Пятнiца. Ужо якраз тыдзень, як у Менску. Яшчэ жыву на падлозе ў доме, дзе Саюз пiсьменнiкаў. Няма дзе адаспацца i адляжацца. Усе днi балiць галава, хiлiць на сон i зрок пагоршаў. Але здаецца, гэта ўжо апошнi мой злы этап. Як-небудзь агораю кватэру i буду дбаць аб здароўi i пiсаць. За гэтыя днi бачыўся з Р. Шырмам.[27] Ад яго пачуў тое, што ўжо чуў ад П. Пестрака[28] i М. Танка. Каталiцкае духавенства, дзе якое было раней i якое дзе цяпер з'явiлася, стала агентурай пана Сасноўскага, паланiзуюць сваiх парафiян i тлумачаць, што няма нiякай Беларусi, а ёсць Польшча. Усё iдзе ад вiленскага бiскупа Ялжбыкоўскага.[29] Аб гэтым дакладна ведае i тужыць беларускi патрыёт менскi ксёндз Шутовiч.[30] Я цвёрда намерыўся пiсаць старшыню Саўнаркома дакладную запiску, набраўшы фактаў. («Нацыянальныя польскiя» сельсаветы ў Чарнагубаве i Каралiшчавiч[ах].) Пальшчызна стараецца пакiнуць польскага духу тут на наступныя пакаленнi.
Аўторак. У нядзелю ўвечары Пестрак расказваў Лужанiну, як яго мучылi ў польскай турме. Алаўкi памiж пальцаў, пампавалi ваду праз нос, бiлi гумавым кiем, замыкалi рукi ў кайданы. Я слухаў. Пестрак умее цiкава расказваць. У яжоўскай турме ў Менску ўвосень 1938 г.[31] мяне саджалi на кол, бiлi вялiкiм жалезным ключом па галаве i палiвалi збiтае месца халоднай вадой, паднiмалi i кiдалi на рэйку, бiлi паленам па голым жываце, устаўлялi ў вушы папяровыя трубы i раўлi ў iх на ўсё горла, уганялi ў камеру з пацукамi, але рук у кайданы не замыкалi.
Сёння ўночы пацукi не далi спаць. Я ўпоцемку думаў аб Антанiне Лукашэўскай i двох яе сынох. Усё гэта можа пад маiм пяром ажыць i жыць доўгiм, поўным жыццём. I да мяне прыйшла шчырая радасць. Перад свiтаннем я заснуў без трывогi i суму. Калi ўжо будзе тая кватэра i цiхi кут, каб пiсаць! Просiцца з пяра артыкул у «Звязду» аб лiтаратуры.
Серада. Хмурна. Дождж. Пiсаў «Скiп'ёўскi лес». Трэба далей так, кожны дзень.
Нiчога не пiсаў. Няма дзе падзецца i прыткнуцца з пяром. Чалавек з паўсотнi за дзень перавярнулася. Мала ўсяго, дык прыехала яшчэ i ўлезла ў мой кут, дзе я жыву на голай падлозе, нейкая Найдус з хлапчуком, якi адразу пачаў рваць мяне за камызэльку. Гэтая жыдоўка лiчыць сябе польскай пiсьменнiцай i прыехала жыць у Менску. У Беларусi асталося сем пiсьменнiкаў беларускiх, а сябраў саюза пiсьменнiкаў у Беларусi звыш сотнi. Лупсякоў[32] ужо дванаццаць год пiша, вучыўся ў унiвэрсiтэце i яшчэ ўсё не ведае граматыкi. Каб усе яны пакiнулi пiсаць сваю халтуру, а сталi будаўнiкамi, краўцамi, кавал[ям]i, земляробамi або падвучылiся i сталi настаўнiкамi, яны маглi б даць карысць рэспублiцы. Беларускай iнтэлiгенцыi бадай што ўжо няма, а гэтыя носяць яе iмя i сцiраюць з нашага жыцця беларускi характар.
Гэтая Найдус напусцiла на ўсе два паверхi дому пiсьменнiка такога смроду, што Максiма Лужанiна цягне ванiтаваць. Найдусяня мочыцца ў порткi, i яго мацi, якая прыехала ў Менск узбагачаць польскую культуру на Лагойскай расейскай мове, нават i не парупiцца памыць сваё абасцанае стварэнне. Дагэтуль я нiколi яе не бачыў i не чуў, што яна ёсць на свеце. З першага спаткання яна пачала мне мiласцiва ўсмiхацца, звысоку i ведаючы сваё вялiкае дастоiнства. З усiмi яна адразу запанiбрата, усiх навучае i ўсюды ўсаджвае свой нос. Пестрака яна называе сваiм таварышам, «з iм я была ў Заходняй Беларусi ў падполлi». Яна высокая, як жэрдка, у акулярах i без сцёгнаў. У сiняй спаднiцы да кален, i на панчохах рагi нейкага бруду. Спаднiца ледзь закрывае каленi i фалдаю ўцiснулася ў зад. Але затое яна адзета «па-эўрапейску» — голыя каленi i вузенькая спаднiчка. Гэтая саранча бесперапынна загаджвае ўсё вялiкае i добрае. Яна ж не хоча быць на сваiм месцы: прадаваць у кааперацыi або — чорт яе ведае, якую ёй даць льга было б работу, чыстую работу яна загадзiць i на горшую лянуецца. Гэтая плойма ацiраецца каля iнтэлiгенцыi i ўсё з прэтэнзiямi. Яна аблiзвае языком словы: лiтаратура, навука, сацыялiзм, камунiзм, паэзiя, драма, чалавецтва, Беларусь, народ, чалавечае шчасце, будучыня, патрыятызм, нацыя… Цяперашнiм часам iх лексiкон узбагацiўся словамi: «усиленный паёк, улучшенное питание, американские подарки через Красный Крест…» Гэта Дастаеўскага Лямшын за раялем. Прыжывальшчыкi i хлебаеды. Так Бэнда[33] лез у беларускую крытыку, Клiмковiч[34] у беларускую лiтаратуру, Александровiч[35] у культуру i грамадскую дзейнасць (сабе на кар'еру), Дадзiёмава ў мастацтва i цэнзуру i Модаль[36] усюды, куды толькi льга лезцi.
27
28
29
31
32
34
35
36