Выбрать главу

Людзі такія непадобныя між сабою: тое, што камфортна аднаму – раздражняе другога.

Хемінгуэй, каб пісаць, ішоў з друкаркаю ў бар і там пад віскі з содавай выстукваў чарговы аповед.

Гофман абклеіў чорнаю паперай увесь пакой, заткнуў усе дзіркі, каб пісаць у поўнай цішыні.

Адзінота – каму лёгкія крылы, а каму цяжкія кайданы, каму агідная зьмяя, а каму ласкавая котка. І наадварот: каму ласкавая зьмяя, цяжкія крылы...

Можна пачуваць сябе адзінокім пасярод пчалінага гулу і мітусьні вялізнага рынку, а можна не заўважаць адзіноты ў пустым доме на востраве за тысячу кіламетраў ад бліжэйшага жытла.

Самая страшная адзінота ў вясковай жанчыны, у якой рана памёр муж.

Мужчыну цяжка быць адзінокім нават у самай глухой вёсачцы, калі ня хворы, ён і там ня згубіцца, знойдзецца, яго абавязкова камусьці параяць.

Абсалютна адзінокіх людзей няма. У Рабінзона быў папугай, пакуль не зьявіўся Пятніца.

Увогуле – ніколі ня бойцеся адзіноты: яна недасягальная.

Імкненьне да адзіноты ёсьць імкненьнем да пачуцьця адзіноты. І толькі.

Тэрмін “адзінота” – самы абстрактны з усіх канкрэтных і самы канкрэтны з усіх абстрактных.

У адзіноты няма твару, але заўсёды ёсьць гаспадар, які носіць яе ў сабе і ня ведае, што ён раб. Забярыце ў яго адзіноту і што застанецца ад яго?

“Усё сваё жыцьцё мы не набываем сяброў, а толькі страчваем іх”. Мы ня цэнім іх, пакуль яны побач, і пачынаем разумець, што яны значылі для нас, толькі калі яны далёка, альбо іх ужо няма.

Па сваёй натуры чалавек – істота статкавая. Маўглі губляюць сваю чалавецкасьць за некалькі гадоў і так ніколі потым яе і не набываюць.

Шчасьце і адзінота – несумяшчальныя. Адзінокі можа быць шчасьлівым толькі калі ня ведае, што недзе ёсьць іншыя людзі.

Хрыстос у пустэльні ня быў адзінокім.

Адам у раі да зьяўленьня Евы ня быў адзінокім. Што ёсьць адзінота, Ён зразумеў не тады, калі Яна зьявілася, а калі Яна на хвілю зьнікла з вачэй.

Адзінота і ёсьць пекла на зямлі.

Адзінота – шырокая рака, што паўстае раптам на тваім шляху і не абыйсьці яе, не пераплыць. Застаецца толькі чакаць Харона, які перавязе цябе на другі бераг.

Якім жа адзінокім будзе апошні чалавек на планеце Зямля!

3a.

Дзяўчына чытала нейкі раман. Нібыта ўважліва. Стаха ж па-ранейшаму, нат краем вока, не заўважала. Мо і ня бачыла зусім? Не, як хутка ён, аказваецца, забыўся – падышоўшы да яго, яна спынілася і спытала: “Тут сямнаццатае месца?” Прыгожым танклявым і разам крыху грудным (мо яшчэ не астылым ад нядаўняе жарсьці разьвітаньня) голасам спытала і сьлізганула па ім кароткім і вопытным (так-так, вопытным – Стах гэта адразу адчуў) поглядам. Імгненна ацаніла, ня ўтойваючы сваёй цікаўнасьці, ён нават уціснуўся глыбей у крэсла пад гэтым рэнтгенаўскім позіркам, дачакалася маўклівага кіўка галавой, і паставіла сумку каля крэсла. Стах злавіў сябе на тым, што ўвесь гэты час, як зачараваны, як заяц, загіпнатызаваны рухамі зьмяі, ня можа адвесьці вачэй ад дзяўчыны, а яна, заклапочаная хіба тым, што пад вакном стаіць яе каханы, спакойна села і падняла разьвітальна маленькую далоньку...

Стах адкінуў сьпінку крэсла, разьняволіўся, бы сабраўся спаць. Але і ня бачачы дзяўчыну, адчуваў яе блізкасьць. Ён хутка стаміўся паўляжаць гэтак. Яму было нязручна, бо ўсё цела напятае, бо ўсім левым бокам ён лавіў прысутнасьць дзяўчыны. Яму стала горача. Ён адарваў сьпіну ад крэсла, сеў, стамлёна паклаўшы рукі на калені, потым вырашыў зьняць пінжак. Зьняў і адчуў, што ў аўтобусе прахалодна, нават холадна. Стала лягчэй. Бакавым зрокам згледзеў, што і дзяўчына неўпрыкмет, цішком назірае за ім. Быццам чытае, аднак... Стах яшчэ раз прыкінуў, як спакусьліва-далёка аголеныя яе ногі: спаднічка, калі дзяўчына села, зрабілася яшчэ карацейшай. Кароткая спадніца – мода. Ды і лета на двары – сярэдзіна чэрвеня. Дзяўчына, пэўна, была старэйшая за яго. Гады на два. Ня болей. І прыгожая... Стах пераканаўся ў гэтым яшчэ раз. Русявыя валасы да плячэй, вялікія вочы, крыху выцягнуты твар, сьвежая-сьвежая скура – нібы ня вечар на вуліцы, ня ноч. Маленькае вушка – дзіцячае проста. Бачыў Стах яе ў профіль і яму неймаверна моцна захацелася пацалаваць яе ў крыху прыўзьняты, бы ва ўсьмешцы Моны Лізы, куточак пульхных вуснаў. Пульхных – разагрэтых нядаўнімі пацалункамі – вуснаў.

Стах зноў заплюшчыў вочы, каб пастарацца забыць пра дзяўчыну. Апошнія тыдні ў яго былі надзвычай трывожнымі: яму трэба было здаць усе іспыты на “выдатна”, каб атрымаць павышаную стыпендыю, бо бацькі асабліва не маглі дапамагаць яму вучыцца. Здаў, на апошнім, які быў сёнь­-ня, парваўшы троху нерваў. “Гісторыя КПСС” давалася яму з цяжкасьцю. А тут яшчэ тэма: “Роля асобы ў гісторыі”. Ніякая яна, гэтая роля, калі меркаваць па марксісцка-ленінску: усё вырашаюць масы. Ён не пага­джаўся з тым. А Аляксандр Македонскі, а Напалеон, а сам Ленін, урэшце... Масы ж – быдла, статак, хай сабе і такі абучаны, як войска ці дысцып­лінаваны, як партыя... Аднак мусіў адказваць так, як патрабаваў падручнік. Выкладчык заўважыў слабінку, раскусіў яго і крыху пазьдзекаваўся “наваднымі” пытаньнямі. Але “пяцёрку” паставіў. Стах вылецеў з аўдыторыі і адразу кінуўся на вакзал па квіток. У Менску заставацца не хацелася больш ні дня. Квіткі былі толькі на гэты – начны рэйс.