Выбрать главу

Так, яго заўсёды, усё сьвядомае жыцьцё, цягнула да жанчын. Сьвядомае?.. На сенакосе жанчыны ў абед купаліся голыя (вось жа, запомнілася – першы эратычны “фільм”) у рачулцы, яго, малога, не саромею­чыся. І ўжо тады ён разумеў нейкім сваім разуменьнем, што ёсьць прыгажосьць, і вылучыў сярод аголеных баб і дзяўчын самую вабную. І гэта была не ягоная мама... Тая цётка і сапраўды была самай прыгожай у вёсцы – ён ацаніў гэта, калі падрос, але яна так і засталася адзінокай...

Потым, згадваецца, стаіўшыся з суседскай Нінкай за хлявом, яны па­казвалі адно аднаму, чым адрозьніваюцца. Чаму гэта запомнілася? Хутчэй таму, што кепска яны схаваліся: бачыў іх здалёку Сёмка-Гец, які доўга з яго зьдзекваўся-кпіў, крычаў усьлед “жаніх і нявеста”, а ён саромеўся, чырванеў...

4б.

...Нічога ня здарылася. Гром ня грымнуў, маланка ня бліснула. Цемра не расступілася. І не асьляпіла...

Але якая асалода пранізала ўсё Стахава цела... Чаканая, аднак неспадзеўна магутная.

Стах забыўся, дзе ён. Трэба было ўжо, як злодзею, адсоўваць нагу, а ён не здалеў прымусіць сябе зрабіць гэта. Д-р-э-в-ы нясуцца ўздоўж д-а-р-о-г-і – убачыў Стах затуманена-абвостраным зрокам – с-л-у-п-ы мільгаюць, часта, бы ш-т-ы-к-е-ц-і-н-ы, успыхваюць і патухаюць да-рожныя з-н-а-к-і... Але – трэба вяртацца ў салон: хітрасьць ня можа працягвацца в-е-ч-н-а.

І ён адарваўся ад цяпла дзяўчыны.

Яна, здаецца, нічога не адчула. Сьпіць? Няўжо сьпіць? Ага, сьпіць... І тады Стах таксама “заснуў”. І ў “сьне” лёгенька зноў прытуліў сваю нагу да нагі дзяўчыны: калена да калена, потым лытка да лыткі... Яна не варухнулася. Стах сядзеў з заплюшчанымі вачыма і лавіў кайф, на яго. Яму хацелася, каб гэты стан доўжыўся і доўжыўся. Бясконца. Яму карцела большага: прытуліцца да гэтай мілай дзячыны ўсім целам, ці хоць бы бокам... Не, абняць яе, прыгарнуць да грудзей… Грудзі да грудзей… Ды гэта было немагчыма. І ўсё ж плошча судакрананьня, паддаючыся пакалыхваньню аўтобуса, усё большала і большала.

Яны “спалі”. Стах балдзеў. Ён жыў цяпер толькі гэтым. Праз дотык ён адчуваў усю дзяўчыну, ён ужо “абсьледаваў” яе. Пабываў заплю­шчанымі вачыма ўсюды, дзе хацеў. І гатовы быў паклясьціся, што яна ня сьпіць. Бо і яе сэрца білася там, у назе, і ўсё часьцей, часьцей, часьцей… А, можа, яна сьпіць – засумняваўся Стах. Няўжо сьпіць? Няўжо яна не адчувае “кантакту”? Няўжо ёй не прыемна? Няўжо ёй да “ліхтара”? Ці ёй таксама хочацца гэтага?

Стах паспрабаваў (як жа яму не хацелася таго!) крыху адхіліць сваю нагу (дзеля эксьперыменту, вядома, у такт аўтобусу), і яму падалося, дзявочая нага хітнулася ўсьлед... Ён вярнуў нагу назад і атрымаў яшчэ большую порцыю асалоды, бо, здаецца, адчуў “кантакт”. Зноў адтуліў нагу (эксьперыментатар, пта маць!), і цяпер ужо праз паўрасплюшчаныя павекі ўбачыў, як дзявочая нага нібы за магнітам пахіснулася за ягонай... “Ня сьпіць”, – вырашыў ён.

Колькі часу яны сядзелі гэтак – ловячы асалоду ад блізкасьці адзін аднаго, і целы іх патроху-паціху, як яму думалася, зусім незаўважна, прыцягваліся... І хто да каго падсоўваўся? Стах мог пабажыцца, што і яна таксама... Ці гэта ён выдумваў сабе апраўданьне, разумеючы, што займаецца ня дужа прыстойнай справай. Але спыніцца ня мог. Ноч... Да­рога... Аўтобус гайдаецца, спакушае... І адна адзінота туліцца да другой, каб хоць адною адзінотай у сьвеце стала менш.

Калі экспрэс пад’ехаў да першага свайго прыпынку – падкаціўся пад павець і сьцішыўся, калі заварушыліся пасажыры, калі пайшла гамана па салоне: “Дзе гэта мы?”, “Што за станцыя?”, “Бабруйск?”, “Асіповічы?”, “Колькі будзем стаяць?” – “прачнуліся” і Стах з дзяўчынаю. Першаю яна: ён адчуў, як холад атуляе, агортвае мейсца, дзе яшчэ нядаўна было ейнае цяпло. І тады “прачнуўся” ён. Зірнуў на дзяўчыну. І ўбачыў тое, што хацеў: яму падалося, што яна аднымі ва­чыма “ўсьміхнулася” яму, нібы “падзякавала”, нібы “адобрыла”. А што? А чаму б і не?..

“Вы выходзіце? – спытаў Стах, і выдаў сябе, сваё хваляваньне, бо язык непаслухмяна заплёўся на гэтым “вы-вы”, — не?.. Тады дазвольце...” Дзяўчына моўчкі ўстала, прапусьціла яго. Стах сьлізгануў вачыма па яе чыстым ілбе, па густых валасах, чуйным носам злавіў пах – тонкі пах парфумы і жаночага цела… і выйшаў у начную прахалоду. Мужчыны і жанчыны разбрыліся па платформе, палілі, прагульваліся. Сонныя, нечым незадаволеныя, бурклівыя. І Стах пасьміхнуўся, гле­дзячы на іх.