахом у Iзмайлаўскi парк. Тры гадзiны мы адседзелi на пнёх. Я расказваў што-нiшто з гiсторыi мястэчка Цiмкавiч i характар i паходжанне цiмкаўцоў i iх прозвiшчаў. З сямi да дзевяцi падвечар пiсаў «Скiп'ёўскi лес». Думаю аб драме. Чытаў Л. Ляонава ў «Правде» «Взятие Великошумска», i паняверка мая, што «Скiп'ёўскi лес» пiшацца вельмi дрэнна, зменшылася.
Думаю аб той горкай праўдзе, што нiколi не меў магчымасцi пiсаць тое, што самае важнае беларускай лiтаратуры i дзе б я сапраўды павярнуў бы горы. А то ўсё пiшу на ўсялякiя прамежныя тэмкi, пасля якiх думаў, што пазатыкаю горлы дурням i брахуном i тады ўжо вазьмуся за тое вялiкае, што хачу i магу напiсаць. Дай божа па-сапраўднаму ачуняць. Пасля вайны буду пiсаць як хачу i магу.
Сёння рана пайшоў у рэдакцыю. Там пiсаў, пакуль нiкога не было. Цяпер каля шасцi гадзiн па паўднi. Сумна, пайсцi няма да каго, нашы бадай што ўсе ўжо то ў Гомелi, то ў Менску. Адзiная мая ўцеха ў працы, яна мяне ратавала заўсёды. Калi ўжо заеду ў Менск, тады не будзе смутку. А сёння яшчэ да вечара многа пiсаць трэба.
Колькi чаго парабiлася за месяц! Ужо i ў Менск незадоўга. Можа, ужо будзе свой сталы прытулак, i, можа, мне суджана яшчэ пабачыць мiлыя Цiмкавiчы. А што, калi i хата мая асталася i стаiць? Гэта будзе вялiкае шчасце. Там жа, у цiхiм жыццi можна будзе ачуняць як мае быць i напiсаць усе задуманыя раманы.
Прыязджала з Менска Хайноўская.[7] Яна асталася такая ж мiлая, разумная i практычная ў самым найлепшым сэнсе. Усё ўмее i можа зрабiць i ўсё ацанiць праўдзiва. Яна казала: «Адна з вашых сёстраў увосень сорак першага году прыязджала ў Менск шукаць вас». Анюта[8] гэта цi Маша?[9] Мiлая Маша, у годы майго студэнцтва яна была мне як мацi. У часы ўсiх маiх няшчасцяў гэта была шчырая сястра. Яна i Рэня[10] — самыя мне блiзкiя. Калi жыва яна цяпер i здарова! Ужо больш як месяц нiяк не магу напасцi на яе след. Апошнiя днi вельмi трывожыўся аб гэтым. Зiмою дзевяцьсот дваццаць шостага года многа пiсаў пра яе ў дзённiку.[11]
Я сам не свой увесь гэты час. У Маскве страшна аставацца далей жыць. Гэты вялiкi горад не дасць мне як мае быць ачуняць. I жыць не ў Беларусi больш не магу. А дзе жыць у Менску? I як там жыць на попелiшчы? Што там есцi? Пайшоў сёння рана ў рэдакцыю. Думаў, пакуль яшчэ там нiкога не было, пiсаць непатрэбную працу: перадавы артыкул у «Беларусь» № 5. Артыкул ужо напiсаны, але цэнзар вымагае, каб там было як найбольш шаблону. Ратуй мяне божа ад гэтай работы больш. Аднак жа ў рэдакцыi нiчога не рабiў, бо адразу найшло людзей, i падняўся гармiдар, i ўсе мае дуды вобземлю.
4
5
6
7
11